Top.Mail.Ru

Аб значэнні даты 17 верасня ў захаванні беларусаў як народа і ў магчымасці іх стварыць сваю дзяржаву гавораць гісторыкі

Грані нашага адзінства

Напярэдадні свята Дня народнага адзінства ў рэдакцыі газеты «Звязда» прайшоў круглы стол на тэму «Два дзесяцігоддзі пад бізуном: этнацыд беларускага народа ў міжваеннай Польшчы». Сёння мы працягваем публікацыю абмеркавання, у якім узялі ўдзел вядомыя гісторыкі. Меркаванні навукоўцаў дапоўнілі і пашырылі ўяўленні аб этнацыдзе беларускага народа ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, а таксама дазволілі глыбей паглядзець на праблемы барацьбы беларусаў за захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці.

«Дыпламатычныя меры» поспеху не мелі»

Аб закулісных інтрыгах пры падпісанні Рыжскага мірнага дагавора, паводле якога тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Польшчы, а таксама юрыдычных і дыпламатычных тонкасцях у адносінах паміж СССР і панскай Польшчай расказала Вольга Бароўская — загадчык аддзела ўсеагульнай гісторыі і міжнародных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Яна звярнула ўвагу, што 7-ы артыкул Рыжскага мірнага дагавора, які даваў права на свабоднае культурнае і рэлігійнае развіццё беларускай, украінскай і рускай нацыянальнасцям на тэрыторыі Польшчы, а таксама польскай нацыянальнасці на тэрыторыі БССР і СССР, не прадугледжваў нейкага практычнага механізму кантролю за яго выкананнем. І гэта ўнесла пэўную спецыфіку ў двухбаковыя савецка-польскія адносіны.

  • — БССР спрабавала дыпламатычнымі сродкамі пратэставаць супраць той гвалтоўнай паланізацыі, якая ажыццяўлялася ў міжваеннай Польшчы, супраць закрыцця беларускіх школ, супраць апалячвання насельніцтва. Першая нота непасрэдна ад Савецкай Беларусі была накіравана ўжо 21 жніўня 1921 года. На гэтую ноту, выпрацаваную ў БССР і ўзгодненую з Масквой, Польшча адказала. (Усе наступныя ноты з прэтэнзіямі аб парушэнні 7-га артыкула засталіся без адказу. У сваім адказе польскі бок заявіў, што гэтыя прэтэнзіі з’яўляюцца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы Польшчы.)

Вольга Бароўская адзначыла, што ў ходзе перагавораў наркама замежных спраў СССР Г. Чычэрына з МЗС Польшчы ўзнімалася пытанне аб наданні культурнай і палітычнай аўтаноміі Заходняй Беларусі, адстойвалася пазіцыя, каб рэалізаваць 7-ы артыкул Рыжскага дагавора, але гэты праект застаўся на паперы і не быў падтрыманы польскім бокам.

Як адзначыла даследчыца, у сувязі з тым, што гэтыя дыпламатычныя меры не мелі поспеху, савецкі бок распачаў комплекс дзяржаўных мер па абароне беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі. У гэты комплекс мер уваходзілі не толькі дыпламатычныя мерапрыемствы, але і арганізацыйна-каардынацыйныя дзеянні па ўмацаванні і кансалідацыі нацыянальнага вызваленчага руху Заходняй Беларусі.

— Акрамя таго, праводзілася яшчэ і агітацыйна-прапагандысцкая дзейнасць унутры самой Савецкай Беларусі па падтрымцы нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Разгарнуўся шырокі рух у падтрымку грамады, пратэсты супраць арыштаў яе асноўных дзеячаў, была створана камісія па падтрымцы людзей, якія галадаюць у Заходняй Беларусі, арганізаваны збор сродкаў, збожжа. Была сабрана вялізная сума, каля 40 тысяч долараў, якую планавалася праз паўнамоцнае прадстаўніцтва перадаць сілам нацыянальна-вызваленчага руху, у тым ліку звычайным сялянам, каб аказаць ім пасільную дапамогу ў іх складанай эканамічнай сітуацыі.

«Беларусаў імкнуліся як мага хутчэй апалячыць»

Сяргей Траццяк, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, звярнуў увагу, што за дзень да заключэння Рыжскага мірнага дагавора польскі сейм прыняў канстытуцыю Польшчы, або Другой Рэчы Паспалітай, паводле якой законы дзяржавы мелі перавагу над міжнароднымі актамі. Таму ў вачах польскай дзяржавы, польскага грамадства менавіта канстытуцыя вызначала становішча нацыянальных меншасцяў, іх правы і свабоды, палітыку дзяржавы ў адносінах да іх, а не міжнародна-прававыя трактаты. Гэта значыць ніякай міжнародна-прававой гарантыі аб назіранні і захаванні 7-га артыкула прадугледжана не было.

— У рэшце рэшт, захаванне правоў і свабод беларусаў было аддадзена на водкуп мясцовай адміністрацыі, а гэта адміністрацыя з самага пачатку не хавала таго, што яна жадае як мага хутчэй апалячыць Заходнюю Беларусь. Прамое ўмяшанне адміністрацыі ў мясцовыя парламенцкія выбары прыводзіла да таго, што непрапарцыянальна высокая была доля дэпутатаў польскай нацыянальнасці ў мясцовых самакіраваннях. Выбарныя пасады войта, бургамістра ці прэзідэнта займалі альбо прызначэнцы з цэнтральнай Польшчы, альбо асаднікі. Войт меў права не толькі аднаасобна нарэзаць выбарчыя акругі і выбарчыя ўчасткі, але і зацвярджаць вынікі выбараў у іх. Акрамя таго, ён меў права кантролю за выбарамі ў агульнапольскія органы ўлады, а менавіта ў польскі сейм.

Умяшанне мясцовых органаў улады ў выбарчай кампаніі прыводзіла да таго, што прадстаўніцтва беларускіх дэпутатаў у парламенце Польшчы скарачалася. У прыватнасці, у выніку выбараў у 1922 годзе ў польскі сейм былі абраныя 11 дэпутатаў, а ў сенат 3 беларусы з агульнай колькасці (444 дэпутаты і 111 сенатараў), што не адпавядала долі беларусаў у агульным насельніцтве Польшчы. У выніку выбараў 1928 года ў сейм прайшлі толькі 10 беларускіх дэпутатаў і 2 сенатары, на выбарах 1930 года прайшоў толькі 1 дэпутат, а на пазачарговых выбарах 1938-га ў сейм не быў выбраны ніводны беларус. Тым больш што гэтыя выбары апазіцыйныя партыі і арганізацыі дружна байкатавалі

Таксама Сяргей Траццяк нагадаў, што беларускія школы і настаўніцкія семінарыі, якія знаходзіліся ў прыватнай уласнасці і былі пазбаўленыя дзяржаўнай падтрымкі, павінны былі дзейнічаць пад эгідай беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый. А іх польскія ўлады ўвесь час скарачалі, пазбаўлялі рэгістрацыі. У выніку закрываліся і беларускія школы.

— У прыватнасці, калі ў 1919-1920 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі дзейнічала ў акупаваных палякамі раёнах 514 беларускіх пачатковых школ, то да 1923 года засталося іх толькі 32. З сямі гімназій да сярэдзіны 1920-х ацалела толькі 4, а да канца 1930-х гадоў адзіная віленская беларуская гімназія была пераўтворана ў філіял польскай дзяржаўнай гімназіі імя Юліуша Славацкага.


Тое самае было і з беларускімі настаўніцкімі семінарыямі, прычым тут палітыка польскай дзяржавы была яшчэ больш дасканалай і больш езуіцкай. Справа ў тым, што беларусам-настаўнікам фармальна не адмаўлялі ў праве на працу, але прапаноўвалі заняць пасады ў школах цэнтральнай Польшчы ці заходніх ваяводстваў. Зразумела, што шмат хто проста не меў ні жадання, ні сродкаў ехаць у раён, які яны не ведаюць, весці выкладанне на мове, якой недастаткова валодаюць. Такія настаўнікі папаўнялі колькасць беспрацоўных.

З іншага боку, у дзяржаўныя школы на тэрыторыі Заходняй Беларусі прызначаліся настаўнікі з цэнтральнай Польшчы і Галіцыі, якія нярэдка здзяйснялі службовыя правіннасці ў сябе па ранейшым месцы працы і пераводзіліся такім чынам у Заходнюю Беларусь у парадку пакарання. Часта гэтыя людзі не толькі не ведалі краю, у які іх накіроўваюць працаваць, але яны ставіліся адпаведна і да сваіх вучняў, і да іх бацькоў як да паўдзікуноў, якіх яны павінны цывілізаваць.

Усё гэта прывяло да таго, што колькасць непісьменных у Заходняй Беларусі дасягала да сярэдзіны 1930-х гадоў больш за 40 %, а ў Палескім ваяводстве яна нават вырасла ў параўнанні з 1913 годам. Калі ў 1913 годзе было 65 % непісьменных, то ў 1938–1939 гадах ужо 70 %.

Палітыка польскай дзяржавы ў галіне адукацыі прыводзіла да таго, што беларусаў прымушалі ісці вучыцца ў польскія школы, беларусаў пазбаўлялі сваёй інтэлектуальнай эліты. Больш за тое, беларускую эліту адпраўлялі працаваць туды, дзе яна павінна была страціць сваю беларускасць. Урэшце атрымалася так, што ў Заходняй Беларусі да верасня 1939 года не засталося ніводнай беларускай школы

Трэба адзначыць, што 129,5 тысячы асоб школьнага ўзросту ў Заходняй Беларусі па стане на верасень 1939 года ўвогуле не наведвалі школу. 

Для іх адзіным спосабам атрымаць адукацыю была хатняя адукацыя, гэта значыць, дзейнічала «дырэктарства», пра якое мы ведаем з «Новай зямлі» Якуба Коласа, але і з такой хатняй беларускай адукацыяй польскія ўлады таксама вялі барацьбу.

Сяргей Траццяк звярнуў увагу і на эканамічную палітыку Польшчы, якая ўзяла курс на згортванне вытворчасці ў Заходняй Беларусі і ператварэнне рэгіёна ў аграрна-сыравінны прыдатак. У выніку, займаючы 23 % тэрыторыі міжваеннай Польшчы і маючы 11 % насельніцтва, Заходняя Беларусь мела ўсяго 2,3 % прамысловых прадпрыемстваў і 1,9 % прамысловага працоўнага класа Польшчы, гэта значыць, гэта быў аграрны край з пераважна сялянскім насельніцтвам, прычым больш за палову сялянскіх гаспадарак адносіліся да ліку карлікавых.

«Барацьба была шчырай, заснаванай на адчуванні адзінства»

Ганна Маскевіч, загадчык кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, прывяла прыклады барацьбы беларускага народа з польскім акупацыйным рэжымам за свае нацыянальна-культурныя і сацыяльна-палітычныя правы.

— Гэта была і арганізаваная барацьба: эсэры, КПЗБ, якая, нават з’яўляючыся нелегальнай, падпольнай, забароненай, усё роўна працягвала дзейнічаць. Гэта была партызанская барацьба, дзе ў нас у партызанах удзельнічала больш за дзесяць тысяч чалавек. Былі парламенцкія формы барацьбы. Прадстаўнікі Заходняй Беларусі ў парламенце імкнуліся адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы. Самы яскравы эпізод тут — гэта дзейнасць пасольскага клуба «Змаганне», які выступаў за вызваленне палітвязняў, за адукацыю на нацыянальнай мове, за зніжэнне эканамічных прыгнётаў.

  • Але не забываемся, што была і сялянская барацьба. Самая яркая яе падзея — гэта паўстанне нарачанскіх рыбакоў з 40 вёсак у раёне Нарачы. Яны аб’явілі забастоўку, адмовіўшыся падпарадкоўвацца тым забаронам, якія былі накладзены, выступалі супраць рыбнага падатку, патрабуючы адмены гэтых рабаўнічых забарон і падаткаў. І яны ўсё ж дабіліся паслаблення, дазволу на лоўлю рыбы.

Варта адзначыць яшчэ і індывідуальную барацьбу, хутчэй нават не барацьбу, а проста імкненне захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, калі людзі працягвалі размаўляць на сваёй мове, працягвалі захоўваць свае нацыянальныя традыцыі на ўзроўні кожнага асобнага чалавека.

Ганна Маскевіч прывяла прыклады дзейнасці вядомых гістарычных асоб Заходняй Беларусі, якія зрабілі ўнёсак у захаванне беларускай ідэнтычнасці. Напрыклад, вядомы мастак Язэп Драздовіч пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад польскай дзяржавы на свае апошнія зберажэнні адкрыў беларускую школу. Праўда, на жаль, яна праіснавала толькі 3 месяцы, але гэта яскравы прыклад таго, як народ сам імкнуўся захаваць сваю ідэнтычнасць. Прыклады дзейнасці Сяргея Прытыцкага, Веры Харужай, зняволеных канцлагера «Бяроза-Картузская», не зламаных самымі зверскімі катаваннямі, удзельнікаў Скідзельскага паўстання ў верасні 1939 года, з якімі польскія карнікі страшным чынам расправіліся літаральна за некалькі гадзін да вызвалення войскамі Чырвонай Арміі, — усе яны гавораць пра тое, што барацьба беларусаў супраць этнацыду з боку Польшчы, барацьба за захаванне нацыянальнай мовы і ідэнтычнасці, барацьба за ўз’яднанне ў рамках менавіта адной беларускай дзяржавы (БССР) была шчырай, заснаванай на пачуцці агульнасці і адзінства.

«Без адукаваных людзей пабудаваць сваю дзяржаву немагчыма»

Аляксандр Кукса, дацэнт кафедры «Гісторыя» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, звярнуў увагу на праблему развіцця вышэйшай адукацыі ў Заходняй і Усходняй Беларусі і фарміраванне беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, заўважыўшы, што стварыць дзяржаву без уласнай інтэлігенцыі, без людзей, якія атрымалі сістэмную адукацыю, вышэйшую адукацыю, амаль немагчыма.

— Польшча песціла ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах да 1772 года, і гэта канкрэтна праглядаецца падчас польскай акупацыі беларускіх земляў яшчэ ў 1919 годзе. Усе навучальныя ўстановы былі пераведзены на польскую мову, але заняткаў не праводзілася, бо не хапала настаўнікаў, спецыялістаў, якія б вялі заняткі на польскай мове. Мінскі настаўніцкі інстытут і Мінскі палітэхнікум пад польскай акупацыяй проста перасталі працаваць, бо іх будынкі аддалі пад шпіталі.

З вызваленнем тэрыторыі Беларусі бальшавікі пачынаюць тут актыўна падтрымліваць сістэму адукацыі. Усе школы пераводзяцца на прынцып бясплатнай адукацыі. Каб беларускі народ атрымаў магчымасць сваімі рукамі пабудаваць дзяржаву на сваёй зямлі, упершыню ствараецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Гэта знакавая падзея, якая пацвярджае, што савецкая ўлада выступала менавіта ў кантэксце захавання беларускай нацыянальнай дзяржавы, бо з’яўленне кузні нацыянальных кадраў дае магчымасць сваімі сіламі народу будаваць сваю дзяржаву.

Тым часам на тэрыторыі Польшчы, як ужо гаварылася, праводзіцца палітыка паланізацыі. Беларускія школы закрываюцца, ва ўніверсітэты беларусам доступ значна абмяжоўваецца, адукацыя платная. І народ пачынае галасаваць, як кажуць, нагамі! У 1920-х гадах вядомыя выпадкі, калі многія дзясяткі і сотні беларусаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі з рызыкай для свайго жыцця нелегальна перасякаюць мяжу і паступаюць у беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы. Напрыклад, толькі ў Мінскім політэхнічным інстытуце навучалася каля 70 такіх перабежчыкаў. Перабежчыкі, не маючы тут сваякоў, атрымлівалі сацыяльнае забеспячэнне ад дзяржавы, інтэрнат і магчымасць стаць спецыялістамі і надалей уладкавацца ў сваім жыцці.


Аляксандр Кукса адзначыў, што, пакуль Польшча праводзіла дэіндустрыялізацыю Заходняй Беларусі (такія ж працэсы ішлі і ў Заходняй Украіне), рэформы ў галіне індустрыялізацыі, якія праводзіліся ў СССР, далі магчымасць савецкаму грамадству апярэдзіць у развіцці краіны капіталістычнага свету, Заходняй Еўропы і Амерыкі, і гарантаваць сваю бяспеку перад ваеннай пагрозай, якая набліжалася. І тут важную ролю адыграла развіццё адукацыі ў БССР, у тым ліку тэхнічнай. Ужо да 1933 года ў Беларусі налічвалася 32 вышэйшыя навучальныя ўстановы, каля 30 навукова-даследчых інстытутаў, 130 тэхнікумаў. Акадэмія навук узначальвала даследаванні па стварэнні трактароў, выкарыстанні і здабычы торфу.

