На пашыраным пасяджэнні праўлення банка скрозь прызму наяўных вынікаў работы за 2024-ы былі вызначаны вектары для дасягнення паказчыкаў, пастаўленых наглядальным саветам на 2025 год, паведамілі ў прэс-службе Банка развіцця.
— У сваёй дзейнасці мы заўсёды сутыкаемся з экстра-задачамі і, успрымаючы гэта як стваральны выклік, паспяхова спраўляемся з імі. Вынікі мінулага года з’яўляюцца гэтаму яркім пацвярджэннем. Разам мы забяспечылі беспрэцэдэнтны аб’ём фінансавання эканомікі — 16 мільярдаў рублёў, а наш уклад у валавы ўнутраны прадукт склаў 6,5 %, — сказаў старшыня праўлення Сяргей Сталярчук. — Чаканні кіраўніцтва краіны ад нашай працы таксама знаходзяцца на вельмі высокім узроўні. Таму на падмурку леташніх рэкордных паказчыкаў і прафесійных перамог нам неабходна зрабіць гэты год яшчэ больш паспяховым для банка і нашай краіны.
Намеснік старшыні праўлення Канстанцін Панкевіч адзначыў, што ў 2025 годзе Банк развіцця працягне актыўнае садзейнічанне рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, у тым ліку інфраструктурных, ва ўсіх рэгіёнах краіны.
- Асобная ўвага — камерцыйным інвестпраектам, у 2025 годзе іх крэдытаванне будзе павялічана на 20 % у параўнанні з 2024-м. Пры падтрымцы банка плануецца рэалізаваць больш за 60 такіх праектаў у сферы прамысловасці і сельскай гаспадарцы.
Па падтрымцы айчыннага экспарту акцэнт будзе зроблены перш за ўсё на фінансаванні нерэзідэнтаў і павышэнні станоўчай дынамікі экспартных крэдытаў.
Акрамя таго, працягнецца работа па пашырэнні геаграфіі фінансавання і больш маштабнага задзейнічання міжбанкаўскіх інструментаў. У выніку аб’ём экспартнага фінансавання Банкам развіцця плануецца павялічыць на 15 % да ўзроўню 2024 года.
У бягучым годзе падтрымка малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з улікам выбудаваных прыярытэтаў дапоўніцца новымі магчымасцямі і інструментамі для бізнесу.
Па-першае, гэта ўзаемадзеянне з перададзеным банку ў кіраванне Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва ў частцы фінансавай і нефінансавай падтрымкі МСП.
Па-другое, гэта прасоўванне гарантыйнага механізма, удасканальваючы ўмовы прадукту.
Новаўвядзеннем стане распрацоўка лічбавай платформы для суб’ектаў МСП.
У цэлым холдынг Банка развіцця плануе дасягнуць росту па кожным кірунку дзейнасці, тым самым яшчэ больш узмацніць эканоміку нашай краіны.