Гэтыя касмічныя апараты — беларускія распрацоўкі па дзяржаўнай праграме «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка».
Праз гадзіну пасля старту спадарожнікі аддзяліліся ад разгоннага блока і выйшлі на нізкую калязямную арбіту на вышыні каля 500 км. Дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук запуск назірала на касмадроме.
«З апаратамі ўстаноўлена ўстойлівая сувязь, атрымана тэлеметрыя. Апараты ў рабочым стане, антэны і сонечныя батарэі раскрытыя. Бартавыя сістэмы працуюць штатна. Сувязь устойлівая. У цяперашні час апараты ўзятыя на кіраванне. Работы па ўдасканаленні сістэмы працягваюцца. Створаная на базе апарата NANBSat-1 сістэма радыёметрычнага кантролю касмічнай прасторы будзе ўдасканальвацца ў рамках наступнай праграмы, якая будзе працаваць з 2026 па 2030 год», — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Іван Буча. Ён адзначыў, што праведзены перагаворы з кіраўніком «Раскосмасу», на якіх абмеркаваны бягучы стан і перспектывы пашырэння супрацоўніцтва.
Тэрмін работы апаратаў не менш за 5 гадоў. Тэхналогіі дазволяць праводзіць стэрэаметрычную і аб’ёмную здымку паверхні Зямлі. Даныя будуць выкарыстоўвацца для стварэння базы 3D-малюнкаў планеты і маніторынгу надзвычайных сітуацый.
«На адным з апаратаў, NANBSat-1, устаноўлена апаратура для зандзіравання іонасферы. Каб забяспечыць жывучасць апарата не менш як пяць гадоў, там практычна ўсе сістэмы задубляваныя. У нас ужо ёсць вопыт рэзервавання жыццёва важных сістэм на нашым беларускім апараце, які пры гарантыйным тэрміне 5 гадоў адпрацаваў больш за 12. Другі касмічны апарат — NANBSat-2 — гэта апарат паскладаней. Там устаноўлены тры камеры. Адна бачнага дыяпазону і дзве — інфрачырвонага. Будуецца трохмерная мадэль іонасферы. У далейшым у такой інфармацыі зацікаўлены нашы арганізацыі энергетычнага сектара. У прыватнасці, наша атамная станцыя і чыгунка», — расказаў дырэктар прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Залаты.