Абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць у 88 раёнах Беларусі. Пра гэта сведчыць інтэрактыўная мапа Міністэрства лясной гаспадаркі, паведамляе БелТА.
Па дадзеных на 16.30 абмежаванні ўведзены ва ўсіх раёнах Брэсцкай і Гродзенскай (за выключэннем Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага) абласцей. У Мінскай вобласці вольныя ад абмежаванняў Вілейскі, Барысаўскі, Крупскі, Мядзельскі, Бярэзінскі і Смалявіцкі раёны. У Гомельскай вобласці абмежаванні дзейнічаюць ва ўсіх раёнах, акрамя Рагачоўскага, Жлобінскага, Калінкавіцкага і Мазырскага.
Абмежаванні актуальныя для Расонскага, Гарадоцкага, Шумілінскага, Ушацкага, Лёзненскага, Бешанковіцкага, Лепельскага, Сенненскага і Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці. У Магілёўскай вобласці вольныя ад абмежаванняў Горацкі, Шклоўскі, Дрыбінскі, Чэрыкаўскі і Слаўгарадскі раёны.
Аператыўна адсочваць дадзеныя аб увядзенні мер абмежавальнага характару можна на размешчанай на афіцыйным сайце Мінлясгаса карце забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў. Таксама інфармацыю можна ўдакладніць у мясцовых райвыканкамах і лесагаспадарчых установах. Інтэрактыўная карта абнаўляецца ў анлайн-рэжыме, таму перад наведваннем лясных масіваў варта азнаёміцца з актуальнай сітуацыяй.