У Столінскім раёне напярэдадні 7 лістапада з'явіліся навінкі ў сацыяльнай сферы, паведамляе БелТА.
У Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы 6 лістапада адкрылі абноўлены рэнтген-кабінет. Ранейшы рэнтгенаўскі апарат быў плёнкавым, наспела неабходнасць у больш сучасным — лічбавым. За кошт рэспубліканскага бюджэту для Столінскай ЦРБ быў набыты рэнтген-апарат «Уніэксперт 2+» коштам Br174,2 тыс. Для яго ўстаноўкі ў бальніцы за некалькі месяцаў зрабілі капітальны рамонт кабінета. На гэтыя мэты з мясцовага бюджэту накіравалі звыш Br450 тыс.

«У чым перавагі гэтага абсталявання? Доза апраменьвання значна меншая, якасць даследаванняў значна паляпшаецца, паляпшаецца і інфарматыўнасць, а адпаведна, дыягностыка і лячэнне. Не трэба набываць рэнтген-плёнкі, рэактывы — эканомія бюджэтных сродкаў», — адзначыў галоўны ўрач Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Майсюк. Ён дадаў, што ў гэтым жа кабінеце ўстаноўлены дэнтальны рэнтгенаўскі апарат, які таксама набылі сёлета.
Сучаснае абсталяванне павышае якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі. Дарэчы, гэта не адзіныя абнаўленні 2025 года. У прыватнасці, у Столінскую райбальніцу паставілі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх і электронна-аптычны пераўтваральнік, закупілі відэагастраскоп, стэрылізатар для лапараскапічнага інструментара. Парк папоўніўся двума аўтамабілямі хуткай медыцынскай дапамогі і дзвюма машынамі меддапамогі. «Чакаем пастаўкі артраскапічнага інструментарыя да канца года, што дазволіць укараніць у работу траўматалагічнага аддзялення для правядзення малаінвазіўных аперацый на суставах», — растлумачыў галоўны ўрач.
У рабочым пасёлку Рэчыца з’явілася шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка. Яе ўладкавалі па праекце Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «Спорт для ўсіх» на тэрыторыі сярэдняй школы № 3. Цяпер навучэнцы і ўсе ахвотныя змогуць праводзіць з карысцю час на сучаснай баскетбольнай пляцоўцы і ў гімнастычным гарадку з комплексам трэнажораў.

«Адкрыццё новай шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўкі павысіць узровень фізічнай падрыхтоўкі навучэнцаў, станоўча адаб’ецца на іх здароўі. Ствараюцца дадатковыя магчымасці для правядзення спартыўных секцый і масавых мерапрыемстваў. Гэта важны крок да фарміравання камфортнага і сучаснага адукацыйнага асяроддзя», — рэзюмавалі ў Столінскім райвыканкаме.