Праз восем дзесяцігоддзяў пасля заканчэння той далёкай балючай вайны ўдзячныя нашчадкі пакалення пераможцаў не перастаюць аддаваць даніну памяці героям-вызваліцелям, тым, хто аддаў жыцці дзеля нашага спакою і міру. Гэты лейтматыў чырвонай ніткай праходзіць праз новую калекцыю, якую прадставілі «Віцебскія дываны». Дызайнеры прадпрыемства стварылі серыю з 25 дывановых палотнаў на ваенную тэматыку.
У калекцыі, якую можна ўбачыць на выставачным стэндзе ў холе адміністрацыйнага будынку прадпрыемства, прадстаўлены 10 дываноў па матывах савецкіх плакатаў. Сярод іх — «Радзіма-маці кліча!», «Воіну-вызваліцелю — слава!», «Мы заваявалі шчасце нашым дзецям!». На астатніх 15 набіты мемарыяльныя комплексы і помнікі, якія сімвалізуюць самыя страшныя і ў той жа час поўныя адвагі байцоў дні Вялікай Айчыннай. Гэта трагедыя Хатыні, Олы і Шунеўкі, бітва з танкавымі часткамі вермахта на Буйніцкім полі, абарона Брэсцкай крэпасці, узяцце і ўтрыманне Лудчыцкай вышыні, застылыя на Кургане Славы і віцебскіх «Трох штыках» подзвігі савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, узняцце Чырвонага Сцяга на будынак Рэйхстага — менавіта гэтыя моманты самаахвярнасці і непахіснай веры ў светлую будучыню ляглі ў аснову калекцыі, выкананай у тэхніцы тафтынгу.
Як паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Арцём Лаханкін, які стаў ініцыятарам стварэння двух лінеек прадукцыі, гэта зроблена ў рамках некамерцыйнага праекта «Мы гэтай памяці верныя». «Гэта напамін аб ваенным мінулым, даніна павагі подзвігу і гераізму тых, каму мы абавязаны мірным небам, памяці ахвярам вайны» , — адзначыў кіраўнік прадпрыемства.
Да канца месяца праект будзе размяшчацца ва ўпраўленні прадпрыемства, яго змогуць убачыць жыхары і госці горада на Дзвіне. Калекцыйныя дываны таксама папоўнілі паліцы фірмовай сувенірнай крамы. У маі выставачныя палотны прадставяць у Мінску на экспазіцыі, прысвечанай 80-годдзю Перамогі.
Па словах спецыяліста па турызме ААТ «Віцебскія дываны» Аліны Аржаных, работа па захаванні гістарычнай памяці вядзецца на прадпрыемстве не першы год. Актыўна ў ёй удзельнічае і моладзь. Звесткі пра амаль чатыры дзясяткі рабочых фабрыкі, якія ўзяліся за зброю, каб абараніць сваю працу, сваю зямлю і свабоду, беражліва захоўваюць у музейным пакоі. А тэматычная калекцыя стала свайго роду падзякай усім воінам, якія вызвалялі нашу краіну: тым, хто ўвекавечаны на мемарыяльных плітах, і тым, хто назаўсёды застаўся безыменным героем.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота «Витебские вести»