Даследчык правёў паралелі з сучаснай гісторыяй Беларусі.

— Мы ў даволі складаным становішчы апынуліся ў 1990-х гадах, і шматлікія замежныя адмыслоўцы раілі нашаму Прэзідэнту стратныя прадпрыемствы зачыняць, рэструктурызаваць і пераўтвараць на нейкія іншыя профілі. Дэіндустрыялізацыі наш Прэзідэнт тады не дапусціў. І сёння Рэспубліка Беларусь на постсавецкай прасторы — ці не адзіная дзяржава, якая сваімі рукамі зарабляе сродкі для свайго існавання. Свет перайшоў на 6-ы тэхналагічны ўклад, і ў гэтых адносінах Беларусь ідзе ў нагу з усім светам. Трэба адзначыць поспехі нашай вышэйшай школы, напрыклад, БДУ запусціў нанаспадарожнік, БНТУ выпускае прэцызійнае высокадакладнае абсталяванне, Акадэмія навук займаецца такімі прарыўнымі праектамі, як касмічная галіна, аўтамабілебудаванне і гэтак далей. Прынята сур’ёзнае рашэнне аб адкрыцці новай Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій. У гэтых адносінах мы працягваем традыцыі, якія былі закладзены ў нашай гісторыі яшчэ ў савецкі час, накіраваныя на развіццё адукацыі, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў.

Свята ў шырокім гістарычным кантэксце

Валянцін Старычонак, загадчык цэнтра паліталогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, ацаніў сучаснае гучанне Дня народнага адзінства праз прызму сацыялагічных даследаванняў.

— Свята Дзень народнага адзінства, заснаванае на дзяржаўным узроўні пяць гадоў таму, спалучае ў сабе два аспекты — гістарычны і палітычны. З’яўленне гэтага свята было рэакцыяй на турбулентнасць 2020 года, яно пацвярджала курс дзяржавы на адзінства беларускага народа і было абвешчана ў Год народнага адзінства. Гэта было важна, таму што на фоне канфрантацыі, якую арганізавалі апазіцыйныя сілы з заклікамі да санкцый, да грамадзянскага супрацьстаяння, мы выступілі з канцэптам адзінства. І праз гістарычныя сэнсы, гістарычную памяць, ідэалагічныя сэнсы развілі і давялі грамадству гэты канцэпт.

Пры аб’яднанні ў 1939 годзе быў важны тэрытарыяльны аспект, бо невядома, што было б з Беларуссю, калі б не было вызваленчага паходу Чырвонай Арміі. Вайна б усё роўна пачалася, яна была непазбежная, і калі б мы не аб’ядналіся, то пасля вайны, хто ведае, увогуле засталіся б як асобная тэрыторыя? Але перад вайной мы павялічыліся ў 2 разы і аб’ядналі ў межах адной адміністрацыйнай адзінкі ўсё беларускае насельніцтва.


Дзень народнага адзінства стаў падзеяй, пунктам адліку, які вызначае гарызонт будучыні, ператварэнне Беларусі ў індустрыяльную дзяржаву з якаснай адукацыяй, з прамысловым патэнцыялам, якая стала зборачным цэхам Савецкага Саюза, забяспечыла рост дабрабыту грамадзян. Важна, што мы не зацыкліваемся на падзеях 1939 года, а разглядаем гэта ў больш шырокім гістарычным кантэксце.

Валянцін Старычонак таксама звярнуў увагу на неабходнасць стварэння большай колькасці месцаў памяці аб даце 17 верасня: музеяў, помніка ўз’яднанню беларускага народа, мемарыялізацыі канкрэтных гістарычных асоб, якія зрабілі ўнёсак ва ўз’яднанне народа.

Усе ўдзельнікі круглага стала сышліся на тым, што задача навукі заключаецца ў тым, каб растлумачваць сутнасць гістарычных падзей і ўсіх свят грамадзянам, і тады яны стануць значна бліжэй і больш зразумелыя людзям, павысіцца ўзровень іх падтрымкі.

Круглы стол правёў Аляксей БЯЛЯЕЎ

Ілюстрацыі публікацый — з нумара «Звязды» за 17 верасня 1940 г.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю