Навiны
Кожны трэці. Нельга забыць
Канцэрт-рэквіем «Кожны трэці», які праходзіць на гэтым тыдні штодня ў Палацы Рэспублікі, убачаць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. У панядзелак вечарам яго паглядзелі прадстаўнікі Віцебшчыны — славутага партызанскага краю, радзімы легендарных Канстанціна Заслонава і Бацькі Міная і месца гераічнай аперацыі «Прарыў» супраць фашысцкай блакады.
Якіх змяненняў чакаць жыхарам Заслаўя да абласных «Дажынак»?
Наступнае свята хлебаробаў — абласныя «Дажынкі» на Міншчыне — пройдуць у адным з самых старажытных гарадоў нашай краіны, горадзе-музеі пад адкрытым небам — Заслаўі. І, здавалася б, да восені яшчэ ёсць час, работы па падрыхтоўцы горада да святкавання абласных «Дажынак» набіраюць тэмпы ўжо сёння. Пасля комплекснага добраўпарадкавання перад горадам будуць стаяць адказныя задачы: з размахам правесці фестываль-кірмаш і на сваім прыкладзе паказаць, якой павінна быць сталіца Мінскай вобласці. Для таго, каб пракантраляваць падрыхтоўку да абласных «Дажынак», у аўторак было арганізавана пасяджэнне штаба. Удзел у яго рабоце ўзяў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. Карэспандэнт «Звязды» далучыўся да адказнай нарады і пастараўся высветліць, чым будзе здзіўляць жыхароў і гасцей горад Заслаўе падчас святкавання галоўнага свята хлебаробаў.
У Мінску чакаюцца новаўвядзенні ў аплаце грамадскага транспарту
Як расказаў дырэктар ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Юрый Супрановіч, да канца 2025 года плануецца ўкараненне сістэмы аплаты праезду ў наземным транспарце з дапамогай банкаўскіх картак: «Мы спадзяёмся рэалізаваць у бягучым годзе магчымасць аплаты праезду банкаўскай карткай на наземным транспарце. Гэта звычайная зарплатная картка, якой чалавек зможа карыстацца без дадаткаў», — растлумачыў спікер.
Амаль палова самавольна занятых участкаў — у Мінскай вобласці
Узаконьванне самавольных пабудоў і самавольна занятых зямельных участкаў — менавіта гэта тэма стала галоўнай на чарговым пасяджэнні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Гэта сапраўды сур’ёзная тэма, бо за ёй стаіць велізарная работа, пра якую кажуць лічбы. Так, пры правядзенні інвентарызацыі ў 2022 і 2023 гадах па ўсёй краіне выяўлена звыш 284 тысяч фактаў самавольнага заняцця зямель. Прычым большая частка іх — у Мінскай вобласці.
З якімі праблемамі падчас прыёму грамадзян людзі звярталіся да Ігара Сергяенкі
Інфармацыя аб штомесячным правядзенні асабістага прыёму грамадзян спікерам у Палаце прадстаўнікоў загадзя размяшчаецца ў сродках масавай інфармацыі. Заяўнік павінен быць гатовым да таго, што ў ходзе папярэдняга запісу па тэлефоне ў яго папросяць удакладніць сутнасць пытання, з якім ён плануе звярнуцца да Ігара Сергяенкі. Гэта робіцца для таго, каб вызначыць кола спецыялістаў, якіх патрэбна будзе задзейнічаць падчас вырашэння таго ці іншага пытання. Дзякуючы папярэдняй рабоце, нярэдка нават на гэтым этапе знімаецца праблема, з якой чалавек змагаўся на працягу многіх гадоў.
У Мінску зацвердзілі новыя правілы карыстання пракатнымі сродкамі персанальнай мабільнасці
Ужо каторы раз «Звязда» ўздымае надзённую і неадназначную тэму — электрасамакаты... Колькасць здарэнняў з удзелам сродкаў персанальнай мабільнасці працягвае расці ў разы, у тым ліку са смяротнымі зыходамі. У сувязі з гэтым рашэннем Мінскага гарвыканкама былі прыняты пэўныя меры, якія, магчыма, паспрыяюць рэгуляванню сітуацыі. Але ці атрымаецца ўсё ж «утаймаваць» гэтых самакатчыкаў і з якімі абмежаваннямі яны вымушаны цяпер звыкнуцца, абмеркавалі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Пермскі рэжысёр Сяргей Фядотаў у Мінску зазірнуў у мінулае
«...Іду па калідорах будынка тэатра імя Янкі Купалы, разглядаю партрэты на сценах. Раптам бачу: нехта вельмі падобны на майго дзеда... Аказалася, гэта Янка Купала», — так рэжысёр Сяргей Фядотаў пастараўся выказаць прыязнасць да нашай краіны перад прэм’ерай сваёй пастаноўкі «Каханне і галубы» ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры.
Навошта заварваюць смеццеправоды?
Заварыць усе смеццеправоды сталіцы адным рашэннем імгненна не атрымаецца, паведаміла генеральны дырэктар аб’яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» (МГЖГ) Марына Тоўсцік. Яна адзначыла, што ў Год добраўпарадкавання асноўны акцэнт робіцца на дваровых тэрыторыях Мінска, якія змяняюцца з устаноўкай новых кантэйнерных пляцовак.
Кінапаэзія Таніна Гуэры
На мінулым тыдні была магчымасць успомніць італьянскага паэта, сцэнарыста, які працаваў з класікамі сусветнага кіно, і неардынарнага чалавека Таніна Гуэру, добра вядомага яшчэ ў Савецкім Саюзе. Пра майстра распавядаў прафесар Масіма Пуліні, які наведаў Мінск. Каб сустрэча атрымалася больш прадукцыйнай і карыснай, Пасольства Італіі ў Беларусі наладзіла паказ «оскарнага» фільма Федэрыка Феліні «Амаркорд». Да стварэння яго сцэнарыя меў дачыненне Таніна Гуэра. Гаворка ішла пра тое, як дзякуючы адметнаму аўтарскаму погляду кіно можа быць яркім і непаўторным творам мастацтва, да якога можна звяртацца праз шмат гадоў, каб больш глыбока асэнсаваць некаторыя з’явы і падзеі свайго жыцця. Усё тое, што важна ведаць і разумець людзям, якія хочуць рабіць кіно ў Беларусі. Яны прысутнічалі на сустрэчы з прафесарам Пуліні, які быў асабіста знаёмы з Таніна Гуэрай: яны землякі. Дарэчы, як і Феліні, з рэгіёна Раманья — «Амаркорд» здымаўся там...
Чым здзіўляе гледачоў сёлетні «Арт-Мінск»?
У Беларусі існуюць мастацкія праекты, якія з кожным годам толькі набіраюць папулярнасць. У прафесійных колах, і не толькі ў іх, праходзяць дыскусіі, вядуцца спрэчкі — словам, вызначаецца станоўчае і сумніўнае... Асноўныя ж пытанні, да якіх зводзяцца абмеркаванні: ці вартыя тыя ці іншыя работы ўвагі гледача, ці стае прафесіяналізму маладым і нават сталым аўтарам, ці дастаткова жыццёвай і мастацкай практыкі яны маюць, наколькі актуальныя іх разважанні і, самае галоўнае, што ўвогуле можна сёння лічыць творам мастацтва. Аднак, у тым ліку дзякуючы ўжо звыкламу асяроддзю, адкрытаму для крытыкі, гэтыя праекты маюць шмат прыхільнікаў: расце колькасць мастакоў, якія імкнуцца паўдзельнічаць, павялічваецца і аўдыторыя, уважлівая да створанага сучаснікамі.