Павел Іларыёнавіч Голубеў быў камандзірам артылерыі партызанскай брыгады імя Сталіна, жонка яго, Вера Ільінічна, — радавой партызанкай. Ім, абодвум, пашчасціла здабыць Перамогу і застацца жывымі... Не дзіва, што менавіта партрэтамі бацькоў адкрывалася выстаўка карцін іх сына.
Віктар Паўлавіч — чалавек вельмі сціплы: мастаком сябе не лічыў і не лічыць. Нарадзіўся ў 1938-м — дзяцінства адняла вайна. Пасля заканчэння васьмі класаў, Клайпедскай мараходкі і Ленінградскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча хадзіў па Балтыйскім і Каспійскім морах, Індыйскім акіяне, працаваў на Паўночнай Атлантыцы. Там, прызнаецца, не да творчасці было... Да малявання, якім захапляўся яшчэ ў школе, Віктар Паўлавіч вярнуўся хіба пасля службы.
...Пра многае могуць расказаць карціны мастака. А галоўнае, што яны здольныя аб’ядноўваць: Віктар Паўлавіч часта наведвае літаратурныя вечарыны народнага калектыву «Натхненне», з радасцю дорыць удзельнікам свае работы. Не дзіва, што яны таксама адгукнуліся: можна сказаць, аздобілі карціны (а сярод іх і адмысловыя копіі вядомых палотнаў) вершаванымі творамі.
На сустрэчу, на адкрыццё выставы ў наш цэнтр культуры і народнай творчасці Віктар Паўлавіч прыйшоў разам са сваёй вернай спадарожніцай Людмілай Іванаўнай у строгім, але ж цывільным касцюме. Ваенную форму капітана другога рангу адзявае (яго словы: «як і належыць афіцэру») двойчы на год — 23 лютага і 9 Мая.
Аляксандр Матошка, г. Расоны
Фота БелТА