Фактычна гэты асноўны фінансавы дакумент, які закранае ўсе сферы жыццядзейнасці краіны, вызначае кірункі і канкрэтныя аб’екты, на якія будуць выдзелены сродкі з рэспубліканскага бюджэту. На фінансаванне аб’ектаў, уключаных у праграму, у 2025 годзе прадугледжана 2 млрд 207 млн рублёў, з іх больш за 80 працэнтаў — на рэалізацыю дзяржаўных праграм «Дарогі Беларусі», «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», «Адукацыя і маладзёжная палітыка», «Будаўніцтва жылля», «Аграрны бізнес», «Пагранічная бяспека» і іншых.
Сёлетні праект указа кіраўніком дзяржавы двойчы вяртаўся на дапрацоўку. Прэзідэнт, як руплівы гаспадар, лічыць кожную капейку, вельмі пільна ставіцца да таго, куды ідуць дзяржаўныя грошы. У гэты няпросты час важна ведаць і разумець, дзе гэтыя ўкладанні патрэбны найбольш. «Асноўная мэта гэтай праграмы — стварэнне і развіццё інфраструктуры краіны: інжынернай, сацыяльнай, вытворчай і абароннай. Пры гэтым накіраванасць праграмы, размеркаванне яе сродкаў паміж абазначанымі сферамі павінны строга адпавядаць рэаліям часу», — сказаў Прэзідэнт на нядаўняй нарадзе па праекце ўказа. Будаваць тое, што сапраўды патрэбна людзям. Для іх бяспекі, камфорту, развіцця. Прынцып, уласцівы сацыяльнай дзяржаве, статус якой за Беларуссю ўжо бясспрэчна прызнаецца ва ўсім свеце.
Дзяржаўныя капітальныя ўкладанні і сродкі фонду нацыянальнага развіцця ў праграме размеркаваны на сацыяльныя аб’екты, уключаючы аб’екты аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, станцыі абезжалезвання вады, арэнднае жыллё, у тым ліку для спецыялістаў найбольш запатрабаваных пасад і прафесій. Усяго ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2025 годзе прадугледжваецца фінансаванне 82 аб’ектаў, з іх 40 плануецца ўвесці ў эксплуатацыю.
Пра некаторыя з гэтых аб’ектаў, якія знаходзяцца ў розных кутках краіны, мы сёння і раскажам.
Па аўтабане — з вецярком
У Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2025 год увайшлі ўсе аб’екты рэканструкцыі рэспубліканскай дарожнай гаспадаркі. Усяго на іх рэалізацыю праграмай прадугледжана фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту ў памеры 606 мільёнаў рублёў, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый.
У 2025 годзе плануецца выканаць рэканструкцыю і рамонт
1575 кіламетраў рэспубліканскіх аўтадарог і 2617 пагонных метраў маставых збудаванняў на іх.
У прыватнасці, плануецца прадоўжыць рэканструкцыю ўчасткаў аўтамабільных дарог:
Р-46 на ўчастку ад Лепеля да Сарочына; М-10 ад Рэчыцы да Калінкавічаў; М-3 ад Плешчаніц да граніцы Мінскай і Віцебскай абласцей; Р-53 ад Жодзіна да Барысава і Р-122 на ўчастку ад Магілёва да Чавус.
Усе дарогі рэканструююцца па параметрах ІІ і І тэхнічнай катэгорыі — у залежнасці ад перспектыўнай інтэнсіўнасці руху.
На трасе М-10 аўтадарога ад Рэчыцы да Калінкавічаў працягласцю 85 кіламетраў будзе мадэрнізавацца ў пяць чэргаў. Цяпер дарожныя службы прыступілі да першай чаргі, гэта амаль 17 кіламетраў. Дарога будзе чатырохпалоснай з бетонным пакрыццём. Працэс стварэння такога пакрыцця досыць працаёмкі, затое яно больш даўгавечнае, чым асфальт. Прадугледжана таксама рэканструкцыя пуцеправодаў, уладкаванне падземных пешаходных пераходаў, аўтобусных прыпынкаў.
У цяперашні час на гэтым участку выкананы работы падрыхтоўчага перыяду, высечка лесу, фарміраванне пад’язных дарог да кар’ераў. Вядуцца работы па пераносе камунікацый, меліярацыйных сістэм, а таксама па выкананні транспартнай развязкі на 109,9 кіламетры аўтадарогі М-10. Цалкам завяршыць работы на гэтым участку дарогі плануецца ў 2026 годзе.
Летась былі пачаты работы па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі Р-53 «Слабада — Навасады» на ўчастку ад 33,3 кіламетра да 43,223 кіламетра. У цяперашні час вядуцца работы па адсыпцы землянога палатна, прыладзе дарожнага «адзення» і маставых збудаванняў. Цалкам завяршыць работы на гэтым участку дарогі плануецца ў наступным годзе.
Летась завершаны работы па рэканструкцыі ўчастка аўтамабільнай дарогі Р-46 «Лепель — Полацк — граніца Расійскай Федэрацыі (Юхавічы)» ад Полацка да Сарочына. У 2025 годзе працягваюцца работы па рэканструкцыі дадзенай дарогі ад Сарочына да Лепеля. Асноўныя работы, што плануюцца да выканання ў гэты сезон, — работы падрыхтоўчага перыяду, высечка драўняна-хмызняковай расліннасці, арганізацыя часовых аб’ездаў і стварэнне землянога палатна.
Будаваць і эканоміць трэба з розумам
Людміла Сапега, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве:
— Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2025 год уключае ў сябе тры асноўныя сектары. Больш за палову выдзеленых сродкаў, а гэта больш чым 2 мільярды рублёў, прыпадае на рэальны сектар эканомікі, астатнія пароўну будуць размеркаваны паміж будаўніцтвам жылля, транспартнай і сацыяльнай інфраструктурай.
У Гомелі, напрыклад, сёлета хімзавод плануе рэканструяваць цэх сернай кіслаты, давёўшы яго магутнасць да 1 млн тон. «СтанкаГомель» пачне вытворчасць шматфункцыянальнага апрацоўчага абсталявання, а прадпрыемства «Веза-Г» збіраецца ўвесці ў строй новы цэх металаапрацоўкі.
Грошы на гэтыя і іншыя праекты запатрабуюцца немалыя, але яны ёсць. Аднак гэта не азначае, што імі можна кідацца направа і налева. Як сказаў Прэзідэнт, ніводнай капейкі не павінна быць патрачана на тое, без чаго можна абысціся.
У поўнай меры гэта адносіцца і да сферы аховы здароўя, у якой я працую. Напрыклад, неабходнасць будаўніцтва спецыялізаваных бальніц і клінік усім відавочная. Але рабіць гэта трэба толькі там, дзе ў гэтым ёсць вострая неабходнасць. У шэрагу ж выпадкаў значна больш эфектыўна накіраваць існуючыя сродкі на аснашчэнне паліклінік і ФАПаў сучасным медыцынскім і тэхнічным абсталяваннем, на будаўніцтва арэнднага жылля для маладых урачоў, на павышэнне зарплат медыкам, вырашэнне іншых лакальных праблем. Словам, будаваць, як і эканоміць, трэба з розумам.
Два масты — праз Сож і Прыпяць
Выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы, дарожнікі прыступілі да рэканструкцыі моста праз раку Сож на аўтамабільнай дарозе Р-30 Гомель — Ветка — Чачэрск — Ямнае (у горадзе Ветка). Таксама працягваецца рэканструкцыя самага доўгага моста ў Беларусі праз Прыпяць у Мазыры, адзначылі ў Мінтрансе.
Стан маставых збудаванняў знаходзіцца на пастаянным кантролі ў міністэрстве. Штогод павялічваецца аб’ём фінансавання на работы па іх рамонце і рэканструкцыі. Так, калі ў 2023 годзе ў краіне было адрамантавана 107 мастоў, то ў 2024 годзе — 117 мастоў. У далейшым плануецца захаваць дадзеную дынаміку — рамантаваць не менш чым 100 мастоў за год.
У Веткаўскім раёне поўным ходам ідзе будаўніцтва найважнейшага для раёна аб’екта, які злучае райцэнтр і Гомель. Гэта мост праз раку Сож. Рух па старым мосце працягваецца, але ён аднапалосны і з абмежаваннямі. За 35 метраў ад дзеючага аб’екта вядзецца будаўніцтва новага моста. Яго працягласць складзе 537 метраў, а шырыня — 10 метраў, што зробіць рух больш зручным і бяспечным. Мост будзе разлічаны на любыя віды транспарту.
Адзін з самых глабальных і чаканых жыхарамі Гомельшчыны праектаў мостабудавання — другі па працягласці ў краіне аўтамабільны мост праз Прыпяць у Мазыры. Гэта найважнейшая транспартная артэрыя дапамагае на 25 кіламетраў скараціць адлегласць паміж Мазыром і Калінкавічамі. Мостабудаўнічыя пляцоўкі знаходзяцца тут на двух берагах Прыпяці і захопліваюць у тым ліку акваторыю ракі, дзе задзейнічаны флот Беларускага рачнога параходства. Асноўныя работы запланаваны на 2025 год — узвядзенне новых апор моста і прылад пралётных пабудоў.
Адкрыццё гэтага маштабнага аб’екта плануецца ажыццявіць 7 лістапада гэтага года.
Карпусы здароўя
Дзякуючы ўкаранёным у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі высокатэхналагічным метадам дыягностыкі і лячэння выжывальнасць дзяцей, хворых на рак, у нашай краіне складае больш за 80 %, а пры некаторых захворваннях, у прыватнасці вострых лімфабластных лейкозах, дасягае 95 % — гэта паказчык узроўню самых развітых краін свету. Развіццё новых тэхналогій працягнецца дзякуючы рэалізацыі інвестыцыйнай дзяржпраграмы, куды ўключана будаўніцтва новага корпуса для адзінай у краіне ўстановы па лячэнні маленькіх беларусаў ад анкалагічных захворванняў.
— Сімвалічна, што дакумент падпісаны назаўтра пасля Сусветнага дня барацьбы з анказахворваннямі. Такая падтрымка дзяцей з анкалагічнымі, гематалагічнымі і імуналагічнымі захворваннямі вельмі важная, і ў той жа час гэта вялікая адказнасць для калектыву нашага цэнтра, — адзначае дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Анжаліка СОЛНЦАВА.
У рамках інвестыцыйнай дзяржпраграмы ў снежні мінулага года тут завершана рэканструкцыя корпуса прамянёвай і магнітна-рэзананснай дыягностыкі. Створаны камфортныя ўмовы для пацыентаў і медыцынскага персаналу. Корпус аснашчаны інавацыйным высокатэхналагічным абсталяваннем экспертнага класа. У прыватнасці, тут устаноўлены новы камп’ютарны тамограф, што з’яўляецца эвалюцыяй тэхналогій.
Адначасова ў рамках праграмы вядзецца будаўніцтва новага 6-павярховага корпуса РНПЦ. Завяршыць каробку будаўнікі абяцаюць да канца лютага бягучага года.
— Гэта будзе высокатэхналагічнае падраздзяленне з рэанімацыяй, аперблокам з пяці аперацыйных, уключаючы гібрыдную, аддзяленне трансплантацыі, аддзяленне дзённага знаходжання, кансультатыўна-паліклінічнае аддзяленне, навукова-клінічныя лабараторыі. Гэта дазволіць працягваць распрацоўку і ўкараненне новых метадаў лячэння, уключаючы імунатэрапію і клетачную тэрапію, — падкрэсліла Анжаліка Солнцава.
У планах на 2026 год — рэканструкцыя галоўнага корпуса цэнтра з аддзяленнямі стацыянара медыцынскай рэабілітацыі і інфекцыйнага кантролю.
У Дзяржінвестпраграме на гэты год значыцца і абласны анкадыспансер у Гродне. Ён з’явіцца на базе 3-й гарадской клінічнай бальніцы ў выніку яе рэканструкцыі. Яна ўжо ідзе — днямі быў падпісаны акт будаўнічай гатоўнасці лабараторна-дыягнастычнага корпуса, паведамілі ў прэс-службе Гродзенскага аблвыканкама.
«Усё здадзена своечасова, ідзе падрыхтоўчая работа, збор інфармацыі, дакументацыі для атрымання ліцэнзіі Дзяржатамнагляду для далейшай работы. Калі ўсе дазвольныя дакументы будуць атрыманы, мы адразу зможам пачаць прыём пацыентаў. Усё гэта адбудзецца ў найбліжэйшы час», — адзначыў галоўны ўрач гарадской клінічнай бальніцы № 3 Уладзіслаў Фралоў.
Увод у эксплуатацыю анкалагічнага дыспансера дасць магчымасць пашырыць і палепшыць якасць, даступнасць спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, укараніць і выкарыстоўваць сучасныя метады радыенукліднай дыягностыкі, сканцэнтраваць у адным месцы і найбольш аптымальна выкарыстоўваць існуючыя метады лячэння анкалагічных пацыентаў, знізіць узровень смяротнасці і інваліднасці.
У Дзяржаўную інвестпраграму ўвайшоў і горад Паставы Віцебскай вобласці. Тут узводзяць будынак для ўстановы аховы здароўя з пераходам у стацыянар
№ 1 Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Агульны кошт будаўніцтва з 2024-га складае 13 мільёнаў рублёў, увесці аб’ект у эксплуатацыю плануюць у бягучым годзе.
«Неабходнасць будаўніцтва важнага сацыяльнага аб’екта для Пастаўшчыны заключаецца ў тым, што пакуль частка лячэбных палат ЦРБ размяшчаецца ў палацы Тызенгаўзаў, які з’яўляецца помнікам архітэктуры ХVІІІ—ХІX стагоддзяў. Гэты будынак першапачаткова не быў прызначаны для арганізацыі стацыянара, таму з мэтай захавання каштоўнага гістарычнага аб’екта было вырашана дабудаваць да галоўнага корпуса бальніцы корпус стацыянара. Ён будзе разлічаны на 20 месцаў неўралагічнага і 20 месцаў хірургічнага аддзяленняў. Узвядзенне новага сацыяльнага аб’екта дазволіць значна павысіць якасць медыцынскага абслугоўвання ў раёне», — адзначыў намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Станіслаў Чымбург.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валерый Малашка лічыць, што адно без другога не магчыма:
— Забеспячэнне належнай якасці жыцця ўсяго насельніцтва — гэта прыярытэтны кірунак у развіцці нашай дзяржавы, — кажа ён. — Мы бачым, што праграмы, якія раней дзейнічалі, эфектыўныя. Яны паўплывалі на ўзровень адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага развіцця краіны ў цэлым. Гэта мяняе наша асяроддзе пражывання як у горадзе, так і на сяле, забяспечвае больш раўнамернае развіццё рэгіёнаў. Тое, пра што марылі ў савецкі час — сцерці розніцу паміж горадам і вёскай, — пакрысе адбываецца. І мы, працуючы ў сваіх выбарчых акругах, асабліва ў апошні месяц перад прэзідэнцкімі выбарамі, адчувалі важнасць гэтага. Нельга крыўдзіць сельскага жыхара. У вёсцы таксама павінны быць і якасная мабільная сувязь, і добрае дарожнае пакрыццё. Паказальным прыкладам стаў аграгарадок Вішоў Бялыніцкага раёна, дзе пазалетась Прэзідэнт знаёміўся з пілотным праектам па рамонце вулічна-дарожнай сеткі. На сустрэчы з насельніцтвам ён казаў, што якасць сельскіх дарог павінна адпавядаць запытам насельніцтва, што дзяржава імкнецца да таго, каб жыхар вёскі не адчуваў, што ў горадзе жыццё лепшае. Але ўсё трэба суадносіць з эканомікай. «Калі без чагосьці можна абысціся, не трэба кідаць грошы на вецер», — казаў ён. Важна, каб людзі гэта правільна разумелі і самі не заставаліся ўбаку. Прыкладалі ўсе намаганні для таго, каб жыццё кожнага паасобку і ўсіх разам станавілася лепшым.
Апошнім часам у сельскай мясцовасці зроблена шмат чаго для павышэння якасці пітной вады. Пабудавана шмат станцый абезжалезвання, але сёння трэба больш комплексна вырашаць гэта пытанне. Разам з будаўніцтвам трэба мяняць трубаправоды, абнаўляць інжынерныя сеткі. Як той казаў, белая кашуля павінна быць не толькі ў гарадскога чыноўніка, але і ў агранома. Іржавая вада з крана наогул не павінна цячы.
Трэба думаць і пра сістэму адукацыі, насычаць адукацыйнае асяроддзе ў школах. Размова ўжо не пра падручнікі, а менавіта пра адукацыйны складнік.
Тая ж ахова здароўя павінна адпавядаць запытам як гарадскога, так і сельскага жыхара, павінен быць забяспечаны аднолькавы доступ да высокіх тэхналогій. І насельніцтву трэба разумець, што мы ствараем буйныя профільныя цэнтры для таго, каб лягчэй было сканцэнтраваць абсталяванне, паслугі і працаваць на высокі вынік. Але, яшчэ раз паўтаруся, кожны грамадзянін павінен адпавядаць таму асяроддзю, якое ствараецца, уносіць сваю лепту і садзейнічаць дасягненню якаснага ўзроўню нашага агульнага жыцця.
Інструмент эканамічнага росту
Індустрыяльныя паркі развіваюць прамысловы патэнцыял канкрэтнай тэрыторыі, спрыяюць стварэнню новых працоўных месцаў, імпартазамяшчэнню і павелічэнню падатковых паступленняў у бюджэты ўсіх узроўняў. Прыцягваючы ў якасці рэзідэнтаў высокатэхналагічныя вытворчасці, яны становяцца найважнейшым элементам інавацыйнай інфраструктуры. Развіццю такіх інавацыйных цэнтраў у самым паўднёвым, Брэсцкім, рэгіёне ўдзяляе ўвагу Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2025 год.
Так, дзяржава падтрымае будаўніцтва індустрыяльнага парка «Бурштын» у Баранавічах, філіяла Брэсцкага тэхнапарка.
— Праектам індустрыяльнага парка мяркуецца будаўніцтва трох вытворчых карпусоў на 6,9 тыс. кв. м кожны, — растлумачыў дырэктар ЗАТ «Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк» Аляксей Шавердзін. — А таксама аўтаматызаванага складскога комплексу і адміністрацыйна-лабараторнага корпуса.
Спачатку ўзводзяцца вытворчыя карпусы, адзначыў Аляксей Шавердзін. Першы з іх будзе ўведзены ў эксплуатацыю ўжо ў сакавіку, паралельна распачата будаўніцтва другога вытворчага корпуса. А конкурсны адбор рэзідэнтаў для размяшчэння ў індустрыяльным парку ў Баранавічах быў абвешчаны 20 студзеня. На сёння пададзена ўжо пяць заявак, распавёў дырэктар Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка.
На вытворчых плошчах могуць размяшчацца арганізацыі любых формаў уласнасці. Абавязковая ўмова — іх прадукцыя павінна быць інавацыйнай. Таксама пажадана, каб гэта прадукцыя была высокатэхналагічнай, імпартазамяшчальнай і экспартаарыентаванай. Пакуль, адзначыў дырэктар, зыходзячы з пададзеных заявак, намячаецца ўхіл у бок машынабудавання.
У горадзе атамшчыкаў — новая школа
Установа адукацыі стане пятай па ліку ў Астраўцы. У адну змену тут змогуць вучыцца 510 школьнікаў.
