Top.Mail.Ru

Аб’екты прыдарожнага сэрвісу прырастаюць і ўдасканальваюцца

Кіраўнік дзяржавы неаднойчы звяртаўся да пытання развіцця прыдарожнага сэрвісу — гэта як эфектыўнае выкарыстанне транзітных магчымасцяў нашай краіны, так і стварэнне новых рабочых месцаў для беларусаў і ў цэлым павышэнне камфорту грамадзян. Зручныя аўтазапраўкі з магчымасцю набыць спадарожныя тавары, утульныя прыдарожныя кафэ, гатэлі прыцягваюць турыстаў, якія падарожнічаюць па нашай краіне як на аўтобусах, так і на ўласных аўтамабілях. Пастаўленыя Прэзідэнтам задачы выконваюцца — штогод прыдарожны сэрвіс удасканальваецца і радуе новымі магчымасцямі і сучаснымі сэрвісамі.


Дзяржаўны прыярытэт

Сёння ў краіне на аўтамабільных дарогах дзейнічае 423 аўтазаправачныя станцыі, 48 гасцініц, 45 мыек для аўтатранспарту, 20 матэляў, ці кемпінгаў, 607 прадпрыемстваў гандлю, 581 кафэ і пункт харчавання, 78 станцый тэхнічнага абслугоўвання. Большасць з гэтых аб’ектаў размешчаны на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах, але ёсць такія і на найбольш інтэнсіўных мясцовых дарогах.

— У нашай краіне развіццю сэрвісу, таксама як і развіццю аўтамабільных дарог надаецца вялікае значэнне. Гэта з’яўляецца дзяржаўным прыярытэтам і адлюстравана ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця. Наша задача — сумесна з прыватным бізнесам, з нашымі аўтазаправачнымі станцыямі стварыць усе ўмовы для карыстальнікаў дарог, для таго каб яны камфортна, бяспечна перасоўваліся, мелі магчымасць адпачыць, заправіцца, перакусіць, скарыстацца паслугамі санітарных збудаванняў, — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей ЛЯВОНЧЫК.


Ён падкрэсліў, што нарматыўная прававая база, створаная ў краіне, дае магчымасць усім уладальнікам існуючых аб’ектаў сэрвісу, як і патэнцыяльным інвестарам, усведамляць, што ўмовы дзейнасці на дарогах будуць стабільнымі і не зменяцца.

— Мы выступаем за тое, каб аб’екты прыдарожнага сэрвісу будаваліся на зямельных участках, якія даюцца ў доўгатэрміновую арэнду. Гэта значыць, пабудаваўшы аб’ект, уладальнік будзе ўпэўнены: ніхто гэтую зямлю не выключыць для дзяржаўных ці іншых патрэб і ён можа спакойна інвеставаць, — звярнуў увагу прадстаўнік Міністэрства транспарту і камунікацый.

Адным з інструментаў сістэмнага ўзаемадзеяння з інвестарамі з’яўляецца распрацоўка генеральнай схемы развіцця прыдарожнага сэрвісу на рэспубліканскіх дарогах. У кастрычніку мінулага года быў зацверджаны новы такі дакумент — на 2026–2030 гады. У ім, акрамя пераліку дзейных аб’ектаў сэрвісу, указаны і тыя, што будуюцца і праектуюцца, а таксама прапанаваны новыя месцы для будаўніцтва. Патэнцыяльныя ўладальнікі могуць пазнаёміцца з прапанаванымі ўчасткамі, якія адзначаны ўздоўж аўтамабільных дарог, і абраць упадабаны для будаўніцтва новых аб’ектаў.

