Top.Mail.Ru

9 чэрвеня зборная Беларусі па футболе згуляе супраць Буркіна-Фасо

9 чэрвеня ў Мінску чарговы вечар вялікага футбола. Пасля поспеху ў гульні супраць Сірыі (Беларусь перамагла 4:1) балельшчыкі чакаюць ад каманды Віктара Ганчарэнкі ў паядынку з Буркіна-Фасо не меншай выніковасці.



Зборная Буркіна-Фасо прыязджае ў Беларусь пасля выязнога паражэння ад Расіі 3:0. Ці будуць перастаноўкі ў саперніка, ці зменіцца схема гульні? Адказы гледачы даведаюцца перад стартам гульні, але адназначна можна сказаць, што на лік не варта звяртаць увагу, бо сапернік сур’ёзны — гэта адна з наймацнейшых каманд Афрыканскага кантынента.

Віктар Ганчарэнка, галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе:

«Гэта праверка нашых магчымасцяў. У Буркіна-Фасо дастаткова футбалістаў, якія гуляюць у Еўропе, гэта таксама такі своеасаблівы вопыт. У любым выпадку гэта практыка гульні нацыянальнай зборнай, асабліва на вялікім выдатным стадыёне. Самае галоўнае, што мы атрымліваем вельмі шмат «ежы» для разважанняў — гэта і характары гульцоў у нейкіх сітуацыях, і нейкія спалучэнні, і ўменне цярпець. Любы спарынг карысны».

Беларуская каманда гуляла супраць афрыканцаў 5 разоў. Кожная сустрэча — гэта барацьба, стыкі і практычна заўсёды нічыйны вынік. Пара перапісваць статыстыку.

«Мы кажам пра тое, што Сірыя досыць слабы сапернік, і Буркіна-Фасо дзесьці будзе мацней, але магу сказаць, што ў рэйтынгу мы дзесьці ўсе плюс-мінус побач знаходзімся. Нам нельга абясцэньваць перамогу над Сірыяй. Чаму? Таму што за апошнія 9 матчаў Сірыя прапусціла толькі 4 мячы, а мы ў адным матчы забілі 4, таму давайце шанаваць работу хлопцаў, якія досыць якасна папрацавалі ў папярэднім матчы», — адзначыў Віктар Ганчарэнка.

Чакаецца большая колькасць гледачоў, чым на гульні супраць Сірыі, а тады на трыбунах было амаль 14 тыс. чалавек.

Андрэй Васілевіч, першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола, расказаў, што арганізатары матчу падрыхтавалі для заўзятараў розныя зоны актыўнасцяў, у якіх могуць паўдзельнічаць і дарослыя, і дзеці. Перад матчам адбудзецца аўтограф-сесія Улада «Белаза» Кавалёва — самага тытулаванага байца ў Беларусі.

Стартавы свісток у гульні Беларусь — Буркіна-Фасо прагучыць у 19:30. Паядынак будзе прымаць Нацыянальны футбольны стадыён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю