Top.Mail.Ru
152

Абноўленыя паркі і новыя экасцяжынкі адкрыюцца да Дня Незалежнасці

Мінскія зялёныя зоны чакае маштабнае абнаўленне. Да Дня Незалежнасці і свята горада па-сучаснаму абсталяваных сталічных паркаў і зон адпачынку стане больш. Завяршаецца добраўпарадкаванне знакавых лакацый, а галоўным трэндам гэтага года стала не проста азеляненне, а стварэнне паўнавартасных экалагічных маршрутаў, якія дазволяць гараджанам дакрануцца да прыроды, не выязджаючы за межы Мінскай кальцавой.



Галоўны акцэнт зроблены на стварэнні камфортнага і здаровага асяроддзя. Сёння філасофія добраўпарадкавання зрушылася ў бок экалогіі і асветы. 

«Ёсць традыцыя ў кожным раёне сталіцы ствараць і добраўпарадкоўваць зялёныя зоны, куды нашы гараджане змаглі б прыйсці і адпачыць. Не толькі атрымаць асалоду ад прыроды, але і ад зон адпачынку, якія былі б карысныя і для дзяцей. Стараемся, каб былі спартыўныя, валейбольныя пляцоўкі, у гэтым плане 2026 год не стане выключэннем», — расказаў кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска Раман Мельнік.

Раман Іванавіч адзначыў, што ў Ленінскім раёне запланаваны дзве зоны адпачынку. Першая — у межах вуліцы Чыжэўскіх і Ігуменскага тракту, у якой даўно мелі патрэбу людзі. І другая — у новым мікрараёне Лошыца-5 і Лошыца-10, што на вуліцы Турава. 

«Думаю, што ўсё для гэтага ёсць, мы ўлічым пажаданні жыхароў, якія, спадзяюся, ацэняць нашы старанні», — адзначыў старшыня адміністрацыі.

Завяршэнне добраўпарадкавання зоны адпачынку па вуліцы Чыжэўскіх і ўвод у эксплуатацыю плануецца да Дня Незалежнасці, а адкрыццё лакацыі па вуліцы Турава адбудзецца да Дня горада. Назвы месцам адпачынку будуць прапанаваны жыхарамі з улікам гісторыі мясцін.

Як адзначыў кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна Мікалай Палякоў, сёлета будзе прадоўжана работа па добраўпарадкаванні Сляпянскай воднай сістэмы. 

«Плануем да 3 ліпеня прывесці ў парадак дадзеную водную сістэму ў раёне 6-й бальніцы і 14-й паліклінікі. Там мэтазгодна размясціць парк Медыцыны. Да дня горада арганізуем уладкаванне зоны адпачынку. Уздоўж Сляпянскай воднай сістэмы за паркам Сталетава зробім актыўную зону для ўсёй сям’і «Парк сямейнага вольнага часу». 

Як адзначыў Мікалай Палякоў, архітэктурная напрацоўка маецца, працягваецца арганізацыйная работа, таму як толькі сыдзе снег, прыступяць да працы. 

Кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Валерый Вараніцкі адзначыў, што да галоўных свят горада запланаваны тры экасцежкі. 

«Ад Арлоўскай вуліцы да ачышчальных збудаванняў экасцежкамі будзе цалкам закрытая набярэжная. На другім беразе, недалёка ад Мінскай кальцавой дарогі, таксама з’явіцца новы аб’ект — пляцоўка, якая будзе стварацца Мінскай лесапаркавай гаспадаркай з улікам выдзеленых сродкаў — з хаткамі, сцежкамі праз сасновы лес, лаўкамі і альтанкамі».

Адкрыццё абноўленых паркаў і экасцяжынак стане яркай падзеяй святочных дзён. Мінчане і госці сталіцы змогуць па-новаму ўбачыць знаёмыя пейзажы. Стварэнне гэтых зялёных куткоў — прызнак сталення горада, які, застаючыся сучасным мегаполісам, вучыцца беражліва ставіцца да сваёй прыроднай спадчыны.

Надзея ЗУЕВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю