Як правільна падрыхтаваць аўтамабіль да эксплуатацыі ў маразы, далі некаторыя рэкамендацыі ва ўпраўленні ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама, паведамляе БелТА.
Першачарговую ўвагу трэба звярнуць на акумулятар. Пры нізкіх тэмпературах яго ёмістасць зніжаецца, а нагрузка на яго ўзрастае з-за больш шчыльнага масла ў рухавіку і неабходнасці прагрэву салона. Акумулятар рэкамендуюць зарадзіць, калі ж ён у выкарыстанні больш за 3-4 гады і праяўляў прыкметы слабасці, яго лепш замяніць, каб пазбегнуць непрыемных сітуацый. Рэкамендуецца таксама праверыць клемы на прадмет акіслення і надзейнасці іх мацавання.
Не менш важная падрыхтоўка рухавіка і яго сістэм. «Маторнае масла, якое выкарыстоўваецца ў летні перыяд, пры моцных маразах можа загусцець, што ўскладніць запуск рухавіка і павялічыць яго знос. Рэкамендуецца перайсці на нізкатэмпературнае масла з адпаведнай вязкасцю. Праверка ўзроўню і стану ахаладжальнай вадкасці таксама абавязкова. Антыфрыз павінен быць разлічаны на адпаведныя маразы, а яго ўзровень — у норме. Важна пераканацца, што ён не страчвае сваіх уласцівасцей. Сістэма падачы паліва таксама патрабуе ўвагі: рэшткі вады ў бензіне могуць замерзнуць, утварыўшы ледзяныя пробкі ў паліваправодах. Таму выкарыстанне якаснага паліва і спецыяльных прысадак, якія прадухіляюць утварэнне кандэнсату, будзе вельмі дарэчы», — адзначылі ў ДАІ.
Паклапаціцеся аб добрай бачнасці. Шклоачышчальнікі павінны быць у спраўным стане, а іх рызінкі — эластычнымі. Зімовыя шчоткі шклоачышчальніка, устойлівыя да абледзянення, могуць стаць выдатным укладаннем. Трэба пераканацца ў наяўнасці дастатковай колькасці незамярзальнай вадкасці.
«Інструменты ніколі не будуць лішнімі. У багажніку заўсёды павінны знаходзіцца: шчотка для снегу і скрабок для лёду, невялікая рыдлёўка, буксіровачны трос, правады для „прыкурвання“, а таксама запас незамярзальнай вадкасці. Зімовы аэразольны пуск для рухавіка можа спатрэбіцца ў моцны мароз, а цёплыя пальчаткі і плед могуць стаць сапраўдным выратаваннем у цяжкай сітуацыі», — падкрэслілі ў Дзяржаўтаінспекцыі.