Top.Mail.Ru

Аб ролі маладога пакалення паразважалі на акцыі «Беларусь адзіная» ў Віцебску

Моладзь сёння іншая?

Эстафету форуму кансалідацыі патрыятычных сіл у сераду прымаў горад Віцебск. Тут прайшла маштабная рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь адзіная», якая традыцыйна з 2021 года крочыць па ўсёй краіне напярэдадні 17 верасня — Дня народнага адзінства. Гэтым разам акцыя аб’яднала 450 чалавек. Запрошаныя эксперты падзяліліся з прысутнымі тым, якой яны бачаць Беларусь у будучыні, а таксама абмеркавалі ролю моладзі ў станаўленні і развіцці нашай краіны.

Акцыя «Беларусь адзіная» паказвае, наколькі адкрыта мы гаворым пра самыя вострыя і актуальныя пытанні нашага жыцця, заявіў старшыня праўлення РДГА «Беларускае таварыства «Веды», генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. Лектар звярнуў увагу, што часам нашы нядобразычліўцы кажуць пра тое, што ў нас усіх заціснулі, што тут няма свабоды слова і магчымасці абмеркавання той ці іншай праблемы. Ён падкрэсліў, што гэта не так: «Наша моладзь верыць у Беларусь, яны звязваюць будучыню са сваёй краінай. Усё гэта 

характарызуе атмасферу, якая ёсць у нашым грамадстве. Немалаважна і тое, што маладыя людзі задаюць даволі шмат пытанняў. Яны датычацца і ідэалогіі, і работы маладых спецыялістаў, і арэнднага жылля, і статусу настаўніка, і іншага».

Па словах Вадзіма Гігіна, многае ў гэтай справе залежыць ад спікераў, якія выступаюць: «Мы пастараліся зрабіць так, каб была прадстаўлена ўся палітра нашага грамадства. Сёння ў Віцебск прыехаў наш вядучы скульптар Канстанцін Касцючэнка, у якога за плячыма вялікая колькасць праектаў і яшчэ шмат — наперадзе. Нядаўна мы былі ў Магілёве, дзе выступаў рэжысёр Кірыл Халецкі — аўтар фільма „Класная“, які ўсе чакаюць. Нашы маладыя лідары, дэпутаты, члены Савета Рэспублікі — гэта людзі, якія шмат зрабілі для нашай краіны. На сустрэчах яны кажуць пра тое, якой будзе Беларусь праз пяць, дзесяць гадоў. І самае галоўнае на такіх сустрэчах — гэта атмасфера, якая пануе ў зале. Калі мы завяршаем акцыю, з кожным годам стараемся развіваць фармат правядзення, напрацоўкі, якія мы здолелі зрабіць падчас „Марафону адзінства“. Для нас важна, што, калі заканчваецца сустрэча, людзі не разыходзяцца, яны падымаюцца на сцэну і прапануюць нейкія свае праекты, ідэі, задаюць дадаткова пытанні. Гэта сведчыць аб тым, што акцыя „Беларусь адзіная“ запатрабаваная ў насельніцтва», — упэўнены эксперт.

Моладзь гатовая праяўляць ініцыятыву і браць на сябе адказнасць за будучыню Беларусі, лічыць член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні Уладзімір Бабічаў. Па яго словах, моладзь у будучыні Беларусі адыгрывае ключавую ролю. Важна, што новыя пакаленні ўсведамляюць сваю адказнасць за родную краіну: «Сёння мы гаворым пра будучыню. І я рады, што сучасная моладзь адкрыта новым ідэям, тэхналогіям, праяўляе ініцыятыву, імкнецца да новых дасягненняў і гатовая браць на сябе адказнасць, працягваючы будаваць будучыню для саміх сябе і для нашай краіны на падмурку, закладзеным старэйшымі пакаленнямі. Пры гэтым маладыя пакаленні выразна разумеюць, што сёння захаванасць адзінства і абарона нашай краіны — галоўныя прыярытэты для таго, каб мы маглі рэалізаваць свой патэнцыял унутры роднай краіны».

Уладзімір Бабічаў таксама падкрэсліў, што цяпер перад маладымі людзьмі стаіць вельмі шмат выклікаў, але ў іх дастаткова энергіі і сіл для таго, каб працягваць упэўнена рухацца наперад: «Сёння, нягледзячы на тое, што наша маладое пакаленне бачыць перад сабой розныя палітычныя і эканамічныя бар’еры, выразна разумеем, што іх можна пераадолець, захаваўшы свой культурны патэнцыял і нацыянальную ідэнтычнасць. Нашы пакаленні нарадзіліся ў незалежнай краіне. Мы жывём, дакладна ведаючы, што наша Радзіма тут, бачым справядлівую палітыку кіраўніка нашай дзяржавы, рэальны клопат і падтрымку людзей. Таму ўпэўнены, што ў Беларусі поспех любога маладога чалавека залежыць ад яго асабістай працавітасці, ведаў і патрыятызму. Так і павінна быць, але забяспечыць гэта можа толькі надзейны, моцны і незалежны лідар. Для нас гэты лідар — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка».

Звяртаючыся да ўдзельнікаў акцыі, Уладзімір Бабічаў заклікаў моладзь праяўляць больш актыўнасці ў грамадскім жыцці, нагадаўшы пра велізарны патэнцыял магчымасцяў, якім яны валодаюць: «Скарыстайцеся гэтым часам для таго, каб працягваць будаваць свет пад назвай Беларусь, дзе можна жыць, вучыцца, сябраваць, любіць, працаваць і зарабляць. Бо наша будучыня, пра якую мы гаворым сёння, пачынаецца са спраў, якія мы сёння ўжо з вамі здзяйсняем. „Беларусь адзіная“ — гэта не проста фраза, гэта наша стратэгія будучыні, у якой мы з вамі жывём».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю