Top.Mail.Ru

Аб рамантыцы жыллёва-камунальнай службы расказвае жанчына, якая працуе ў гэтай сферы чатыры дзясяткі гадоў

«Дапамагаць людзям заўсёды прыемна»

— Добры дзень! Чым мы можам вам дапамагчы? — менавіта такімі словамі вітае нас дыспетчар жыллёва-эксплуатацыйнага ўпраўлення. 

І мы тут жа пачынаем расказваць пра свае праблемы: цячэ кран, знікла святло, трэба тэрмінова расчысціць вуліцу... І калі для нас гэта звычайнае тэлефанаванне, для іншых гэта прафесійны абавязак, які трэба выканаць адказна і тэрмінова. Тое, наколькі своечасова будзе ўстаранёна непаладка, залежыць ад зладжанай работы дыспетчара. На першы погляд, гэта звычайная праца. Аднак, калі пазнаёміцца больш падрабязна, разумееш, што гэта прафесія патрабуе высокай арганізаванасці і ўмення знайсці да чалавека індывідуальны падыход. А вось для Кацярыны Серафіновіч, дыспетчара ЖЭУ № 9 Фрунзенскага раёна г. Мінска, работа стала не проста прафесіяй, а любімай справай, з якой яна не развітваецца на працягу 40 гадоў.

— Прызнаюся шчыра: кожны раз, прыходзячы на працу, я атрымліваю зарад выдатнага настрою. Дыспетчар задае тон работы ўсяго калектыву, настройвае работнікаў на пазітыў, таму кожны працоўны дзень я пачынаю з усмешкай, — адзначае Кацярына Сцяпанаўна. 

— Штодзень у адзіную дыспетчарскую службу (лінію 115) паступаюць дзясяткі зваротаў ад жыхароў сталіцы. Я ж павінна пазваніць кожнаму заяўніку і ўзгадніць з ім час прыходу спецыяліста. Адным зручна прыняць майстра да абеда, другім — пасля. Мне трэба ўсё дакладна абмеркаваць і паведаміць інфармацыю работніку ЖЭУ. Нярэдка людзі тэлефануюць адразу мне, а я прымаю меры. І так — кожны дзень.

Прафесійны лёс Кацярыны Серафіновіч склаўся менавіта так, бо ў маладосці зрабіла выбар на карысць сям’і. І сёння яна прызнаецца, што аб тым выбары ні разу не пашкадавала.

— Я нарадзілася ў сям’і, дзе выхоўвалася васьмёра дзяцей, і кожнаму бацькі імкнуліся даць добрую адукацыю. Марыла звязаць сваё жыццё з творчасцю. Скончыла Гродзенскі каледж мастацтваў, спецыяльнасць «Харавое дырыжыраванне», але ўсе мае далейшыя планы змяніліся, бо выйшла замуж і пераехала ў Мінск.

Спачатку Кацярына Серафіновіч працавала выхавальніцай у інтэрнаце завода будматэрыялаў. Аднак маладой сям’і, дзе ўжо падрастала дачушка, было няпроста здымаць кватэру. Спецыялістам, якія прыходзілі на працу ў жыллёва-эксплуатацыйнае ўпраўленне, прапаноўвалася жыллё, таму жанчына не раздумваючы ўладкавалася сюды. Спачатку працавала ў ЖЭУ № 1 Маскоўскага раёна сталіцы, цяпер ужо пяць гадоў у жыллёва-эксплуатацыйным упраўленні Фрунзенскага раёна. Працуючы па абранай прафесіі, Кацярына Сцяпанаўна скончыла Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва».

— Вядома, вельмі хочацца, каб у дамах людзей былі ўтульнасць, цеплыня і камфорт. Афіцыйна мой працоўны дзень пачынаецца ў 8.45, але я заўсёды прыходжу ў 7.30. Мне трэба звязацца з кожным заяўнікам, а на гэта патрабуецца шмат часу. У 8.45 я ўжо перадаю майстру пералік заявак. 

У сярэднім за дзень у дыспетчарскую службу іх паступае каля 70, а то і больш. Нярэдка людзі, якія звяртаюцца з той ці іншай заяўкай, узрушаныя, абураюцца. У такім выпадку кожнага імкнуся супакоіць, знайсці патрэбныя словы, каб чалавек не нерваваўся. Завяршаю свой працоўны дзень пазней, таму што заўсёды падтрымліваю парадак на рабочым месцы.

Па прыкладзе маці пажадала звязаць сваё жыццё з работай у жыллёва-эксплуатацыйным упраўленні і дачка Кацярыны Сцяпанаўны Алена. У свой час яна скончыла Беларускі дзяржаўны каледж прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і цяпер працуе намеснікам дырэктара таксама ў ЖЭУ Фрунзенскага раёна.

— Вашу працу нельга назваць лёгкай, — заўважаю ў размове з гераіняй.

— Ведаеце, я настолькі люблю сваю работу, што ніякіх цяжкасцяў не заўважаю. Я гатова працаваць круглыя суткі і ад сваёй працы атрымліваю толькі задавальненне, — адзначае суразмоўніца. — Дапамагаць людзям заўсёды прыемна. Вельмі хочацца вырашыць усе пытанні як мага хутчэй, але звароты паступаюць кожны дзень, таму загадзя нічога прадказаць немагчыма.

Падчас размовы з Кацярынай Сцяпанаўнай я адчула прыемную цеплыню.

— Што вам дорыць жыццёвую энергію?

— Знаходжанне на свежым паветры, сярод маляўнічых краявідаў. З задавальненнем працую на лецішчы, у цёплую пару шчырую на агародзе. Люблю хадзіць у лес, збіраць грыбы і ягады. А яшчэ я актыўна ўдзельнічаю ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца нашым прадпрыемствам. Нядаўна, напрыклад, удзельнічала ў спаборніцтвах па біятлоне, якія праводзіліся ў Раўбічах. Вельмі люблю спяваць, чытаць вершы і не раз прадстаўляла наша жыллёва-эксплуатацыйнае ўпраўленне ў розных конкурсах. Мне таксама вельмі падабаецца кіраваць аўтамабілем.

Самым жа галоўным скарбам у сваім жыцці Кацярына Сцяпанаўна лічыць сваіх чатырох унучак: Ілону, Мілану, Аніту і Ясенію. Дзяўчынкі часта прыязджаюць да любімай бабулі, якая гатуе для іх смачныя стравы.

— У чым жа сакрэт вашага жыццёвага аптымізму?

— Лічу, што вельмі важна займацца любімай справай. Калі работа прыносіць радасць і задавальненне — гэта вялікае шчасце.

Вось што з’яўляецца сакрэтам працоўнага поспеху, — шчыра прызнаецца жанчына, якая без любімай работы не ўяўляе свайго жыцця.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю