Top.Mail.Ru

58 % айчынных прэпаратаў маюць кошт менш за 6 рублёў

«Галоўная перамога — гэта давер унутранага спажыўца»

Якія механізмы ў нашай краіне сёння рэгулююць цэнаўтварэнне на лекі? Чаму кошт аднаго і таго ж прэпарата можа адрознівацца нават у межах адной аптэчнай сеткі? На гэтыя і іншыя пытанні ў эфіры ток-шоу на тэлеканале «Беларусь 1» адказалі эксперты.

З трох прададзеных упаковак дзве — айчыннай вытворчасці

— Калі Беларусь стала незалежнай, адным з прыярытэтаў, якія пазначыў кіраўнік дзяржавы, было захаванне сваёй прамысловасці. Гэта не абмінула і фармацэўтыку. Бо нацыянальная бяспека пачынаецца з бяспекі таго, што мы ядзім, і таго, чым лечымся. Таму сёння ў краіне доля лекавых прэпаратаў беларускай вытворчасці ў рознічным гандлі складае больш за 50 %, — адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Аляксандр СТАРАВОЙТАЎ.

Паводле яго слоў, беларускія прадпрыемствы самастойна выпускаюць больш за 1,7 тысячы пазіцый лекаў, а ўсяго на рынку прадстаўлена больш за 4 тысячы пазіцый.

— У бальніцах больш за 80 % лекавых прэпаратаў нацыянальнай вытворчасці. І, улічваючы, што сённяшні трэнд Рэспублікі Беларусь — гэта захаванне здароўя, я магу з чыстым сумленнем і з поўнай упэўненасцю сказаць, што нашы прэпараты нічым не адрозніваюцца ад замежных аналагаў, — падкрэсліў Аляксандр Старавойтаў.

У той жа час 58 % лекавых прэпаратаў, якія выпускаюцца ў нашай краіне, маюць кошт менш за 6 беларускіх рублёў, або 2 долары ЗША.

Ён таксама адзначыў, што дзяржава забяспечвае поўны асартымент жыццёва неабходных прэпаратаў і не залежыць ад знешніх пастаўшчыкоў па ключавых пазіцыях.

— Мы за гэта можам быць цалкам спакойныя, таму што сёння існуюць стратэгіі развіцця не толькі медыцыны, але і стратэгіі развіцця фармацэўтычнай прамысловасці. Яны забяспечваюць магчымасць не залежаць ад пастаўшчыкоў з іншых дзяржаў, каб асноўныя пералікі лекавых сродкаў, якія жыццёва важныя для краіны, для насельніцтва, былі заўсёды пад рукой і ў межах нашай кампетэнцыі, — сказаў Аляксандр Старавойтаў.

Намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белфармацыя» Артур АРБУЗАЎ дапоўніў тэму:

— Ключавы момант, што падтрымка айчынных вытворцаў не ідзе на шкоду асартыменту. Мы дасягнулі сітуацыі, калі на фармацэўтычным рынку Беларусі айчынныя і імпартныя лекавыя прэпараты хутчэй дапаўняюць адно аднаго. 

Гэта здаровая канкурэнцыя, гэта не выцясненне, — адзначыў ён.

— На сённяшні дзень айчынны фармвытворца заваяваў давер унутранага спажыўца. Гучыць проста, але насамрэч нюанс у тым, што часам нам на знешніх рынках заваяваць давер лягчэй, чым заваяваць давер унутранага спажыўца. І мы гэтага дасягнулі. Гэта вынік вельмі карпатлівай, шматгадовай, як мінімум 20-гадовай, працы фармпрамысловасці, рэгуляторыкі. Фармвытворца дамогся таго, што ўнутраны спажывец бачыць, што пры суадносных з імпартнымі лекавымі прэпаратамі эфектыўнасці, якасці і бяспекі наш тавар каштуе танней. І ўзнікае пытанне, навошта тады плаціць больш? Таму, па статыстыцы, з прададзеных трох упаковак дзве — айчыннай вытворчасці, падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белфармацыя».

Такім чынам, беларуская фармацэўтычная прамысловасць не толькі забяспечвае значную частку ўнутранага рынку, але і заваявала давер грамадзян дзякуючы высокай якасці і даступным цэнам.

Ці адрозніваюцца беларускія джэнерыкі ад арыгінала?

Беларускія джэнерыкі праходзяць строгія біяэквівалентныя выпрабаванні і па сваім дзеянні на пацыента не адрозніваюцца ад арыгінальных лекаў.

Аляксандр Старавойтаў адразу пазначыў:

— Нашы (беларускія. — Заўв.аўт.) прэпараты нічым не адрозніваюцца ад замежных аналагаў.

Далей ён патлумачыў, чаму гэта так.

— На кожным прэпараце праводзяць біяэквівалентныя выпрабаванні, якія паказваюць, як адбываецца засваяльнасць прэпарата і рэалізацыя яго дзеяння на пацыенце. Прычым гэта працяглы перыяд часу — паўгода і больш. Гэта нятанная вытворчасць, таму што на сённяшні дзень біяэквівалентныя выпрабаванні ў сярэднім каштуюць каля 600 тысяч беларускіх рублёў, — падкрэсліў намеснік міністра.

Да вытворчасці дапускаюцца тыя прэпараты, якія прайшлі такія выпрабаванні і даказалі, што яны не менш эфектыўныя, чым прэпараты-арыгіналы.

Яго словы таксама дапоўніў намеснік генеральнага дырэктара па інавацыйным развіцці РУП «Белмедпрэпараты» Сяргей МАРЧАНКА. Паводле яго слоў, аб’ектыўных адрозненняў паміж беларускімі джэнерыкамі і арыгінальнымі прэпаратамі быць не павінна.

— Аб’ектыўных адрозненняў быць не павінна, але бываюць суб’ектыўныя: прадузятае стаўленне, настрой чалавека, настроенасць на тое, будзе прэпарат працаваць ці не. Насамрэч за мяжой на нашы прэпараты ёсць вялікі попыт. І нават у Расіі кажуць, што калі прэпарат беларускі, то гэта сапраўды якасны, эфектыўны прэпарат. Хацелася б, каб да сваёй фармацэўтыкі было такое ж стаўленне нашага спажыўца, — адзначыў Сяргей Марчанка.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што вытворчасць такіх прэпаратаў — складаны шлях.

— Каб забяспечыць клінічную эфектыўнасць, насамрэч трэба вельмі шмат падрыхтоўчых этапаў. Спачатку выбіраецца вытворца субстанцыі. Субстанцыя таксама павінна адказваць пэўным крытэрыям якасці. А гэтыя крытэрыі выразныя, зразумелыя і даступныя. Мала таго, што ёсць ўваходны кантроль, сам вытворца субстанцыі павінен валодаць вопытам, мець адпаведныя дакументы, якія пацвярджаюць магчымасць забяспечыць якасць вырабленай прадукцыі. Гэта датычыцца не толькі дзеючага рэчыва, але і дапаможных кампанентаў, — растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара па інавацыйным развіцці РУП «Белмедпрэпараты».

Такім чынам, беларускія джэнерыкі праходзяць шматступенчаты кантроль якасці і біяэквівалентнасці, што гарантуе іх эфектыўнасць на ўзроўні арыгінальных прэпаратаў.

Тэрмін прыдатнасці і цэнавая палітыка

Артур Арбузаў распавёў у эфіры ток-шоу, чаму цэны на лекавыя прэпараты могуць адрознівацца нават у межах адной аптэчнай сеткі.

— Цэны ў Рэспубліцы Беларусь жорстка рэгулююцца, уключаючы лекавыя прэпараты. І тут у аснову пакладзены прынцып такога справядлівага цэнаўтварэння або рэгрэсіўнага, калі чым даражэй першапачатковая цана ў вытворцы, тым ніжэй узровень аптовых і рознічных надбавак. І па факце ў аснове канчатковай рознічнай цаны, якую людзі бачаць на паліцах у аптэках, ляжыць, так ці інакш, цана вытворцы. І далей ужо фарміруюцца нацэнкі, падатак на дабаўленую вартасць, — распавёў Артур Арбузаў.

Паводле яго слоў, галоўны ўплыў на змяненне кошту імпартных прэпаратаў аказвае курс валют.

— Цэны адрозніваюцца, гэта сапраўды так. Ад чаго гэта залежыць? Перш за ўсё, залежыць ад курсу валют, калі гэта імпартны лекавы прэпарат. Таму што мы купляем за валюту, а прадаём нашым грамадзянам праз аптэчную сетку за беларускія рублі. Гэта самая галоўная прычына, — адзначыў намеснік гендырэктара.

Прычым ёсць цікавы момант: па выніках 2025 года, калі валацільнасць валюты была мінімальная, мы прыйшлі да сітуацыі, калі па сетцы аптэк індэкс цэн знізіўся.

Яшчэ адзін фактар — тэрмін прыдатнасці прэпарата і цэнавая палітыка кампаній.

— Не забываем, што лекавы прэпарат — гэта прадукт, тавар, які мае тэрмін прыдатнасці. І калі ён падыходзіць да канца, у кожнай кампаніі ёсць свая цэнавая палітыка, каб стымуляваць продажы тых ці іншых лекавых прэпаратаў. Хтосьці скарачае цану, здымае аптовыя, рознічныя надбаўкі. Так мы атрымліваем карціну, калі ў адзін дзень цэны на лекавы прэпарат адрозніваюцца. Але гэтыя цэны ў нас не адрозніваюцца кратна. Гэта, як правіла, знаходзіцца ў межах ваганняў тых нацэнак альбо курсаў валют, — рэзюмаваў Артур Арбузаў.

Па матэрыялах news.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю