Top.Mail.Ru

35-гадовы юбілей адзначае народны ансамбль народнай музыкі і песні «Асалода»

У 1986 годзе свае дзверы для дзяцей пасёлка адчыніла дзіцячая Роская школа мастацтваў. Маладыя выкладчыкі толькі пачыналі свой шлях. Класы сталі напаўняцца дзіцячымі галасамі, а з актавай залы даляталі гукі скрыпкі і фартэпіяна. 


Ужо ў 1990-м на базе музычнай школы быў створаны калектыў народнай музыкі і песні «Асалода». На працягу 35 гадоў ансамбль упрыгожвае канцэртныя пляцоўкі ўсіх гарадскіх масавых мерапрыемстваў, фестываляў і конкурсаў. Пачыналі з малога, але ўжо сёння сцены музычнай школы ўвешаны плакатамі і дыпломамі, а ў 2012 годзе яму прысвоена званне «народны».

За плячыма калектыву — конкурс «Песні маёй краіны», міжнародны конкурс «Паставы», фестываль нацыянальных культур у Гродне, гастролі ў Беластоку, а таксама канцэрты ў Свіслачы, Баранавічах і Слоніме. Трэба прызнаць, калектыў карыстаецца вялікай папулярнасцю ў тэлебачання: на пачатку свайго шляху да ансамбля са спецыяльным рэпартажам прыязджаў у госці кінаакцёр Алег Гарбуз, а ў мінулым годзе «Беларусь 4» здымаў праграму «Надзея на сяло».

Але на гэтым калектыў не спыняецца: «Самая галоўная задача цяпер і на будучыню — гэта перадаць усе свае ўменні і культурныя традыцыі падрастаючаму пакаленню, менавіта з гэтай мэтай кіраўніком калектыву Жаннай Мазурчык быў арганізаваны і створаны дзіцячы вакальны калектыў „Рамоначкі“, дзякуючы нашым дзецям пашырыўся рэпертуар ансамбля „Асалода“, і яны сталі сапраўдным упрыгожваннем нашай канцэртнай праграмы», — дзеліцца дырэктар школы Іна Уладзіміраўна Станкевіч.


Гэта толькі здаецца, быццам маладому пакаленню няма справы да народнай музыкі. Насамрэч яны кожны раз чакаюць рэпетыцый, на канцэртах шукаюць у глядзельнай зале падтрымку сваіх бацькоў. Пацвярджэнне таму — выпускніца музычнай школы Аляксандра Мазурчык, якая з 9 гадоў выступае разам з калектывам. Цяпер яна ўжо вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце журналістыкі, а выступленні на канцэртах не абыходзяцца без яе ўдзелу: «Я ведаю ўсе песні на памяць, хоць і ўдзельнічаю далёка не ва ўсіх нумарах. Маленькай матуля прывяла мяне ў калектыў, а сысці ўжо немагчыма: даўно калектыў для мяне — гэта не проста музыка, тут мае настаўнікі, якія ўкладалі ў мяне душу, тут усе як родныя».

У выкананні ансамбля можна пачуць песні беларускіх аўтараў у народнай аранжыроўцы, але часцей за ўсё калектыў сам піша словы для будучых музычных кампазіцый, а ноты дапамагае падбіраць ваўкавыскі кампазітар Яўген Паўлавіч Логінаў. «Наш калектыў асаблівы, таму што мы нясём у народ жывы голас, гук і выкананне на інструментах. Усё часцей мы назіраем тэндэнцыю: калектывы выкарыстоўваюць на канцэртах фанаграму, прасцей уставіць флэшку, націснуць кнопку — і ўсё гатова! Мы ж укладваем у сваю музыку сэнс, перадаём эмоцыю гледачу і, дарэчы, наш калектыў такі адзіны на ўвесь Ваўкавыскі раён», — дзеліцца кіраўнік калектыву Жанна Уладзіміраўна Мазурчык.

У гонар 35-гадовага юбілею калектыву сапраўдным падарункам для гасцей і слухачоў стаў урачысты канцэрт «Вас вітае Асалода».

У канцэртнай зале не паспееш засумаваць — пражываеш увесь спектр эмоцый. Віншаванні і цёплыя словы, музыка, песні і танцы — усё гэта запомніцца яшчэ надоўга.

Аляксандра Мазурчык

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю