Новы рабочы тыдзень у Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся з кадравых прызначэнняў. На стале ў кіраўніка дзяржавы — вялікі спіс новых кіраўнікоў мясцовых органаў улады.
Кадравыя перамены закранулі амаль усе рэгіёны. Віктар Рафаловіч узгоднены на пасаду намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама, ён будзе курыраваць сацыяльную сферу. Андрэй Болтрык — новы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, адказны за эканоміку. На пасаду старшыні Ганцавіцкага райвыканкама ўзгоднены Павел Валчок, Валянцін Ундруль — на пасаду старшыні Буда-Кашалёўскага райвыканкама. Аляксандр Атрашэнка цяпер кіруе Рагачоўскім раёнам, Дзмітрый Шпігановіч — Хойніцкім, Сяргей Гайкоў — Чачэрскім. Сяргей Андрэеў узгоднены на пасаду кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля, а Цэнтральны раён Гомеля ўзначаліў Дзмітрый Згурскі. Новы кіраўнік у Горацкага раёна — Мікалай Арлёнак. Абнавіліся старшыні раёнаў Мінскай вобласці. Мікіта Рэут узгоднены на пасаду старшыні Дзяржынскага райвыканкама. Вячаслаў Лапатко ўзначаліў Крупскі райвыканкам. Па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы Мінскім раёнам цяпер будзе кіраваць Дзяніс Калесень, Стаўбцоўскім — Андрэй Атрушкевіч, Пухавіцкім — Аляксандр Маеўскі.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, з чым звязана такое масавае прызначэнне — змяняецца практычна 10 % начальнікаў раёнаў. Дзмітрый Крутой патлумачыў, што ў асобных раёнах папярэднія старшыні знаходзіліся на пасадзе больш за пяць гадоў. «Ну і што, хай 10 працуюць, калі яны хочуць і ў іх атрымліваецца», — адрэагаваў кіраўнік дзяржавы. «Па многіх раёнах гэта звязана з сацыяльна-эканамічнымі пытаннямі, якія там ёсць», — удакладніў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Адпіхвацца ад людзей нельга
Па традыцыі кадравых дзён Аляксандр Лукашэнка кожнаму новаму кіраўніку акрэслівае кола асноўных задач і расстаўляе агульныя для ўсіх акцэнты. Але гэтым разам кіраўнік дзяржавы вырашыў пачуць ад назначэнцаў аб праблемах, паслухаць, на што яны хочуць звярнуць увагу. Але найперш звярнуўся з просьбай. «Вы наперадзе ўсіх. І часцяком мне асабіста (я ж з людзьмі маю зносіны) паступаюць скаргі на валакіту і абыякавасць. Асабліва ў тых абласцях, дзе ў нас праблем дастаткова. Адміністрацыі Прэзідэнта трэба задзейнічаць усе органы ўлады для таго, каб гэтага не было. Чаго-чаго, а абыякавасці і непрыстойнага
стаўлення да людзей з боку ўлад быць не павінна. Не павінна быць!» — зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што калі мясцовыя органы ўлады могуць дапамагчы людзям — значыць, павінны дапамагчы, калі не маюць такой магчымасці, значыць, павінны сказаць прама, чаму не могуць дапамагчы, а не проста адпіхвацца і зацягваць вырашэнне нейкіх пытанняў. Асабліва, звярнуў увагу беларускі лідар, калі гэта датычыцца пытанняў вытворчасці.
У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў рэалізацыю ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Ён нагадаў, што першапачаткова яе галоўнай задачай было задзейнічаць у малых гарадах, у пасёлках на месцах людзей, якія не занятыя, калі ёсць беспрацоўе. «Аднак цяпер у нас вастрыні пытання няма па беспрацоўі. Але што нам перашкаджае ствараць высокатэхналагічныя прадпрыемствы? Што, у раёнах, у абласцях, на месцах мы ў гэтым не маем
патрэбы? Вельмі нават маем. Таму гэта пытанне трэба працягваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Калі ёсць людзі, зацікаўленыя ў тым, каб стварыць прыватнае прадпрыемства, то адпіхвацца ад іх, вадзіць па крузе па розных пытаннях, зусім не трэба. Прэзідэнт даручыў кіраўнікам на месцах звярнуць увагу на падобныя праявы, а Адміністрацыі Прэзідэнта — даваць жорсткую ацэнку такім рэчам. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бяздушнае, бессардэчнае стаўленне да людзей трэба адкідаць, паколькі на ім ствараецца глеба для незадаволенасці людзей.
Перш чым прадставіць спіс назначэнцаў Прэзідэнту, з кожным праводзіцца сумоўе. Дзмітрый Крутой абазначыў тры блокі праблемных пытанняў, якія падымаюць людзі, што працуюць у розных рэгіёнах.
Першы блок — сельская гаспадарка. «Даравання за падзеж не будзе»
Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, аб гэтым кажуць амаль усе на сумоўях. І часта прычынай гэтаму называюць недахоп кадраў, звальненне ветурачоў і заатэхнікаў. «Мы ж дамовіліся, што спецыялісты не могуць без іх (старшыняў райвыканкамаў) невядома куды звольніцца, перайсці, кінуць, — заявіў Прэзідэнт. — Калі не будзе жывёлы, далей развіцця не можа быць для сельскай гаспадаркі. Хто гэта не разумее з прысутных? Разумеюць. Тады ў чым справа?»
Дзмітрый Крутой далажыў, што зараз вядзецца работа па тым, каб праблему падзяжу жывёлы кантраляваць у тым ліку і ў нарматыўным полі. «Ясна, вы вырашылі бюракратыяй ударыць па падзяжы жывёлы», — іранічна заўважыў Прэзідэнт. Ён падзяліўся асабістым досведам працы ў сельскай гаспадарцы і расказаў, што тады «наогул ніякіх тэхналогій не было, у ветэрынара акрамя добрага слова ніякіх лекаў не было», і цяляты не паміралі. Па словах кіраўніка дзяржавы, самае галоўнае — адказнае стаўленне да працы, да жывёл. Часта гэта важней, чым тэхналогіі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў кожным раёне павінна быць гаспадарка, дзе маладняку змогуць забяспечыць належны догляд і дзе будуць выконвацца ўсе неабходныя тэхналогіі. Так, цяпер у краіне ствараюцца малочнатаварныя комплексы, дзе будзе ўсё. Але для таго, каб перавесці туды ўвесь статак, патрэбен час, а праблема з падзяжом стаіць сёння і трэба вырашаць яе сёння, а не чакаць тэхналогій.
«Падзеж — ад нашай абыякавасці. Ад таго, што мы дрэнна арганізоўваем утрыманне, — заявіў Прэзідэнт. — Ну добра, быў бы адзін або два працэнты ад таго, што не хапае ветурачоў ці яшчэ чагосьці, лекаў не хапае (хоць гэта не так). Калі не хапае лекаў — значыць, вінаватыя начальнікі. Значыць, не закупілі лекі своечасова. Вось у якім плане трэба разбірацца. Я хачу вас папярэдзіць: даравання тут не будзе».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што размовы аб тым, што прычынай падзяжу з’яўляецца звальненне ветэрынараў — не прымаюцца. «Хай звальняюцца. Мы маем права з іх спытаць. Таму што мы іх вучым. Навучанне спецыялістаў высокага ўзроўню, вышэйшая адукацыя каштуе нямала. Гэта велізарныя грошы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што за вынік працы павінна быць адказнасць на ўсіх узроўнях. «Рабіце, што хочаце, але каб скаціна была жывая. Я выдатна разумею, што ўсякае бывае, але гэта ж доля працэнта, — заявіў ён. — Мабілізуйце ўсіх, абласныя цэнтры, раённыя». Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дакарміць цяля малодзівам пасля расцёлу могуць практычна ў кожнай гаспадарцы. Але калі ўтрымліваць і адкормліваць яго далей не атрымліваецца, значыць, трэба аддаваць або прадаваць туды, дзе гэта змогуць зрабіць: «Калі ў цябе маладняк гіне, дык якая рэнтабельнасць? Гэта страты. А тут ты хоць нейкую рэнтабельнасць атрымаеш. Не хочаш аддаваць, прадаваць і гэтак далей — у іншую гаспадарку, хочаш сам цялушак захаваць на ўзнаўленне, а бычкоў на адкорм — калі ласка, я не настойваю. Але за падзеж адкажаце. Вось падыход»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў раёнах ні ў якім разе нельга разбурыць былыя сельгастэхнікі, райаграсэрвісы. Неабход-
на, каб у кожным з іх былі мясцовыя арганізацыі па забеспячэнні насеннем, палівам, угнаеннямі, запаснымі часткамі і гэтак далей. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што трэба сачыць за рамонтам і абслугоўваннем сельскагаспадарчай тэхнікі. «І што за старшыня райвыканкама, калі ў яго няма 50-60 будаўнікоў, няма той ПМК, якая калісьці была. У раёне існавалі дарожныя, рамонтныя, будаўнічыя прадпрыемствы, якія і зімой абслугоўвалі дарогі. Гэта таксама трэба ўсё аднавіць, дзе яны ў паўразбураным стане. Усё гэта ў адзін кулак аднаго кіраўніка. За адзін год не адновіце — аднаўляйце за два», — паставіў задачу беларускі лідар.
