Шматдзетным маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, прадастаўлена права на працоўную пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту на пяць гадоў. Пры гэтым устаноўлены паніжаныя патрабаванні да стажу работы. Патрабуецца пяць гадоў работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў (страхавы стаж) і 15 гадоў агульнага стажу (з улікам страхавога).
Незалежна ад узросту пенсія па ўзросце назначаецца шматдзетным маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей і выхавалі іх да 16 гадоў, пры стажы работы на сельгаспрадпрыемстве ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі не менш як 10 гадоў (без заліку ў стаж часу догляду дзяцей).
Шматдзетным маці, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, працоўная пенсія па ўзросце назначаецца па дасягненні імі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту пры паніжаным страхавым стажы (5 гадоў) і пры наяўнасці 20 гадоў агульнага стажу (з улікам страхавога).
У агульны стаж разам з перыядамі работы залічваюцца перыяды догляду дзяцей ва ўзросце да трох гадоў агульнай працягласцю не больш за 12 гадоў.
У міністэрстве таксама нагадалі асноўныя ўмовы для пенсіі па ўзросце. Для мужчын агульны стаж работы павінен складаць не менш як 25 гадоў, для жанчын — не менш як 20 гадоў. Пенсійны ўзрост у Беларусі для мужчын — 63 гады, жанчын — 58 гадоў. Страхавы стаж пры гэтым павінен быць не менш як 20 гадоў.