Гэта будзе ўжо восьмы варыянт. Рэжысёр карціны Дзмітрый Сарока параіў яго паглядзець і тым, хто ўжо пабываў на паказе ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад»: гэта дапрацаваная, палепшаная, больш драйвовая версія.
Цяпер здымачная група завяршае працэс постпрадакшану. Зусім хутка беларуская публіка атрымае шырокую магчымасць пазнаёміцца з гэтым фільмам. Ён будзе цікавы юнацкай аўдыторыі: праз прызму спорту раскрываюцца драмы, якія насамрэч перажываюць усе маладыя людзі. Але кінакарціну ацэняць і больш старэйшыя гледачы, бо праз кіно як творчы інструмент ідзе дыялог паміж пакаленнямі, адзначыла Радміла Зайцава, кансультант аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры, звярнуўшы ўвагу на тое, што фільм уражвае эстэтыкай, глыбінёй фарбаў і азартам, які ёсць у акадэмічным веславанні.
— Мы стараліся максімальна наблізіць фільм да тых праблем, якія цяпер ёсць у падлеткаў, — тлумачыць Дзмітрый Сарока. — Мне ў гэтым моцна дапамаглі нашы маладыя артысты: мы пастаянна перапісвалі сцэнарый, мянялі тэкст, каб ён гучаў праўдападобна. У той жа час імкнуліся ўзняць праблемы, якія хвалююць падлеткаў. Ім у 2025 годзе жывецца больш складана, чым цяперашнім дарослым у час іх юнацтва, бо ўсе няўдачы маладых людзей цяпер публічныя, ва ўсіх навідавоку. Складана знайсці сябе ў прасторы сацсетак, калі ва ўсіх поспех, а ў цябе — не.
Сцэнарый быў адабраны для здымак на конкурснай аснове. Акадэмічнае веславанне — знакавы для Беларусі від спорту, да якога, між іншым, меў дачыненне і сам аўтар, таму яму насамрэч верыш. Беларуская федэрацыя веславання істотна дапамагла ў вытворчасці карціны. Час для здымкаў быў абмежаваны, усё хацелі зняць летам, калі лепш за ўсё можна паказаць і від спорту, і беларускія краявіды. Першы здымачны дзень прайшоў на рацэ Іслач.
— У фільме дзве візуальныя прасторы, — тлумачыць рэжысёр. — Адна з іх — рэальнасць галоўнага героя, праз успрыманне якога мы імкнуліся паказаць рэчаіснасць. А на Іслачы мы здымалі іншую рэальнасць — яго ўспамінаў, якая закладвае дадатковую таямніцу ў гэтым фільме (паколькі гэта прыгожыя мясціны). Там мы пачыналі наш першы здымачны дзень. Выкарыстоўвалі плёначную камеру, каб надаць асаблівую эстэтыку кадрам. Дарэчы, плёнку пакуль яшчэ ніхто не бачыў, нават на фестывалі «Лістапад» была замена, а плёначныя кадры з’явяцца толькі цяпер.Сама гісторыя не мела рэальных прататыпаў, але боль, які перададзены ў карціне, быў перажыты ў сапраўдным жыцці. Каб яго адчулі маладыя выканаўцы галоўных роляў, рэжысёр Дзмітрый Сарока імкнуўся зрабіць сцэнарый больш удумлівым, і кожны з акцёраў змог паўплываць на тое, як выглядае ў выніку яго герой. Дзяніс Серыкаў, напрыклад, прызнаўся, што яго Ярык стаў эмпатычным, задумлівым. А каб выразна перадаць характар, хлопец глядзеў шмат фільмаў з удзелам савецкага акцёра Андрэя Міронава: хацелася ўзяць яго харызму і выраз вачэй. «Ёсць жаданне і далей займацца веславаннем, таму што насамрэч адчуў гэты спорт, асабліва, калі здымалі фінал спаборніцтваў на алімпійскай дыстанцыі, — кажа Дзяніс Серыкаў. — На трэніроўках падчас здымкаў было часам і страшна. Але калі бачыў іншых, якія падаюць у ваду і з якімі нічога страшнага не адбываецца, падумаў: і я так змагу».
Некаторыя з юных выканаўцаў раней ужо сустракаліся на здымках «Класнай», але на «Пераломным моманце» пачалі рэальна сябраваць. Насамрэч акцёраў падабраць было не вельмі проста. Якраз ішоў кастынг у карціну «Бацька Мінай», некаторых запрасілі адтуль, напрыклад Паўла Адамчыкава, Дзяніса Серыкава. На ролю дзяўчыны-падлетка, якую выконвае Марыя Налецкая, таксама доўга шукалі выканаўцу. Запісвалі каля 3-4 спроб, а здымалі адразу на лакацыях, каб адчуць, як узаемадзейнічаюць персанажы паміж сабой.
— Я шукаў працаголікаў, якія могуць вытрымліваць вялікую нагрузку і гатовыя ўдасканальвацца, — кажа Дзмітрый Сарока. — Гэта павінны былі быць падлеткі ў добрай фізічнай форме (акрамя выканаўцы ролі Ярыка), таму што веславанне — складаны спорт.
Дарэчы, вядомыя асобы, якія прадстаўлялі Беларусь на міжнародных спаборніцтвах па акадэмічным веславанні, у тым ліку двухразовая алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн, фільм паглядзелі і прызналі, што ён адпавядае духу гэтага віду спорту.
Але спорт — гэта ў дадзеным выпадку абставіны, у якіх найбольш ярка праяўляюцца характары. Фільм не толькі пра тое, як перамагаць, ён пра тое, што пераможцамі (напэўна, і па жыцці) становяцца тыя, хто адданы справе і людзям, якія з табой у адной лодцы. Як адзначыў артыст Павел Адамчыкаў, выканаўца ролі адмоўнага персанажа, без якога б галоўны герой не стаў асобай: «Трэба плыць нягледзячы ні на што, насуперак абставінам, і „выграбаць“ з любой сітуацыі».
Ларыса ЦІМОШЫК