Другая тэма — кадры. «Кадравая палітыка — гэта вы»
Сутнасць праблемы, якую агучылі кіраўнікі на месцах, у наступным: у раёны па размеркаванні прыязджаюць маладыя спецыялісты, хлопцы прызываюцца ў армію, тэрмін службы залічваецца ў тэрмін
адпрацоўкі і многія пасля на рабочае месца не вяртаюцца. На гэта Прэзідэнт адзначыў, што не бачыць нічога дрэннага ў тым, калі малады спецыяліст затым застаецца служыць па кантракце, — Радзіму абараняць трэба ўсім. «Адкасіць» ад гэтай службы... Для мяне асабіста незразумела. Таму што я сам папрасіўся ў армію пасля заканчэння ВНУ, хоць мог не ісці тады. Але як мужыку не пабываць у арміі — што гэта за мужык наогул?" — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што раз у краіне ўсеагульная воінская павіннасць — значыць, усім трэба служыць. «І пры прызначэнні, перамяшчэнні, руху людзей трэба глядзець — служыў ці не служыў», — заявіў беларускі лідар. І даручыў вырашыць пытанне найбліжэйшым часам.
Аляксандр Лукашэнка ў цэлым звярнуў увагу на рух кадраў у раёне. Па яго словах, гэта пытанне пастаянна павінна быць у полі зроку старшыні райвыканкама. Прэзідэнт папярэдзіў, што за кадравай работай на месцах будзе пільны кантроль. Ён патлумачыў, што так жорстка ставіць пытанне, таму што сёння сітуацыя — ваенная. «Бачыце, што навокал. Як толькі ўнутры пойдуць праблемы — нам іх узмоцняць, падкінуць. Вакол Беларусі сядзяць, як змеі падкалодныя, шыпяць, гатовыя сюды рынуцца. Таму давайце будзем прымаць рашэнні і вырашаць пытанні, якія на паверхні», — арыентаваў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, кожны павінен працаваць па той спецыяльнасці, па якой вучыўся. «Проста дыплом атрымаць не ўдасца. Не той час», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. А значыць, працягнуў думку ён, кожны павінен уважліва і абдумана выбіраць прафесію.
«Кадравая палітыка — гэта вы. Райкамаў партыі, абкамаў няма, якія калісьці ажыццяўлялі гэту палітыку», — абмаляваў сітуацыю перад кіраўнікамі на месцах Прэзідэнт.
Трэці блок — інвестыцыйныя праекты. «На месцах таксама трэба варушыцца»
«Інвестыцыі гатовыя ажыццяўляць, але дайце грошай», — іранічна заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што раёны, дзе менш занятых у эканоміцы, адчуваюць сябе абдзеленымі пры размеркаванні інавацыйных абласных або рэспубліканскіх рэсурсаў. Яны хацелі б іх атрымаць для рэалізацыі больш буйных для рэгіёна, валаўтваральных праектаў. «Кожны кіраўнік павінен абараніць сваю праграму, свае прапановы», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама зрабіў акцэнт на тым, што ствараць прадпрыемствы неабходна там, дзе ёсць сыравіна, выхад на рынак збыту. У прыклад ён прывёў «Беллакт», на якім нядаўна пабываў. Там хочуць стварыць дадатковую вытворчасць, але перш чым паведамляць аб гэтым Прэзідэнту, яны вывучылі сітуацыю з сыравіннай базай, прааналізавалі рынкі збыту. Па словах кіраўніка дзяржавы, так павінны дзейнічаць усе, хто хоча ствараць ці пашыраць вытворчасці. «Вы бачыце там загрузку, людзі ёсць, сыравіна ёсць, прадасце гатовую прадукцыю — будзем дапамагаць. Апошнія грошы аддадзім, але будзем дапамагаць, для нас гэта цяпер важна, — арыентуе старшыняў райвыканкамаў Прэзідэнт. — Але майце на ўвазе, што вам таксама трэба варушыцца для таго, каб хоць нейкую капейку ўкласці сваю. А не тое, што чакаць, што з Мінска, з рэспубліканскага бюджэту вам нешта прывязуць».
«Першае, чым яны зоймуцца пасля прызначэння на пасаду — сустрэнуцца з усімі ключавымі кіраўнікамі і прыватных, і дзяржаўных прадпрыемстваў у раёнах і спытаюць аб іх планах, — сказаў Дзмітрый Крутой, падкрэсліўшы, што гэта важна для складання планаў эканамічнага развіцця раёнаў. — Я ўпэўнены, што цяпер пры такім рынку, калі ў нас нізкае беспрацоўе і такі попыт на экспарт нашай прадукцыі, прыватныя прадпрымальнікі ў раёнах (іх шмат) гатовыя пашырацца і гатовыя маштабаваць свае вытворчасці і ўкладваць грошы. Задача старшыняў райвыканкамаў гэтыя планы скласці».
Прэзідэнт адзначыў, што ў кожнага старшыні райвыканкама ёсць прадпрыемствы рознай накіраванасці, і яны павінны працаваць. «Незалежна ад таго, рэспубліканскага яны ўзроўню або мясцовыя. Незалежна ад гэтага», — заявіў беларускі лідар. Ён таксама нагадаў, што праграма «Адзін раён — адзін праект» павінна быць рэалізаваная. «Па выніках гэтага года за гэта сур’ёзна спытаем», — папярэдзіў Прэзідэнт.
Сёння сітуацыя такая, што нам трэба дзейнічаць
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што тых, хто працуе, у каго атрымліваецца даваць вынік, дзяржава будзе падтрымліваць. Ён параіў старшыням райвыканкамаў не чакаць, што хтосьці прыедзе і падкажа, што трэба рабіць, бо ніхто лепш сітуацыю не ведае. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што памочнікі Прэзідэнта, упаўнаважаныя па рэгіёнах не даюць інструкцый, яны кантралююць сітуацыю і дапамагаюць вырашаць праблемныя пытанні.
«Яшчэ раз, мужыкі, паўтараю: дзейнічайце. Сёння сітуацыя такая, што нам трэба дзейнічаць. Калі нават не атрымаецца, людзі гэта ацэняць. Людзі ўбачаць, што „ну так, не атрымалася“, з розных прычын — і аб’ектыўных. Яны нам даруюць гэтыя недапрацоўкі. Але калі мы нічога рабіць не будзем — людзі нам гэтага не даруюць, таму толькі наперад», — даў наказ новым кіраўнікам мясцовай вертыкалі беларускі лідар.
«Трэба ісці на новыя рынкі. У нас ёсць з чым ісці»
Па выніках гэтага кадравага дня абнавіўся і дыпламатычны корпус. Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў дыпламатычных місій. Яўген Сабалеўскі прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Егіпце і па сумяшчальніцтве ў Алжыры, Амане, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Лізе арабскіх дзяржаў. Дзмітрый Красоўскі будзе прадстаўляць інтарэсы нашай краіны ў Кеніі, па сумяшчальніцтве ён прызнаны пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Афрыканскім саюзе, праграме ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЭП) і праграме ААН па населеных пунктах (ААН-Хабітат). Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Венесуэле стаў Дзмітрый Дзеравінскі. Пасол Беларусі ў ААЭ і па сумяшчальніцтве ў Кувейце Ігар Белы таксама прызначаны па сумяшчальніцтве паслом у Бахрэйне.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе дыпламаты — людзі дасведчаныя, не адзін год працавалі ў Міністэрстве замежных спраў. Па яго словах, краіны, у якія яны накіроўваюцца, розныя, але вельмі важныя для нас.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь устанавіла адносіны з Кеніяй, аднак асаблівага руху ў супрацоўніцтве няма. А зацікаўленасць ёсць. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што насельніцтва Кеніі — больш за 50 мільёнаў чалавек і там вельмі запатрабаваныя беларускія прадукты харчавання. Па словах беларускага лідара, важна не толькі паставіць туды гатовую прадукцыю, але і дапамагчы ў развіцці аграрна-прамысловага комплексу. «А гэта перш за ўсё сельгасмашынабудаванне. І кадры — трэба навучыць людзей працаваць, дапамагчы ім. Можа, тыповую гаспадарку арганізаваць», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што падобны досвед у працы з краінамі Афрыкі ўжо ёсць. Напрыклад, Нігерыя закупіла каля дзвюх тысяч беларускіх трактароў. Аляксандр
Лукашэнка адзначыў, што гэта добры аб’ём, але ён можа павялічыцца, калі тэхніка сябе добра зарэкамендуе. «А кажуць, што ў нас праблема, мы чагосьці не можам. Мы ўсё можам! Таму трэба ісці на новыя рынкі. У нас ёсць з чым ісці, таму трэба працаваць у гэтым плане», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што пытанне актуальнае і для супрацоўніцтва з Егіптам. «Хоць гэта іншая краіна, зусім іншая. Гэта вароты ў Афрыку, гэта аўтарытэтная краіна для арабскага свету. Вельмі аўтарытэтная», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што былі вялікія планы па супрацоўніцтве з Венесуэлай, нешта атрымалася, нешта — не. Таму трэба дзейнічаць, арыентуе Прэзідэнт
«Адзінае, што хачу сказаць, вы там не заседзіцеся. Майце на ўвазе, таму што гандаль, тавараабарот — гэта таксама ваша пытанне. Гэта не тое, што раней — беленькія манжэцікі, каўнерык беленькі, пайшоў на прыём, нешта паслухаў, сюды нешта там напісаў. Першая ваша задача — гэта тавараабарот. Трэба рухацца», — звярнуўся Прэзідэнт да паслоў. Па яго словах, нават далёка ад Беларусі спакойна і проста не будзе.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба рухацца на рынкі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, дзе ёсць попыт на беларускую прадукцыю. Ён адзначыў, што нядаўнія сустрэчы з прэзідэнтам Кубы, дарадцам сапрэзідэнтаў Нікарагуа па пытаннях інвестыцый, гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва гэта пацвердзілі. «Таму ўсё залежыць ад нашай палітыкі. Я жадаю вам поспехаў. Дзейнічайце. Не чакайце, што прыедуць, раскажуць вам, пакажуць. Калі нешта ёсць слушнае — прапануйце, будзем дзейнічаць, будзем вам дапамагаць. Але памятайце: гандаль — перш за ўсё», — даў наказ беларускі лідар.
Прэзідэнт узгадніў кандыдатуру Аляксандра Ярашэнкі на пасаду намесніка Дзяржаўнага сакратара — члена Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. З 2016 года Аляксандр Ярашэнка працаваў на пасадзе кіраўніка адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».
«Мы нікога кідаць не збіраемся». Пра што трэба ведаць прамысловасці
Прэзідэнт прызначыў новага міністра прамысловасці. Пасаду заняў Андрэй Кузняцоў, які да гэтага працаваў намеснікам міністра прамысловасці. Былога кіраўніка ведамства Аляксандра Яфімава беларускі лідар бачыць кіраўніком холдынга «Амкадор» — аднаго з найважнейшых прадпрыемстваў краіны.
