Top.Mail.Ru
83

Ад абароны сям'і будучыня залежыць краіны. У гэтым перакананыя і дзяржаўныя, і рэлігійныя дзеячы

Круглы стол «Дзяржава і рэлігійныя арганізацыі. Сумесная дзейнасць па абароне традыцыйных каштоўнасцяў і падтрымцы інстытута сям’і», які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы, быў ініцыяваны Палатай прадстаўнікоў і стаў працягам распачатага летась у Жыровічах дыялогу па актуальных пытаннях развіцця беларускага грамадства.

Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Бузін адзначыў важнасць падобнага абмеркавання: «Упершыню на парламенцкай пляцоўцы сабраліся прадстаўнікі ўсіх вядучых канфесій Беларусі, што дэманструе свету наша адзінства і здольнасць вырашаць самыя складаныя задачы». Адна з такіх задач, пастаўленых на бліжэйшую пяцігодку, — дэмаграфічная бяспека — вырашыць якую без удзелу рэлігійных арганізацый немагчыма. Менавіта яны на працягу ўсяго існавання нашага народа выступалі за захаванне традыцыйных каштоўнасцяў. Парламентарый падкрэслў, што ў Беларусі створана прававое поле, у якім рэлігійныя арганізацыі могуць дзейнічаць і развівацца, а грамадзянам гарантуюцца іх канстытуцыйныя правы на свабоду гонару і веравызнання. 

У той жа час Мікалай Бузін звярнуў увагу, што на падтрымку мацярынства і дзяцінства, шматдзетных сем’яў накіравана сацыяльная палітыка дзяржавы. Прымаецца шэраг мер, якія садзейнічаюць падтрымцы сям’і, — ад фінансавай дапамогі да змен працоўных умоў і інфармацыйнай палітыкі.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак заўважыў, што сёння рэлігійныя арганізацыі з’яўляюцца не толькі захавальнікамі традыцыйных каштоўнасцяў, але і актыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні сацыяльных, адукацыйных і культурных праблем. «Беларусь спакон вякоў была шматканфесійнай краінай. І незалежна ад веравызнання нашых продкаў сям’я для беларусаў заўсёды была на першым месцы».

Удзельнікі круглага стала не толькі расказалі пра тыя праграмы, якія садзейнічаюць захаванню і ўмацаванню традыцыйных каштоўнасцяў, але і ўзнялі праблемы, якія «падкідвае» наш час.

Так, Вікарый Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, старшыня Сінаідальнай камісіі па каардынацыі дзейнасці духоўных навучальных устаноў Беларускай Праваслаўнай Царквы, Епіскап Нясвіжскі Аўксенцій заўважыў, што ні ў адной рэлігіі няма дазволу на тыя адносіны да сям’і і шлюбу, якія сёння нам спрабуюць навязаць з-за мяжы. І калі мы чуем пра аднаполыя шлюбы, чайлдфры, важна гаварыць не толькі пра тое, як гэта ўсё адбываецца на Захадзе, але і вывучаць станоўчы вопыт краін, у якіх ёсць на гэта забароны на заканадаўчым узроўні. Магчыма, нам варта прыгледзецца да іх прыкладу.

Пытанні падрыхтоўкі ўласных духоўных кадраў узняў старшыня мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Абу-Бекір Шабановіч. Запатрабаванасць у іх сёння адчуваецца асабліва востра яшчэ і таму, што ў Беларусь стала больш прыязджаць працоўных мігрантаў, у тым ліку з усходніх краін, замежнай моладзі, якая тут атрымлівае адукацыю. Невядома, з якімі ўстаноўкамі, поглядамі на жыццё яны прыязджаюць. Беларуская мусульманская абшчына гатовая працаваць з гэтымі людзьмі, расказваць пра нашы традыцыйныя каштоўнасці. Гэта важна ў тым ліку і для стварэння іміджу краіны, бо пачутым і пабачаным тут госці пасля вяртання будуць дзяліцца ў сваіх краінах.

Дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец звярнуў увагу, што захаванне і адраджэнне вёскі — адна з асноў дэмаграфічнай бяспекі. Апытанні маладых людзей 18–30 гадоў паказалі, што сярод вясковай моладзі працэнт рэспандэнтаў, якія станоўча адказваюць на пытанне аб жаданні завесці трох і больш дзяцей, значна вышэйшы, чым у гараджан.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Наталля Дзяргач упэўнена, што любая папулярызацыя, звязаная з парушэннем традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, у нашай краіне недапушчальная. Дэпутат звярнула ўвагу на новыя выклікі. «Сёння моднай стала ранняя змена партнёраў, сужыцельства. З’явіўся такі тэрмін, як адкладзенае мацярынства. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб — 28 гадоў, нараджэння дзіцяці — 29-30». Таму сёння важна больш увагі удзяляць рабоце з моладдзю, расказваць пра перавагі больш ранніх шлюбу і мацярынства. Трэба ўлічваць, што моладзь аддае перавагу атрыманню інфармацыі з інтэрнэт-крыніц. І таму становіцца актуальнай змена электроннага кантэнту, асвятленне сямейных каштоўнасцяў, у тым ліку з прыцягненнем рэлігійных канфесій, урачоў, псіхолагаў. Важна ствараць такое асяроддзе, дзе нараджэнне дзяцей будзе шчасцем, бацькі будуць адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні, а дзеці — ганарыцца сваёй Радзімай.

Алена Дзядзюля

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю