Выпрабаванні на чорны берэт, які з’яўляецца сімвалам мужнасці і адвагі, праходзілі на вучэбна-тактычным палігоне АМАП ГУУС Мінгарвыканкама ў Гаранях. У другі дзень спаборніцтваў на старт выйшлі 74 міліцыянеры з усёй краіны. Большасць — супрацоўнікі АМАПа. Акрамя таго, іспыт на мужнасць здавалі прадстаўнікі акадэміі і Магілёўскага інстытута МУС, Дэпартамента аховы, патрульна-паставой службы міліцыі, Дзяржаўтаінспекцыі, інспекцыі па справах непаўналетніх, участковыя інспектары міліцыі. Прайсці няпросты шлях вызваліся шэсць дзяўчат.
Прэтэндэнты на чорны берэт адолелі 8-кіламетровы марш-кідок са зброяй і ў экіпіроўцы па перасечанай мясцовасці. На паласе перашкод пераадольвалі водны бар'ер уброд і па канатнай пераправе, навясныя сеткі, бярвенні, «пастку», адвясную сцяну, эвакуявалі параненага, ачаплялі мясцовасць пры выяўленні выбухной прылады і затрымлівалі ўмоўнага злачынцу ў аўтамабілі. Кандыдаты прадэманстравалі трапнасць на агнявым рубяжы ў стральбе з пісталета і аўтамата.
Паспяхова справіўшыся з паласой перашкод, удзельнікі выпрабаванняў прайшлі фінальны этап — спарынгі. Кожнага чакаў 6-хвілінны паядынак па рукапашным баі. У саперніках — вопытныя супрацоўнікі, уладальнікі чорных берэтаў. Гэта фізічна і псіхалагічна складанае выпрабаванне, якое правярае байцоў на стрэсаўстойлівасць, патрабуе вынослівасці, спецыяльных навыкаў і асаблівай мужнасці — адбіць атаку і вытрымаць да канца, забыўшыся на стомленасць.
Падчас урачыстай цырымоніі ўручэння чорных берэтаў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ павіншаваў калег, якія паспяхова пераадолелі няпростыя кваліфікацыйныя выпрабаванні, і выказаў упэўненасць, што байцы запомняць гэты дзень на ўсё жыццё. Дарэчы, права нашэння чорнага берэта заслужылі і тры дзяўчыны.
У размове з журналістамі, кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў, што фізічная нагрузка пры здачы іспыту надзвычай вялікая. «Тыя этапы, якія пераадолелі кандыдаты, не кожны можа вытрымаць, — удакладніў ён. — Як правіла, на чорны берэт прэтэндуюць маладыя супрацоўнікі, якія толькі што прыйшлі ў падраздзяленне. Для іх гэта выпрабаванне становіцца сапраўднай падрыхтоўкай да далейшай службы. Аднак на гэты раз вытрымку і характар праявіў палкоўнік міліцыі Дзмітрый Барадаўка, які паспяхова прыйшоў да сваёй мэты».
Па словах міністра, АМАП — асаблівае падраздзяленне, дзе нагрузкі, як фізічныя, так і псіхалагічныя, вельмі высокія. «З імі байцы сутыкаюцца пастаянна: пачынаючы ад штодзённых трэніровак і заканчваючы выкананнем аператыўных задач, — канстатаваў Іван Кубракоў. — Міліцыянеры павінны быць гатовы ў любы час сутак падняцца па сігнале трывогі і дзейнічаць Усе ўдзельнікі выпрабаванняў праявілі фізічную вынослівасць, унутраны стрыжань і жаданне ісці да канца, выконваючы пастаўленую задачу. Ганаруся ўладальнікамі чорных берэтаў, сярод якіх у гэты раз тры дзяўчыны. Дзе АМАП, там заўсёды перамога!»
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС