Развіццё супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі не было выпадковым вектарам у беларускай дыпламатыі. Аб гэтым міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», паведамляе БелТА.
Максім Рыжанкоў адзначыў, што Афрыка заўсёды была прывабным рэгіёнам для Беларусі. Аднак толькі апошнім часам кантакты з краінамі гэтага кантынента пачалі развівацца прадметна і актыўна.
«Гэта перш за ўсё карысныя выкапні. Уся група мінералаў, металаў, важных і патрэбных сёння для любой прамысловасці. Гэта велізарны рынак чалавечых рэсурсаў. Гэта велізарны спажывецкі рынак, — акрэсліў інтарэсы Беларусі кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Гэта тыя краіны, з большасцю з якіх у нас адзіны падыход да сусветных працэсаў. І гэта вельмі сур’ёзны актыў у міжнароднай дзейнасці па падтрымцы нашых ініцыятыў і нашых падыходаў. Гэта абсалютна не выпадковы вектар у нашай дыпламатыі».
Паводле слоў міністра, Беларусь не мае намеру развіваць супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі ад выпадку да выпадку. Ва ўрадзе распрацавана стратэгія, нацэленая на сістэмны падыход.
«Мы вызначылі кропкі прыкладання намаганняў, краіны, якія могуць з’яўляцца нашымі асноўнымі, апорнымі пунктамі і для гандлю, і прамысловай кааперацыі, і палітычнага супрацоўніцтва. І вось праз іх ідзём у Афрыку», — адзначыў кіраўнік МЗС.
Адной з перспектыўных кропак росту ён назваў заходнюю частку кантынента. У пачатку сакавіка Максім Рыжанкоў, у прыватнасці, наведаў Тога і Гану. У мінулым годзе ён зрабіў візіт у Нігерыю.
«Мы адпрацоўваем адносіны з афрыканскімі краінамі на прынцыпах узаемнасці. Ідзём туды, дзе нас гатовы бачыць і дзе мы бачым, што ёсць перспектывы для нашых тавараў, — заявіў ён. — Напрыклад, калі мы гаворым пра гэтыя тры краіны, на паверхні такая тэма, як механізацыя сельскай гаспадаркі, якая здольна вырашыць даволі прадукцыйна пытанне харчовай бяспекі ў гэтых краінах. Якая з’яўляецца асновай суверэнітэту і незалежнасці. Акрамя таго, мы ідзём туды з нашымі адукацыйнымі тэхналогіямі, дапамагаем ім навучаць іх уласных грамадзян».
У Беларусі цяпер вучыцца амаль 80 студэнтаў з Ганы. Міністр упэўнены, што гэта толькі пачатак і ў будучым можна будзе гаварыць пра больш значныя лічбы.
«Прынамсі, у час нашага візіту была праяўлена вялікая цікавасць да падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне медыцыны, фармакалогіі, сельскай гаспадаркі, інжынерных спецыяльнасцей, розных IT-спецыяльнасцей. І мы бачым у гэтым вялікую перспектыву», — расказаў Максім Рыжанкоў.
Гаворачы пра супрацоўніцтва з Тога, ён звярнуў увагу, што праз порт гэтай краіны праходзіць велізарная колькасць грузаў, якія прызначаны не толькі для Тога, але і іншых краін, у тым ліку ў Цэнтральнай Афрыцы.
«Калі я дакладваў Прэзідэнту аб нашых перспектывах, ён асабліва сказаў сканцэнтравацца на транспартна-лагістычнай тэме, якую ён лічыць вельмі важнай для пастаўкі нашых тавараў не толькі ў Тога, але і ва ўвесь рэгіён. Пачынаючы ад нафтапрадуктаў і заканчваючы ўгнаеннямі, прадуктамі харчавання, машынакамплектамі», — растлумачыў дыпламат.