Як паведамілі ў аддзеле архітэктуры Астравецкага райвыканкама, каштарыс аб’екта складае больш за 26,7 мільёна рублёў. Летась асвоена крыху больш чым сем мільёнаў. Падрыхтаваны інжынерныя камунікацыі. Астатнія сродкі будуць рэалізаваны ў гэтым годзе. На будаўнічай пляцоўцы пачаліся работы па закладцы комплексу вучэбных аб’ектаў.
Праект установы ўжо мае аналаг у Астраўцы. Па ім пабудавана гімназія № 1. Згодна з праектам, новая школа будзе мець каля 30 вучэбных кабінетаў, з якіх частка абсталявана інтэрактыўнымі дошкамі, персанальнымі камп’ютарамі. Прадугледжваецца некалькі лінгафонных кабінетаў. Сталовая разлічана на 150 месцаў, столькі ж месцаў прадугледжвае і актавая зала. У школе будуць працаваць інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, спартыўны і трэнажорны залы.
На тэрыторыі таксама будзе нямала спартыўных аб’ектаў: стадыён з бегавымі дарожкамі, валейбольныя, баскетбольныя і хакейная пляцоўкі, зоны для спартыўнай гімнастыкі, рухавых гульняў. Будзе абсталяваны гарадок па правілах дарожнага руху.
У новай школе, як і ва ўсіх іншых установах адукацыі, будуць прыняты неабходныя меры бяспекі. Мяркуецца ўстаноўка турнікетаў і больш за паўсотні камер відэаназірання.
Мяркуецца, што школа № 5 расчыніць свае дзверы для вучняў ужо ў жніўні 2025 года.
Духоўная спадчына
Таксама за кошт сродкаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2025 годзе ў тым ліку будуць рэканструявацца комплекс будынкаў Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра і храм Аляксандра Неўскага ў Мінску.
«У выкананне даручэнняў, якія былі дадзены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падчас наведвання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра ў чэрвені 2021 года, ажыццяўляецца рэканструкцыя комплексу будынкаў гэтай святыні, — расказаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр РУМАК. — Тады кіраўнік дзяржавы заявіў, што гэта месца, як і ў цэлым Жыровічы, павінна быць жамчужынай, каб і жыхары Беларусі, і госці маглі наведаць манастыр і пазнаёміцца з духоўнай і гісторыка-культурнай спадчынай нашага народа».
У рамках выканання гэтага даручэння праводзяцца работы па рэканструкцыі Успенскага сабора, Яўленскай і Георгіеўскай цэркваў, якія ўваходзяць у манастырскі комплекс, паведаміў Аляксандр Румак. «Рамонт і рэстаўрацыя Успенскага сабора завершаны ў 2024 годзе, на гэтыя мэты толькі летась было выдзелена ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы 6288 тысяч рублёў. У 2025 годзе будуць працягнуты рамонт Яўленскай (яго плануецца завяршыць да Вялікадня — 20 красавіка), а таксама рэканструкцыя Георгіеўскай цэркваў. На рамонт Яўленскай царквы выдзелена 1617 тысяч рублёў, а на рэканструкцыю Георгіеўскай — 2800 тысяч рублёў», — удакладніў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
Георгіеўскі храм унікальны: ён драўляны і адзін з найстарэйшых у сваім родзе, які захаваўся, звярнуў увагу суразмоўца. У 2024 годзе былі праведзены навукова-даследчыя работы па яго рэканструкцыі, выкананы праект, і сёлета распачнуцца непасрэдна работы па аднаўленні.
Аляксандра-Неўскі храм — адзін з самых старых, што захаваўся ў Мінску. Некалькі гадоў таму было абноўлена ўнутранае ўбранне царквы. «Звязда» падрабязна пісала пра гэта. У 2024 годзе майстры прыступілі да рэканструкцыі фасада. Сёлета плануецца завяршыць рэстаўрацыйныя работы, на гэта, па словах Аляксандра Румака, выдзелена 830 тысяч рублёў.
«Дзяржава на працягу многіх гадоў аказвае дапамогу ў рамонце і рэканструкцыі культавых аб’ектаў», — падкрэсліў Аляксандр Румак.
Для заняткаў спортам і спаборніцтваў
У Дзяржаўную інвестыцыйную праграму ўключаны і фізкультурныя комплексы, у прыватнасці спартыўны комплекс Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» ў Мінску і фізкультурна-аздараўленчы комплекс БДУ.
Намеснік старшыні савета Мінскай міжтэрытарыяльнай арганізацыйнай структуры БФСТ «Дынама» Валерый Макрыцкі падзяліўся, што ў таварыстве вельмі даўно чакалі, калі дынамаўскі дом будзе адрэстаўрыраваны. «Гэтаму будынку амаль 50 гадоў. І мы вельмі рады, што ён і на гэты год уключаны ў інвестыцыйную праграму. На дадзены момант гатоўнасць аб’екта 60 %, у 2024 годзе мы на 100 % выканалі дзяржінвестпраграму. Усё, што запланавана праектам, будзе выканана. Гэта датычыцца і спартыўных залаў, і абсталявання, якое на гэты момант ужо закупляецца. Вельмі важна, што пасля рэканструкцыі комплексу ўсе дынамаўскія СДЮШАР вернуцца, і нашы дзеці будуць займацца ў новым будынку, будуць трэніравацца з сучасным інвентаром. Спадзяёмся, з уводам новага комплексу дзеці і падлеткі будуць больш цікавіцца спортам, нашы школы папоўняцца новымі дзецьмі. Пасля абнаўлення будзе пашыраны комплекс паслуг, і жыццё на гэтым аб’екце будзе віраваць. Дух дынамаўскага спорту тут, несумненна, застанецца. Мы гатовы з новымі сіламі, свежымі ідэямі і натхненнем прыйсці туды і працягваць дзяржаўна значныя задачы, якія стаяць перад спартыўным грамадствам», — адзначыў ён.
Узвядзенне фізкультурна-аздараўленчага комплексу БДУ пачалося ў 2023 годзе. Завяршэнне будаўніцтва дазволіць палепшыць забеспячэнне ўніверсітэта спартыўнымі аб’ектамі, адзначыў першы прарэктар БДУ Дзмітрый Курловіч. «Тэма павелічэння спартыўных пляцовак, недахопу спецыяльна абсталяваных памяшканняў для фізічнай падрыхтоўкі навучэнцаў часта абмяркоўвалася падчас сустрэч рэктара БДУ Андрэя Караля з працоўнымі калектывамі і студэнтамі. Асабліва актуальнае гэта пытанне было для факультэтаў, якія знаходзяцца ў раёне вуліцы Курчатава. Таму месца для новага ФАК выбрана невыпадкова. У гэтым раёне навучаюцца студэнты трох факультэтаў: біялагічнага; радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій; сацыякультурных камунікацый. Тут жа размяшчаюцца два інтэрнаты, дзе жывуць студэнты і аспіранты. Комплекс дазволіць разгрузіць ужо існуючыя спартыўныя пляцоўкі БДУ і стане добрым месцам для работы розных спартыўных секцый і правядзення вольнага часу для нашых навучэнцаў і супрацоўнікаў», — расказаў Дзмітрый Курловіч.
ФАК будзе ўключаць дзве крытыя шматфункцыянальныя спартыўныя залы для трэніровак і правядзення спаборніцтваў па гандболе, валейболе, баскетболе і міні-футболе, а таксама залы харэаграфіі і фітнесу. На тэрыторыі аб'екта, які будуецца, размесцяцца футбольнае поле, адкрытыя спартыўныя пляцоўкі, гімнастычнае абсталяванне, трэнажоры, а таксама бегавая дарожка і скачковая яма. Акрамя таго, аб'ект можа стаць добрай дапамогай для арганізацыі розных спаборніцтваў раённага і гарадскога ўзроўняў.
Па паведамленнях нашых карэспандэнтаў