Top.Mail.Ru

Абараназдольнасць, бяспека грамадзян і фінансавая ўстойлівасць

Падчас адкрыцця трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання дэпутаты разгледзелі 7 законапраектаў.



Заканадаўчыя рашэнні накіраваны на ўмацаванне бяспекі краіны, яе грамадзян, паглыбленне супрацоўніцтва з нашым стратэгічным партнёрам — Расійскай Федэрацыяй. Спрашчаецца адміністрацыйная працэдура па нормах расходу паліўна-энергетычных рэсурсаў, што знізіць нагрузку на дзяржаўныя органы і забяспечыць роўнасць умоў для юрыдычных асоб розных форм уласнасці. Пад абаронай — і правы фізічных асоб у сферы прадастаўлення пазык. 

Новыя задачы Узброеных Сіл і паўнамоцтвы ратавальнікаў 

Праектам Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі і абароны», прынятым у першым чытанні, у прыватнасці, прыводзяцца ў адпаведнасць з Ваеннай дактрынай паўнамоцтвы Прэзідэнта, Савета бяспекі, Міністэрства абароны і Генеральнага штаба Узброеных Сіл у галіне абароны. Удакладняюцца і канкрэтызуюцца задачы Узброеных Сіл, функцый Генеральнага штаба Узброеных Сіл па забеспячэнні ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны Беларусі. У адпаведнасць з Ваеннай дактрынай прыводзіцца пералік і ваенных пагроз, якія з’яўляюцца падставамі для ўвядзення ваеннага становішча на тэрыторыі Беларусі. Прадугледжана аднясенне акта ўзброенай агрэсіі з боку якой-небудзь дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), учыненай супраць Саюзнай дзяржавы, да нападзення, якое з’яўляецца падставай для ўвядзення ваеннага становішча на тэрыторыі Беларусі.

У першым чытанні разгледжаны праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях», якім удакладняюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта і Савета Міністраў у галіне гарантавання пажарнай бяспекі. З абласных бюджэтаў і бюджэту горада Мінска выключаецца фінансаванне органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Яны будуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту і адносіцца да ваенізаваных арганізацый. 

Паўнамоцтвы па ажыццяўленні дзяржаўнага пажарнага нагляду, арганізацыі тушэння пажараў замацоўваюцца на аб’ектах па вытворчасці, захоўванні і ўтылізацыі выбуховых матэрыялаў і вырабаў, якія іх утрымліваюць. Работнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях надзяляюцца правам правядзення асабістага дагляду грамадзян і прымянення спецыяльных сродкаў у выпадках і парадку, якiя вызначаюцца законапраектам. 

За незаконнае выкарыстанне беспілотнікаў — крымінальная адказнасць 

У другім чытанні дэпутаты адобрылі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці». Як патлумачыў член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Юрый МАРЭЦКІ, яго асноўная мэта — імплементацыя Указа Прэзідэнта № 297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў» у нацыянальную грамадскую бяспеку, выкананне палётаў грамадзянскімі беспілотнымі лятальнымі апаратамі ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь. 

NPET5075_1.jpg

Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за кіраванне грамадзянскім паветраным суднам, якое не зарэгістравана ў Дзяржаўным рэестры грамадзянскіх паветраных суднаў Рэспублікі Беларусь, або не мае бартавой дакументацыі, якая павінна знаходзіцца на борце паветранага судна пры выкананні палётаў. Адміністрацыйная адказнасць прадугледжана і за кіраванне грамадзянскім паветраным суднам, калі яно ажыццяўляецца асобай, якая не мае права кіравання ім, а таксама за парушэнне патрабаванняў па дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх БЛА. За паўторнае парушэнне заканадаўства ўстанаўліваецца крымінальная адказнасць.

Пазыкі і паліўна-энергетычныя рэсурсы — па новых правілах 

На абарону правоў пазычальнікаў — фізічных асоб, зніжэнне пазыковай нагрузкі на такіх грамадзян, выключэнне выпадкаў заключэння з грамадзянамі дагавораў пазыкі на кабальных умовах, а таксама на павышэнне даверу насельніцтва да фінансавага сектара накіраваны нормы законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях прадастаўлення пазык», разгледжаным у другім чытанні. 

«Так, прадметам закладу не можа з’яўляцца адзінае жылое памяшканне (жылы дом, кватэра, або частка долі ў сумесным домаўладанні), — канкрэтызаваў член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Аляксей РАЙКО. — Акрамя таго, устанаўліваецца забарона на прадастаўленне пазык паміж фізічнымі асобамі ў замежнай валюце, за выключэннем блізкіх сваякоў. Забараняецца заключэнне дагавора пазыкі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, юрыдычнымі асобамі, якія не маюць права па асноўнай сваёй дзейнасці займацца пэўнымі фінансавымі аперацыямі».

Праектам Законам «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб энергазберажэнні», разгледжаным у першым чытанні, змяняюцца падыходы да ўстанаўлення норм расходу і гранічных узроўняў спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў для юрыдычных асоб з гадавым сумарным спажываннем паліўна-энергетычных рэсурсаў 300 тон умоўнага паліва і больш і юрыдычных асоб, якія маюць крыніцы цеплавой энергіі прадукцыйнасцю 0,5 гігакалорыі ў гадзіну і больш. У прыватнасці, замацоўваецца адзіны падыход да юрыдычных асоб розных форм уласнасці па ўстанаўленні норм расходу паліўна-энергетычных рэсурсаў Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта і абласнымі (Мінскім гарадскім) упраўленнямі па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Таксама выключаецца ацэнка энергетычнай эфектыўнасці аб’ектаў будаўніцтва ў якасці самастойнай дзяржаўнай экспертызы праектнай дакументацыі, яе ажыццяўленне прадугледжваецца пры правядзенні дзяржбудэкспертызы горадабудаўнічых праектаў, праектнай дакументацыі, якая забяспечваецца РУП «Галоўдзяржбудэкспертыза» і яго даччынымі прадпрыемствамі па абласцях і г. Мінску. Па словах члена Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Антона КАРАНКЕВІЧА, аб’яднанне двух відаў экспертыз паўплывае на скарачэнне тэрмінаў будаўніцтва, дазволіць знізіць выдаткі на яго. 


NPET4743_1-1.jpg

Удзел у мясцовых выбарах і забеспячэнне недатыкальнасці 

Ратыфікаваны Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года. Грамадзяне Беларусі і Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі іншай дзяржавы-ўдзельніцы Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года, могуць удзельнічаць у мясцовых выбарах: выбіраць і быць выбранымі ў адпаведныя органы мясцовага самакіравання.

Таксама ратыфікавана Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб мерах па ўзаемнай абароне грамадзян ад неабгрунтаванага пераследу замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі. 

«Мы зыходзім з таго, што ў апошні час некаторыя замежныя дзяржавы, у тым ліку несяброўскія, і шэраг міжнародных юрыдычных структур спрабуюць прад’яўляць прэтэнзіі як у адносінах да службовых асоб Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, так і да грамадзян нашых краін, — патлумачыў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей РАЧКОЎ. — Генеральным пракуратурам краін даручаецца каардынацыя работы ў гэтым кірунку, устанаўліваюцца персанальныя і функцыянальныя імунітэты ў адносінах як да службовых асоб, так і грамадзян нашых краін. Пагадненне забяспечыць недатыкальнасць нашых службовых асоб, дазволіць гарантаваць бяспеку грамадзян Беларусі і Расіі». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю