Зямля і нерухомасць у «лічбе»
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Віталь Нявера расказаў пра маштабную карэкціроўку заканадаўства ў сферы дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, работа над якой вялася летась. Дзякуючы ёй удалося значна спрасціць працэдуру.
«З’явілася такое паняцце, як экстэрытарыяльнасць,— адзначыў кіраўнік дзяржкамітэта.— Гэта значыць, грамадзяніну больш не трэба абавязкова здзяйсняць здзелку там, дзе знаходзіцца аб’ект нерухомасці. Усё гэта можна зрабіць экстэрытарыяльна, то-бок там, дзе яму зручна». Больш за тое, падкрэсліў старшыня Дзяржкаммаёмасці, цяпер здзелкі з аб’ектамі нерухомасці даступныя ў рэжыме анлайн, калі прадавец знаходзіцца ў адным горадзе, а пакупнік — у іншым. Мінулы год адзначыўся і падрыхтоўкай змяненняў у Кодэкс аб зямлі, каб даць асобным катэгорыям грамадзян і юрыдычных асоб магчымасць растэрміноўкі для легалізацыі зямель. Адпаведны законапраект прайшоў ужо першае чытанне.
У сферы землеўпарадкавання, як адзначыў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Мікалай Бобер, ключавымі кірункамі застаюцца распрацоўка схем тэрытарыяльнага планавання адміністрацыйных раёнаў, кадастравая ацэнка зямель сельскагаспадарчага прызначэння і забеспячэнне дзяржаўнага ўліку зямель. Усе гэтыя работы выконваюцца з выкарыстаннем уласных інфармацыйных рэсурсаў ведамства. Значны аб’ём у рабоце спецыялістаў займаюць працэсы адабрання і выдзялення зямельных участкаў. Без гэтай працэдуры немагчымы пачатак будаўніцтва ні аднаго аб’екта ў краіне, таму штогод у Беларусі афармляюцца тысячы такіх спраў — як для юрыдычных, так і для фізічных асоб.
Як адзначыў Мікалай Бобер, з 2022 года, калі стала магчымым легалізаваць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі, было абследавана каля 1,3 мільёна ўчасткаў, з якіх каля 280 тысяч аказаліся самавольна занятымі. На сёння такімі застаюцца яшчэ каля 80 тысяч — трэць ад агульнага аб’ёму. Да 1 студзеня 2028 года грамадзяне і юрыдычныя асобы могуць узаконіць гэтыя землі. У Дзяржкаммаёмасці выказваюць упэўненасць, што задача будзе вырашана ва ўстаноўлены тэрмін.
Мясцовыя органы ўлады вядуць карпатлівую работу і па выяўленні пустых дамоў, вышуку іх спадчыннікаў і ўстанаўленні ўладальнікаў. Дарэчы, калі ўласнікаў няма, дом перадаецца ў камунальную ўласнасць і затым выстаўляецца на продаж, у тым ліку за адну базавую велічыню: «За мінулы год было ўведзена ў абарот сем тысяч зямельных участкаў з пустымі дамамі, з іх дзве тысячы прададзены, у тым ліку за адну базавую, — адзначыў Мікалай Бобер. — Пяць тысяч дамоў было знесена. Але зносяцца толькі тыя, якія ўжо не могуць быць адноўлены і не ўяўляюць цікавасці для продажу або пакупкі. А зямельныя ўчасткі, што пры гэтым вызваляюцца, уводзяцца ў абарот або перадаюцца грамадзянам ці сельскагаспадарчым арганізацыям, якія гатовыя іх апрацоўваць».
Усяго ў Адзіным рэестры пустых дамоў, створаным яшчэ ў 2023 годзе, цяпер каля 49 тысяч аб’ектаў. Рэестр даступны ўсім жадаючым і дазваляе не толькі адсочваць вынікі работы камітэта, але і самастойна падбіраць нерухомасць для набыцця.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц