У зале № 4 Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая раскрывае тэму абарончых баёў на тэрыторыі Беларусі, пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўлены комплекс асабістых рэчаў Героя Савецкага Саюза Льва Міхайлавіча Даватара.
Сярод іх — паштоўкі, якія знакаміты военачальнік адрасаваў сваім дзецям. У перапынках паміж жорсткімі баямі камандзір 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса 16-й арміі Заходняга фронту імкнуўся падтрымліваць сувязь з сям’ёй. У адной з паштовак Леў Даватар звяртаўся да свайго сына. «Давай мы з табой паспаборнічаем, — пісаў ён. — Ты будзеш вучыцца на выдатна, а я гэтак жа буду біць фашыстаў».
Паштоўкі, адрасаваныя дарагім людзям, былі перададзены ў музей жонкай легендарнага камандзіра пасля вайны,
у 1958 годзе. Як вядома, да Перамогі Леў Даватар не дажыў. Яшчэ праз некалькі гадоў музейныя фонды папоўніліся асабістымі рэчамі Героя Савецкага Саюза: гімнасцёркай, палявой кніжкай-блакнотам, партфелем, компасам, лінейкай. Сямейныя рэліквіі ў музей прынесла дачка Даватара — Рыта.
50 тысяч марак — за мёртвага Даватара, 100 тысяч — за жывога
Дарэчы, не многія ведаюць, што Леў Даватар — наш зямляк. Ураджэнец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, з сялянскай сям’і, скончыў царкоўнапрыходскую школу, а таксама школу другой ступені. Працаваў на льнопрадзільнай фабрыцы ў Віцебску, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці.
У шэрагі Чырвонай Арміі камсамолец уступіў у верасні 1924 года. Служыў на розных пасадах, а ў 1929 годзе Леў Даватар скончыў Барысаглебска-Ленінградскую кавалерыйскую школу камсаставу Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Гады службы ў розных воінскіх злучэннях, заканчэнне Ваеннай акадэміі імя М. Фрунзэ дазволілі яму займаць кіруючыя пасады. Перад вайной Леў Даватар быў прызначаны начальнікам штаба 36-й кавалерыйскай дывізіі Беларускай асобай ваеннай акругі.
- Калі пачалася Вялікая Айчынная, Леў Даватар лячыўся ў маскоўскім шпіталі. Вярнуцца ў сваю дывізію не атрымалася — яна трапіла ў акружэнне. Афіцэр быў залічаны ў распараджэнне штаба Заходняга фронту. У ліпені 1941 года быў прадстаўлены да першай баявой узнагароды — ордэна Чырвонага Сцяга.
У жніўні таго ж года Леў Міхайлавіч узначальвае Асобную кавалерыйскую групу, сфарміраваную з некалькіх кавалерыйскіх палкоў. Пад яго камандаваннем буйное коннае злучэнне здзяйсняла рэйды ў варожы тыл, наносячы ўдары па камунікацыях і жывой сіле гітлераўцаў. Напрыклад, толькі за больш як двухтыднёвы рэйд у лясы і балоты Смаленшчыны даватарцы знішчылі звыш 2500 варожых салдат і афіцэраў, 9 танкаў, больш за дзве сотні машын, некалькі ваенных складоў. Трафейная зброя была перададзена ў партызанскія атрады. Поспехі кавалерыстаў Чырвонай Арміі ў глыбокім варожым тыле наводзілі паніку на фашыстаў.

«За пошукі Льва Міхайлавіча нямецкая армія прапаноўвала ўзнагароджанне, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ганна ЛУКАШЭВІЧ. — 50 тысяч марак — за мёртвага Даватара, 100 тысяч — за жывога. Па тым часе — вялікія грошы! Але ў атачэнні Льва Міхайлавіча здраднікаў не знайшлося. Яго ўсе паважалі, шанавалі як камандзіра. Кавалерысты-даватарцы былі няўлоўныя».
З асабістых запісаў гвардыі генерал-маёра, якія захоўваюцца ў музейнай экспазіцыі, можна даведацца, што сам Даватар думаў аб такой прапанове нямецкага камандавання. «Па-першае, танна прадалі, — пісаў ён. — Па-другое, за нямецкага салдата ці нават генерала я бы ламанага граша не аддаў. І, па-трэцяе, замест жалезных крыжоў я магу даць ім драўляныя» (разам з грашовай узнагародай за жывога або мёртвага Даватара прапаноўваліся нямецкія крыжы).
Моцнае сяброўства і трагічны лёс
Восенню 1941 года 3-і кавалерыйскі корпус (26 лістапада 1941 года перайменаваны ў 2-і гвардзейскі кавалерыйскі корпус) пад камандаваннем Даватара ўдзельнічаў у цяжкіх абарончых баях на подступах да Масквы. У тым ліку на валакаламскім напрамку, дзе ў лістападзе 1941 года стаялі на смерць легендарныя панфілаўцы.
Па ўспамінах удзельнікаў тых падзей, генерал Даватар пастаянна знаходзіўся ў дзейных часцях корпуса, падтрымліваў баявы дух кавалерыстаў, якія мужна змагаліся. У ходзе аднаго з баёў пры абароне Масквы 19 снежня 1941 года ён трапіў пад кулямётную чаргу і атрымаў сур’ёзнае раненне. Загінуў. У снежні таго ж года генералу Даватару пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
«Леў Даватар сябраваў з яшчэ адным легендарным камандзірам Вялікай Айчыннай вайны Іванам Панфілавым, — расказвае Ганна Лукашэвіч. — Невыпадкова іх пахаванні на Новадзявочых могілках у Маскве знаходзяцца побач. І загінулі военачальнікі-сябры з розніцай у месяц. Падчас жорсткіх баёў пры абароне Масквы, калі ўсе намаганні былі накіраваны на тое, каб праціўнік не дайшоў да сталіцы».
На момант гібелі адважнаму камандзіру было 38 гадоў. Пасля вызвалення Беларусі сям’я Даватара — жонка і двое дзяцей — вярнуліся з эвакуацыі на радзіму: у Віцебскую вобласць, Бешанковіцкі раён.
Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА