Top.Mail.Ru

Аб асноўных напрамках дзяржпадтрымкі сем'яў з дзецьмі нагадалі ў Мінпрацы

Беларусь застаецца адной з нямногіх краін, дзе аплатны водпуск па доглядзе дзіцяці можна выкарыстоўваць да дасягнення ім трох гадоў. Як яшчэ дзяржава падтрымлівае сем’і, нагадалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Са жніўня 2026 года аднаразовая выплата пры нараджэнні першага дзіцяці складае 5303,7 рубля, пры нараджэнні другога і наступных — 7425,18 рубля. Калі жанчына становіцца на медыцынскі ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці, то яна атрымлівае дадатковую аднаразовую дапамогу ў памеры бюджэту пражытачнага мінімуму (530,37 рубля — актуальна па 31 кастрычніка).

Адзін з бацькоў атрымлівае штомесячную дапамогу па доглядзе дзіцяці, нават калі працуе. На першае дзіця сума складае 1057,70 рубля, на другое і наступных — 1208,8 рубля.

Пры выхадзе на няпоўны працоўны дзень (0,5 стаўкі) або рабоце дома да дасягнення дзіцем трох гадоў дапамога па доглядзе захоўваецца ў поўным аб’ёме. Пры поўнай занятасці дапамога выплачваецца ў памеры 50 %. Разам з дапамогай па доглядзе дзіцяці ўсе тры гады выплачваецца дапамога на старэйшых дзяцей (50 % бюджэту пражытачнага мінімуму, гэта значыць 265,19 рубля на сям’ю).

Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці сям’я афіцыйна атрымлівае статус шматдзетнай (да дасягнення аднаго з дзяцей узроста 18 гадоў), а разам з ім — дадатковыя жыллёвыя, падатковыя і сацыяльныя льготы. Напрыклад, калі ў сям’і нараджаецца або ўсынаўляецца трэцяе або наступнае дзіця, дзяржава залічвае на спецыяльны рахунак «Сямейны капітал» 35 505 рублёў. Грошы можна накіраваць у безнаяўным парадку на жыллё, адукацыю, медыцыну, набыццё сродкаў рэабілітацыі. Таксама шматдзетныя сем’і могуць прэтэндаваць на дзяржпадтрымку пры будаўніцтве або куплі жылля: субсідыі, ільготнае крэдытаванне і дапамогу з пагашэннем часткі доўгу.

Асобныя выплаты прадугледжаны сем’ям з дзецьмі з інваліднасцю і сем’ям з асаблівымі абставінамі. Так, павышаны памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці з інваліднасцю да трох гадоў складае 1359,90 рубля. Пасля дасягнення дзецьмі ўзросту трох гадоў сума штомесячнай дапамогі складае 371,26 рубля на дзіця з інваліднасцю, 254,81 рубля — на дзяцей без інваліднасці. 

Таксама сям’і, дзе ёсць дзіця з інваліднасцю выплачваецца дадатковая дапамога па доглядзе. Пры 1-й і 2-й ступені страты здароўя незалежна ад узросту дзіцяці альбо пры 3-й або 4-й ступені страты здароўя да дасягнення дзіцем узросту трох гадоў сума выплат складае 100 % бюджэту пражытачнага мінімуму (530,37 рубля па 31 кастрычніка 2026 года). Калі ў дзіцяці з інваліднасцю 3-я ці 4-я ступень страты здароўя, то пасля дасягнення ім узросту трох гадоў сума выплат складзе 120 % бюджэту пражытачнага мінімуму (636,44 рубля па 31 кастрычніка 2026 года). Сацыяльная пенсія на дзіця з інваліднасцю (залежыць ад ступені страты здароўя) складае ад 424,3 рубля да 583,41 рубля. Таксама сем’ям выплачваюць сацыяльную дапамогу на набыццё прадметаў гігіены для дзяцей-інвалідаў з 4-й ступенню страты здароўя.

Выплаты прывязаныя да бюджэту пражытачнага мінімуму і пераглядаюцца некалькі разоў на год. «Напрыклад, у 2026 годзе памеры павышаліся ў лютым, маі, жніўні. Далей перагляд выплат будзе ў лістападзе. Сістэма падтрымкі не „замарожаная“: у 2025 годзе былі прынятыя новыя змены — павялічаны мінімальныя памеры дапамогі па цяжарнасці і родах па часовай непрацаздольнасці па доглядзе за дзецьмі і ўзмоцненая падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю», — адзначылі ў ведамстве.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю