На гэтым тыдні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю адзначала свой дзесяцігадовы юбілей. Як і вынікае з яго назвы, ведамства нясе адказнасць не толькі за развіццё гандлю. Трэба адзначыць, што за гэты дзесяцігадовы перыяд антыманапольнае заканадаўства, правапрымяняльная практыка здзейснілі, можна сказаць, рывок. І дастаткова хутка ў краіне прыжыліся самыя лепшыя міжнародныя практыкі. А да свайго юбілею МАРГ выпусціў навукова-практычны каментарый да Закона «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі».
— Мы бачым, што часам у бізнесу, які імкнецца працаваць па літары закону, узнікаюць нейкія пытанні, непаразуменні, з якімі ён звяртаецца ў тым ліку і ў антыманапольны орган, — адзначыла першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля ВАСІЛЕЎСКАЯ. — Сёння і гэты бізнес, і нашы дзяржорганы ў тым ліку могуць абапірацца на практычныя моманты расследаванняў або на нашы тлумачэнні і каментарыі, якія мы і пастараліся сабраць у адну кнігу. Яна напісана дастаткова простай, даступнай мовай і вельмі зразумелая для правапрымянення.
Праца прызначана для бізнесу, юрыстаў, аналітыкаў, прадстаўнікоў дзяржорганаў, бо нарматыўна-прававыя акты таксама неабходна разглядаць праз прызму антыманапольнага заканадаўства. Наталля Васілеўская заўважыла: гэты збор дакументаў не з’яўляецца ісцінай у апошняй інстанцыі, але ў ім сабраны каментарыі, правапрымяняльная практыка, вынікі праведзеных антыманапольных расследаванняў, якія павінны дапамагчы перш-наперш выбудоўваць суб’ектам гаспадарання добрапрыстойную стратэгію паводзін. Антыманапольнае заканадаўства дастаткова складанае. І навукова-практычны каментарый павінен палепшыць яго разуменне. Хоць, як падкрэсліла Наталля Васілеўская, на практыцы дзвюх аднолькавых спраў не бывае. Усе яны ўнікальныя па сваёй сутнасці.
У цэлым жа, як адзначыла яна, айчыннае антыманапольнае заканадаўства выбудавана такім чынам, каб прадухіліць яго парушэнні. Што, у сваю чаргу, служыць развіццём канкурэнцыі. Штрафы і іншыя балючыя санкцыі прымяняюцца толькі ў самых надзвычайных і абуральных выпадках. Часцей суб’ектам гаспадарання даюць магчымасць выправіць хібы, абмежаваўшыся прадпісаннем.
Пракаменціравала першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і пастанову № 48, якая ўступае ў сілу з 10 верасня і ўносіць некаторыя новаўвядзенні адносна фарміравання абавязковага асартыментнага пераліку. Наталля Васілеўская супакоіла: нейкіх рэвалюцыйных новаўвядзенняў няма, проста зроблены акцэнт на фарміраванні асартыментнага пераліку з тавараў айчыннай вытворчасці. Зразумела, у тым выпадку, калі яны вырабляюцца ў дастатковай колькасці. У адваротным — ён фарміруецца з замежных тавараў.
Размова аб абмежаванні імпарту не ідзе. Нагадаем: асартыментны пералік — самы мінімальны набор тавараў, які павінен быць у магазіне. У свой час яго ўводзілі як нейкую сацыяльную гарантыю, каб у гандлёвых пунктах на прылаўках ляжалі не толькі выгадныя для рэтэйлера тавары, але былі ў наяўнасці хлеб, малочная прадукцыя, агародніна, садавіна... Набор, як гаворыцца, самы мінімальны і займае невялікую долю ў гандлёвай матрыцы рэтэйлера, якую ён фарміруе па сваім меркаванні і можа насычаць выключна айчыннай прадукцыяй, можа — за кошт імпартнай. Пастанова № 48 і прадугледжвае, што мінімальны, базавы асартымент павінен быць у аснове сваёй айчыннай вытворчасці.
Чаму такое рашэнне наспела? Пра гэта расказалі ўдзельнікі рынку. Справа ў тым, што большасць рознічных прадаўцоў у той ці іншай меры патрабуюць плату за месца на паліцы. Яе даўно ліквідавалі дэ-юрэ, але дэ-факта яна існуе, маскіруючыся пад самыя разнастайныя формы і віды плацяжоў. З гэтай з’явай ідзе ўпартая і перманентная барацьба. І, як бачыцца, пастанова № 48 якраз з’яўляецца яе чарговым этапам. Фактычна дакумент не абмяжоўвае імпарт у правах, а павышае канкурэнцыю, ураўноўваючы ў правах замежных і беларускіх пастаўшчыкоў.
Чаму ўраўноўваючы? На беларускім рынку прысутнічаюць, як правіла, са сваёй прадукцыяй альбо буйныя транснацыянальныя карпарацыі, альбо сур’ёзныя рэгіянальныя гульцы. Кожны з іх кратна большы за многіх нашых вытворцаў і за кошт сваёй эканамічнай сілы можа дамаўляцца з рэтэйлам.
У тым ліку і плаціць за паліцу, потым вяртаючы гэтыя грошы за кошт вялікіх аб’ёмаў продажаў. Гэта далёка не толькі беларуская праблема, а, можна сказаць, агульнасусветная. Практычна ў кожнай краіне ствараюцца нейкія ўмовы, якія дазваляюць невялікім кампаніям прысутнічаць
у гандлі. Напрыклад, у Расіі наогул абавязалі буйных сеткавых рознічных гульцоў даваць плошчы фермерам. Сусветная ж практыка ведае бясконцую колькасць розных падыходаў і рашэнняў выраўноўвання магчымасцяў буйных кампаній і невялікіх вытворцаў, каб яны мелі магчымасць больш-менш на роўных канкурыраваць за спажыўца. І беларускія навацыі ў гэтай галіне, паверце, не самыя жорсткія.
Таму цалкам згодны з Наталляй Васілеўскай: мэта пастановы № 48 — не сыход імпарту з паліц, а прыход на іх большай колькасці беларускіх тавараў. Не звужэнне, а пашырэнне асартыменту. Адпаведна, гэта адкрывае новыя магчымасці выбару для спажыўца.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