Top.Mail.Ru

30 гадоў падтрымкі юных талентаў: канцэрт падкрэсліў плён дзейнасці спецыяльных фондаў Прэзідэнта

У фае Палаца Рэспублікі было шматлюдна, цяжка не заўважыць, што большасць прысутных — моладзь.

Разглядалі выстаўку, якая знаёміла з дасягненнямі і распрацоўкамі маладых вучоных ці тых, хто марыць увасобіць нейкую смелую ідэю і разумее: дзеля гэтага трэба вучыцца. Трэба вучыцца і для таго, каб дасягнуць майстэрства і стаць знакамітым музыкантам, артыстам, танцорам, мастаком... У Беларусі нараджаюцца і растуць дзеці, якія хочуць развіваць свае здольнасці і рэалізаваць таленты — маюць на гэта права і радуюцца, што ёсць магчымасць сябе праявіць, асабліва мэтанакіраваныя ганарацца, калі атрымліваюць увагу і падтрымку. Дзеці ёсць дзеці: яны мараць і скіраваныя ў будучыню. Яшчэ 30 гадоў таму былі заснаваныя два спецыяльныя фонды Прэзідэнта Беларусі — па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама па падтрымцы таленавітай моладзі. Пра гэта нагадалі ўрачыстым канцэртам «Таленты Беларусі — будучыня краіны».

Спецыяльныя фонды па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі — гэта ўнікальная сістэма, якая дзейнічае з 1996 года. Маецца на ўвазе не толькі фінансавая падтрымка праз грашовыя прэміі, стыпендыі і гранты на творчыя і даследчыя праекты, а таксама клопат пра жыццёвую будучыню. Уключэнне ў Банк даных адоранай моладзі дае права на паступленне ў ВНУ без экзаменаў, атрыманне інтэрната для пражывання, першачарговае размеркаванне, ільготнае крэдытаванне жылля і іншыя прэферэнцыі. Але само па сабе званне лаўрэата або стыпендыята аднаго з гэтых фондаў успрымаецца як ацэнка здольнасцяў і заяўка на перспектыву, прызнанне заслуг вельмі юных, а часам і маленькіх людзей на дзяржаўным узроўні. Спецыяльны фонд па падтрымцы таленавітай моладзі дапамагае музыкантам, танцорам, мастакам, акцёрам... Спецыяльны фонд па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў арыентаваны на маладых вучоных, пераможцаў прадметных алімпіяд, даследчыкаў. Увага да іх на высокім узроўні павінна засведчыць: яны патрэбныя краіне, павінны заставацца тут і развіваць навуку, культуру і эканоміку Беларусі.

Калі з напрацоўкамі юных даследчыкаў можна было пазнаёміцца яшчэ перад канцэртам, то на сцэне валадарылі маладыя творцы, прычым, не толькі тыя, хто жыве ў Мінску, бо многія ўдзельнікі святочнай праграмы прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі, маленькіх гарадоў і мястэчак, дзе іх, дарэчы, ведаюць як зорак не толькі мясцовага ўзроўню, але і краіны.

Напачатку канцэрта Андрэй Іванец, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, агучыў віншаванне кіраўніка краіны, у якім падкрэслівалася, што сярод вынікаў шматгадовай дзейнасці фондаў — мноства значных дасягненняў і ініцыятыў: лаўрэаты і стыпендыяты горда заяўляюць пра сябе, упарта і настойліва спасцігаюць вяршыні майстэрства, няспынна імкнуцца да новых адкрыццяў. Розум, талент і мэтанакіраванасць дазваляюць рабіць значны ўнёсак у навуковае і культурнае развіццё нашай краіны, стаць сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы, адданымі роднай Беларусі. Асобныя словы ўдзячнасці — у адрас педагогаў і настаўнікаў, якія дапамагаюць «запаліць» маладыя сэрцы. Паводле слоў міністра адукацыі, за 30 гадоў больш чым 45 тысяч рабят былі адзначаны спецыяльным фондам па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, шмат хто з іх ужо робіць значны ўнёсак у развіццё краіны.

Сярод юнакоў і дзяўчат, якія імкнуцца рэалізавацца ў розных галінах творчасці, спецыяльным фондам па падтрымцы таленавітай моладзі былі адзначаны каля 5 тысяч чалавек і больш за 300 творчых калектываў. На думку міністра культуры Беларусі Руслана Чарнецкага, гэта добрая сістэма матывацыі, таму ў лаўрэатаў ёсць адказнасць — заставацца ў «радыусе бачання». Гэтаму спрыяюць конкурсы і канцэрты.

Дарэчы, у Палацы Рэспублікі можна было пабачыць і паслухаць тых, хто ў свой час атрымаў падтрымку праз фонд, а цяпер... Народная артыстка Беларусі, оперная зорка Настасся Масквіна, вядомая эстрадная спявачка Вікторыя Алешка, заслужаны артыст краіны баяніст Уладзіслаў Плігаўка, суперцымбалістка Вераніка Прадзел, пераможца дзіцячага конкурсу «Віцебск-2025» Амалія Сухан, музыкант Максім Расоха, які не толькі выканаў на габоі музыку Гершвіна, але і стаяў у гэты вечар за дырыжорскім пультам перад калектывам, якім цяпер кіруе, — Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі імя Міхаіла Фінберга. Канцэрт атрымаўся «жывы» не толькі таму, што ўсё выконвалася тут і цяпер, але па эмоцыях і аддачы залы, дзе панавала разуменне, што гэта мерапрыемства дзяржаўнай значнасці.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю