Top.Mail.Ru

Аўтарынак Беларусі дэманструе высокую актыўнасць. Якія аўто сёння найбольш папулярныя?

Аўтамабільная асацыяцыя «БАА» падвяла вынікі продажаў 2024 года. Летась аўтадылеры рэалізавалі 53178 новых легкавых і лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў. Гаворка ідзе пра аўто, якія былі пастаўлены ў Беларусь па афіцыйных каналах або зробленыя ў Беларусі. Гэта больш чым удвая перавышае паказчык 2023-га, калі было прададзена 25408 машын, адзначыў Дзмітрый ЯРОТА, дырэктар УП «БАА-Кансалт».


Спажыўцы галасуюць рублём

У топе брэндаў — ВELGEE/Geely, LADA і Dongfeng. Вельмі істотны рост прадэманстравалі электрамабілі і гібрыды. Гэтых машын было прададзена 3641, дзе дынаміка росту склала 752 %. Самыя папулярныя аўтамабілі па выніках продажаў мінулага года ў Беларусі выглядаюць такім чынам.

Самы папулярны седан:
1. BELGEE S50 — прададзена 7357 аўто, 
2. LADA Vesta — 6009 аўто, 
3. LADA Granta — 3981 аўтамабіль.

Самы папулярны SUV (sport utіlіty vehіcle — спартыўны ўтылітарны транспартны сродак):
1. BELGEE X50 — 8570 аўто, 
2. BELGEE X70 — 5669 аўто, 3. Voyah Free — 2282 аўто.

Самы папулярны электракар 
(у намінацыі аб’яднаны класічныя электракары і гібрыды):
1. Voyah Free — 2282 аўто, 2. Nіssan X-Traіl e-power — 619 аўто, 3. FAW Bestune NAT — 245 аўтамабіляў.

Самы папулярны камерцыйны аўтамабіль:
1. GAZ Gazel Track — 844 аўто. 
2. GAZ Gazel Next Van — 786 аўто. 
3. UAZ СГР Van — 501 аўто.

А аўтамабілем года стаў электрамабіль Voyah Free. У тройцы пераможцаў таксама Audі Q8 і BELGEE X50.

Як паведаміў Дзмітрый Ярота, за мінулы год прадавалася 100 мадэляў аўтамабіляў дваццаці марак. З іх кітайскія брэнды айчыннага вытворцы складаюць больш за палову ад агульнай колькасці. Доля продажаў гэтых аўтамабіляў склала 65 %, сярод іх больш за ўсё папулярнасцю карысталася марка Geely — каля 90 % продажаў прыйшлося менавіта на яе.

Калі пачнуць выпускаць электракары?

Як адзначыў дырэктар «БелДжы» Генадзь СВІДЗЕРСКІ, прыярытэтныя задачы прадпрыемства на бягучы год — стаць нумарам адзін у Беларусі і замацавацца на другім месцы ў Расіі. 

Для дасягнення гэтых мэт ужо распрацавана праграма мадэрнізацыі. Так, у першым паўгоддзі магутнасць цэха афарбоўкі павялічаць удвая (да 120 тысяч кузаваў з ліпеня пры двухзменным рэжыме працы). Прапрацоўваецца працэс будаўніцтва цэха штампоўкі, развіваецца дылерская сетка (у Беларусі цяпер 25 салонаў марак BELGEE і Geely, іх колькасць будзе расці).

Таксама Генадзь Свідзерскі адзначыў, што ў планах завода на 2025 год — выпуск электрамабіля. Афіцыйна пацвердзілася, што ў Беларусі будуць збіраць электрычны Е5. Акрамя таго, на пляцоўцы плануюць асвоіць вытворчасць гібрыднай мадэлі Geely. Ужо завершаны падрыхтоўка і працэс сертыфікацыі BELGEE S50 з метанавай сілавой устаноўкай. Як чакаецца, з’явіцца такая версія на рынку ў другім квартале.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю