Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
Бадай ці не самым трапным азначэннем для мінулага рабочага тыдня беларускага лідара будзе «вызначальны». З лёгкай рукі кіраўніка дзяржавы краіна пачала жыць з новым урадам. Аляксандр Лукашэнка абнавіў склад урада і кожнаму міністру паставіў задачы, на якія будзе звернутая асабліва ўвага. Падчас знаёмства з выстаўкай найноўшых расійскіх беспілотных сістэм беларускі лідар паставіў шэраг задач і айчыннаму ваенна-прамысловаму комплексу. Аднак толькі на задачах для ВПК не спыніліся, была звернута ўвага на сельскую гаспадарку, турызм, навуку і медыцыну. На мінулым тыдні імя Прэзідэнта Беларусі было ў топе сусветных навін. Нарэшце выйшла яго поўнае інтэрв’ю амерыканскаму блогеру Марыа Наўфалу. А напрыканцы тыдня Прэзідэнт Беларусі правёў перагаворы з прэм’ер-міністрам М’янмы. Адна інфанагода цікавейшая за другую...
1.«Вы ведаеце ініцыятыву „Адзін раён — адзін праект“ — гэта ініцыятыва мае сваё развіццё, яна кантралюецца непасрэдна віцэ-прэм’ерам. Я гатовы да таго, каб на аснове гэтай ініцыятывы мы бачылі новыя ідэі. Але інвестыцыі павінны нарастаць. Мы плануем, што за пяцігодку мы атрымаем рост інвестыцый прыкладна на трэць», — такую задачу для эканамічнага блока ўрада, які ўзначальвае першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, паставіў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на неабходнасць працягваць рэалізацыю буйных інвестыцыйных праектаў, сярод якіх, напрыклад, Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, індустрыяльны парк «Вялікі камень», вытворчасць легкавых аўтамабіляў і іншыя.
2.«Нам трэба звярнуць увагу на адток людзей з рэгіёнаў. Ні ў якім разе нельга дапускаць гэтага адтоку. Дыферэнцыяцыя ў заработнай плаце павінна быць скарочана. Людзі павінны атрымліваць заработную плату ў рэгіёнах прыкладна такую ж, як у Мінску», — яшчэ адна задача для ўрада, агучаная кіраўніком дзяржавы.
3.«Ніхто не мог і падумаць. Але адзін чалавек, які рызыкнуў гэта зрабіць, — Дональд Трамп — вельмі хутка сітуацыю з галавы на ногі паставіў. Будзем спадзявацца. Яны малайцы. І Трамп малайчына, што ён часта гаворыць і штосьці робіць ужо ў напрамку таго, каб спыніць вайну ва Украіне, спыніць вайну на Блізкім Усходзе. Гэта дарагога варта ў знешняй палітыцы. Мне здаецца, і іншай палітыкі няма ў яго, як спыніць вайну. Выдатная ідэя. Вось тут я гатовы стаць побач і рабіць усё тое, што неабходна для спынення вайны і паляпшэння жыцця людзей». — у інтэрв’ю Марыа Наўфал актыўна цікавіўся меркаваннем беларускага лідара наконт дзеянняў Прэзідэнта Амерыкі Дональда Трампа. І прадказальна атрымліваў шчырыя і прамыя адказы.
4.«Што я параіў бы Трампу: не трэба ні з таго ні з сяго нападаць на Кітай. З Кітаем вам трэба дамовіцца. Я ведаю вельмі добра Кітай. На маіх вачах Кітай развіваўся. Вы Кітай не спыніце. Гэта не мы, не Расія. Гэта Кітай. Там народ заточаны, паўтара мільярда чалавек заточаны абараняць да апошняга Кітай. Дамоўцеся з кітайцамі. Гэта будзе ў інтарэсах усёй планеты. Магу абсалютна дакладна сказаць: Сі Цзіньпін не тое што вайны не хоча, ён не хоча ніякага абвастрэння адносін. Яму не трэба канфрантацыя. Гэта ў крыві ў кітайцаў. Яны ціха, спакойна будуць нешта рабіць, яны разумеюць, што ў гэтай цішыні могуць мець поспех. І маюць поспех. Яны ніяк не прымаюць вайны». — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў тым жа інтэрв’ю. Яго меркаванне наконт геапалітычнай сітуацыі аказалася вельмі цікавым для заходняй аўдыторыі.
5.«Павінен вам сказаць, што нараўне з негатыўнымі тэндэнцыямі ў свеце і праявамі ў выглядзе канфліктаў і войнаў, мы маем станоўчую дынаміку для нашых краін для Беларусі і М’янмы. Аналізуючы дынаміку нашага супрацоўніцтва, я прыходжу да высновы, што мы ўсё ж выбудавалі падмурак нашых будучых адносін. І сёння нам трэба рухацца наперад, далей», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з прэм’ер-міністрам М’янмы Мін Аун Хлайнам. Па выніках перагавораў у Палацы Незалежнасці падпісаны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве паміж краінвмі. І гэта вельмі важна, бо, па словах Прэзідэнта, лакаматывам нашага супрацоўніцтва павінны стаць канкрэтныя эканамічныя праекты ў найбольш перспектыўных галінах.