Top.Mail.Ru

29 красавіка ў продаж паступяць першыя памятныя манеты, адчаканеныя ў Беларусі

Пра гэта і іншыя асаблівасці манеты, прысвечанай 80-годдзю Мінскага трактарнага завода, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі касавай работы галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Алег ФІЛІПАЎ.


«Мінскі трактарны завод. 80 гадоў» стала першай беларускай памятнай манетай, адчаканенай на айчынным прадпрыемстве. Раней наша краіна мела вопыт выпуску толькі інвестыцыйных залатых і сярэбраных манет «Славянка» на ўласнай вытворчасці: «Тэхнічныя моманты, звязаныя з вырабам, дастаткова складаныя, — расказаў Алег Філіпаў. — І не кожнае прадпрыемства гатова на такія складаныя тэхнічныя рашэнні на дзеючым абсталяванні». У сваю чаргу, ААТ «Гомельскае ВА «Крышталь» — кіруючая кампанія холдынга «Крышталь-Холдынг» ужо прайшло частковую і рыхтуецца да далейшай мадэрнізацыі, што дасць магчымасць і далей выконваць амбіцыйныя праекты Нацыянальнага банка.


Для вырабу манеты выкарыстоўвалася тэхналогія чаканкі якасці «пруф-лайк» — адсюль яе люстраны бляск. «Мінскі трактарны завод. 80 гадоў» прадстаўлена ў двух варыянтах: сярэбраная мае намінал 20 рублёў, масу 31,10 грама, дыяметр 38,60 міліметра, пробу сплаву 999,9 і тыраж 2000 экзэмпляраў, а нейзільберавая манета наміналам 1 рубель важыць 22,00 грама пры такім жа дыяметры і выпушчана тыражом 3000 штук. На адваротным баку манеты размешчана выява трактара МТЗ — самага магутнага ў свеце для сельскагаспадарчых работ, выпушчанага заводам у 2025 годзе. 

Дарэчы, нейзільбер для чаканкі манеты быў выкарыстаны ўпершыню — гэта каразійна-ўстойлівы сплаў медзі з нікелем і цынкам, які вонкава нагадвае серабро. «Ён больш коўкі, лепш блішчыць і падобны на серабро, — адзначыў Алег Філіпаў. — Манета прадстаўлена абмежаваным тыражом, і сам завод вельмі зацікаўлены ў яе набыцці. Думаю, яна таксама будзе цікавая аматарам нумізматыкі і беларускай гісторыі». У цэлым такі гонар выпадае далёка не кожнаму прадпрыемству, і з’яўленне памятнай манеты ў азнаменаванне юбілею Мінскага трактарнага завода — падзея незвычайная і значная.


Кошт сярэбранай манеты складае 400 рублёў, нейзільберавай — 60 рублёў. Абедзве яны з’яўляюцца законнымі плацежнымі сродкамі Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры любых відах плацяжоў без абмежаванняў.

Аміна НАЗАРАВА 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю