Па даных следства, 21 сакавіка 2026 года 24-гадовая жыхарка Ушачаў знаходзілася па месцы жыхарства ў стане алкагольнага ап’янення, калі ў яе пачаліся роды. Жанчына свядома не звярнулася па медыцынскую дапамогу і нікому не паведаміла пра тое, што адбываецца, паколькі не хацела выконваць бацькоўскія абавязкі і мела намер схаваць факт нараджэння дзіцяці. Пасля нараджэння хлопчыка ў вулічнай прыбіральні ў двары дома фігурантка разарвала пупавіну, немаўля ўпала ў выграбную яму. Абвінавачаная не зрабіла ніякіх дзеянняў па выратаванні дзіцяці і вярнулася ў жылое памяшканне.
Праз час яе сужыцель выявіў скрываўленую вопратку і паведаміў пра гэта сваёй маці, якая выклікала хуткую медыцынскую дапамогу. Медыкі агледзелі парадзіху, пасля чаго яе шпіталізавалі, а інфармацыю перадалі ў міліцыю. На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Падчас агляду тэрыторыі домаўладання было знойдзена цела нованароджанага без прыкмет жыцця.
У ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена, што абвінавачаная на ўлік па цяжарнасці не станавілася, сістэматычна злоўжывала спіртнымі напоямі і не наведвала ўрачоў. Следчыя вывучылі і далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы заключэнні экспертных даследаванняў, праведзеных УДКСЭ па Віцебскай вобласці. Комплексная судова-медыцынская экспертыза зрабіла адназначныя высновы: хлопчык нарадзіўся жывым і жыццяздольным. Непасрэднай прычынай смерці стала механічная асфіксія ад закрыцця дыхальных шляхоў змесцівам выграбной ямы. Экспертыза дадаткова зафіксавала ў крыві і мачы нованароджанага наяўнасць этылавага спірту, што сведчыць пра ўжыванне маці алкаголю незадоўга да родаў. Біёлага-генетычныя даследаванні пацвердзілі біялагічнае мацярынства абвінавачанай і выключылі біялагічнае бацькоўства яе сужыцеля. Судова-псіхіятрычная экспертыза паказала, што жанчына магла ўсведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі, а таксама, што яна мае патрэбу ў прымусовых мерах бяспекі і лячэння, што прымяняюцца да асоб, якія пакутуюць хранічным алкагалізмам.
У фігуранткі ёсць малалетняя дачка, аднак маці абмежаваная ў бацькоўскіх правах з-за ўжывання алкаголю, адсутнасці па месцы жыхарства і пастаяннага месца працы, а таксама крыніцы даходу. Другога дзіцяці яна не хацела, паколькі яно было зачата не ад сужыцеля, і яна пабаялася яму ў гэтым прызнацца.
Па выніках расследавання жанчыне прад’яўлена абвінавачванне па п. 2 ч. 2 арт. 139 (забойства заведама малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане) КК. З санкцыі пракурора да яе прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.