«Пры вас у нейкай ступені складвалася тая сітуацыя, якая сёння існуе на „Амкадоры“. Гэта мой пункт гледжання. Можа, я памыляюся. Але вам і выпраўляць там сітуацыю. Ніхто вамі там камандаваць і кіраваць цяпер не будзе. Вы фактычна дзяржаўнае прадпрыемства, і як яго дырэктар будзеце прымаць рашэнні і за гэта адказваць. Ніякія заснавальнікі, старшыні назіральнага савета і іншыя — ніхто вамі кіраваць, як гэта, можа, было раней, не будзе, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Аляксандра Яфімава. — Вы прафесіянал, дасведчаны чалавек. Калектыў вам знаёмы. Сітуацыю ведаеце значна лепш, чым я, таму вам і карты ў рукі. Дзейнічайце».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на прадпрыемстве працуюць тысячы людзей, якія чакаюць адказу на пытанне: кіне іх дзяржава ці не. «Вы ім прама і скажыце
ад майго імя (я ў вас яшчэ пабываю ў найбліжэйшы час): мы нікога кідаць не збіраемся, там працуюць нашы людзі. І тое, што гэта прадпрыемства не змагло функцыянаваць як трэба ў прыватным, можна сказаць, парадку, таксама пра многае сведчыць», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы папрасіў перадаць калектыву, што «чарговы раз спадзявацца, што дзяржава ўваліць туды нейкія мільёны рублёў або долараў, не трэба». Гэтага не будзе. «Перш за ўсё вы будзеце выходзіць з гэтай сітуацыі за кошт сваіх рэсурсаў і рэзерваў, — арыентуе беларускі лідар. — Паколькі тое, што вырабляе гэты калектыў, у кожным кутку свету патрэбна». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба «раскруціць» калектыў: «Вам давядзецца сур’ёзна папрацаваць на рынках, каб прадаць сваю прадукцыю. Аптымізуйце вытворчасць, разбярыцеся. Не ў плане наменклатуры прадукцыі, а з тым, дзе вам трэба новыя вытворчасці ствараць, нешта будаваць і гэтак далей. Вы ведаеце, пра што ідзе гаворка».
Што датычыцца задач для новага міністра прамысловасці, то, як заўважыў Прэзідэнт, Андрэй Кузняцоў цяпер адказвае за Мінпрам і далей давядзецца адказваць на «ўсю катушку». «Спытаем жалезабетонна», — папярэдзіў беларускі лідар.
Па ўзгадненні з Прэзідэнтам адбыліся і іншыя змены ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання. Уладзімір Навумовіч узгоднены на пасаду першага намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва. На пасаду першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўзгоднены Максім Лысенка.
Уладзімір Далжанкоў — намеснік міністра адукацыі. Юлія Шапкіна — намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі. Намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны стаў Алег Такун. Сяргей Качан — новы намеснік міністра фінансаў, Ірына Сцяпура — намеснік міністра юстыцыі.
Прызначаны новы памочнік Прэзідэнта-інспектар па Брэсцкай вобласці
У пул памочнікаў Прэзідэнта — інспектараў па абласцях увайшоў Аляксандр Ломскі. Ён будзе адказваць за Брэсцкую вобласць.
Да гэтага Аляксандр Ломскі працаваў першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. «Розныя былі прапановы. Я настойваў на тым, каб гэта быў аграрый, таму што губернатар там, вы разумееце, прамысловец. Чалавек дасведчаны. Але трэба падтрымаць яго. І не толькі намеснік у яго павінен быць аграрый, але і памочнік, які разумее толк у сельскай гаспадарцы, — адзначыў Прэзідэнт. — Я думаю, вы з гэтай працай справіцеся. Час такі, што спыняцца нельга».
Аляксандр Ломскі падзяліўся з журналістамі, што задача нумар адзін — сацыяльна-эканамічнае развіццё Брэсцкай вобласці. «Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць сельскай гаспадарцы, хоць па многіх пазіцыях Брэсцкая вобласць займае лідзіруючыя пазіцыі, але тым не менш, ёсць патэнцыял, ёсць куды развіваць рэгіён, — расказаў ён. — І самае галоўнае — гэта работа з кадрамі. Брэсцкая вобласць славіцца кадравым патэнцыялам. Складанасці ёсць, але яны вырашальныя, калі з кадрамі працаваць».