У краіне рэканструююцца дзеючыя і адкрываюцца новыя аб’екты прыдарожнага сэрвісу. Летась пачалі работу пасля рэканструкцыі і новага будаўніцтва 14 аўтазаправачных станцый, 6 пунктаў харчавання, 3 аўтамабільныя мыйкі, 2 пункты тэхнічнай дапамогі, 1 пункт гандлю. Таксама вядзецца мадэрнізацыя і пашырэнне гандлёвых плошчаў, зон харчавання на аўтазаправачных комплексах — летась такая работа праведзена на 22 аб’ектах.


— У цэлым за мінулы год тыя задачы, якія ставіліся кіраўніком дзяржавы некалькі гадоў таму па развіцці сферы паслуг, прыцягненні інвестыцый і стварэнні новых працоўных месцаў, выкананы. Летась дадаткова створана 80 рабочых месцаў, — расказаў Сяргей Лявончык. — Гэта добра, бо мы бачым, што паслугі па сэрвісным абслугоўванні на дарозе карыстаюцца попытам у нашага насельніцтва і транзітных перавозчыкаў, і гатовы да далейшага развіцця гэтай сферы.

Ад звыклых паслуг да новых сэрвісаў

Каля 70 % заправачных станцый у краіне — АЗС кампаніі «Беларуснафта». Сёння гэта 577 аўтазаправачных станцый, размешчаных раўнамерна па ўсёй Беларусі. Там маецца 495 пунктаў харчавання, 478 магазінаў, 36 аўтамыек, 12 СТА, 40 платных аўтастаянак, на 450 аб’ектах можна скарыстацца паслугамі пыласосаў і падпампаваць шыны, дзейнічае 20 стаянак для караванераў.

— Сучасная АЗС сёння — не толькі месца, дзе аўтамабіліст запраўляе паліва, хоць мы заўсёды гэтаму аддаём самую вялікую ўвагу з пункту гледжання якасці паліва і стварэння пэўнай колькасці яго запасаў на заправачных станцыях. Сёння там аказваецца вялікі спектр паслуг. У крамах шырокі асартымент тавараў, неабходных аўтамабілістам у дарозе: харчаванне, ахаладжальныя і гарачыя напоі, іншыя тавары, у тым ліку прадукцыя для аўтамабіля — шчоткі, шклоамывальнікі, шклоачышчальнікі, аўталямпы і інш. На нашых паліцах мы папулярызуем і аддаём перавагу таварам беларускай вытворчасці, — расказаў начальнік упраўлення забеспячэння вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі «Беларуснафты» Валерый АТРОШЧАНКА.

У перспектыве вытворчае аб’яднанне ставіць задачу павялічыць аб’екты, але не колькасна, а якасна. Найперш гэта рэканструкцыя старых заправачных станцый. У мінулым годзе іх было рэканструявана 12, сёлета істотна абновяць яшчэ 8. Акрамя таго, у бягучым годзе пабудуюць 4 заправачныя станцыі (тры ў Мінску і адна ў аграгарадку Гомель Віцебскай вобласці).

Акрамя паслуг крамы, кафэ, падпампоўкі шын, пыласоса, аўтастаянак на заправачных станцыях, даступны паслугі па аплаце страхоўкі, платных дарог, па запраўцы электрычнага транспарту. Са з’яўленнем новых сэрвісаў даступны і шэраг новых паслуг. Напрыклад, мабільная форма аплаты без звароту да аператара на любой аўтазапраўцы «Беларуснафты»: дастаткова спампаваць дадатак і сканаваць штрых-код палівараздатачнай калонкі.

Аднак сучасныя мабільныя сэрвісы, якімі сёння многія карыстаюцца ў мабільных тэлефонах, напрыклад, тыя ж карты з указаннем турыстычных аб’ектаў, не адмяняюць развіцця інфармацыйных сэрвісаў уздоўж дарог. Для зручнасці турыстаў указальнікі турыстычных аб’ектаў першай катэгорыі па агульнасусветнай практыцы размяшчаюцца на дарожных знаках на карычневым фоне, і работа па іх афармленні і ўстаноўцы будзе працягнута.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю