Культавая асоба ў нашай літаратуры. Той, хто аб’ядноўвае беларусаў розных пакаленняў і поглядаў на жыццё. Ухапіўшы і адлюстраваўшы наш адметны менталітэт, ён стаў пісьменнікам насамрэч народным (хоць афіцыйна звання такога не меў) для краіны, якая тады ўжо жыла ў яго свядомасці, але аформілася як незалежная, калі яго не стала.
— Гэта адзін з беларускіх творцаў, у кім увасабляліся некалькі талентаў, — адзначыў падчас круглага стала, прысвечанага творчай спадчыне Уладзіміра Караткевіча, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, прафесар Іван Саверчанка. — Многія ім захапляюцца як празаікам, а ён і геніяльны драматург, і непаўторны паэт. Уладзімір Караткевіч стварыў 4 раманы: «Нельга забыць», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», выдатны цыкл аповесцяў, якія мы з задавальненнем чытаем, многа апавяданняў. І п’есы адметныя, асабліва мяне ўразіла «Маці ўрагану», прысвечаная Крычаўскаму паўстанню супраць прыгнятальнікаў, — шэдэўр, які не страціў сваёй актуальнасці да нашага часу. Яго паэтычныя творы вельмі патрыятычныя і гуманістычныя. Унікальны нарыс «Зямля пад белымі крыламі» сведчыць пра яркі публіцыстычны талент. Гэта адзін з тых пісьменнікаў, які ў савецкі час працаваў на тое, каб Беларусь была незалежнай краінай — палітычна, эканамічна. Адначасова як гуманіст выступаў у творах за міжнародны дыялог, марыў пра мір. Ён цудоўна валодаў словам: меў талент пабудаваць фразу, яго думка выкрышталізавана, а колькі яркіх сімвалаў. А колькі любові да Радзімы!.. Пісьменнік любіў падарожнічаць і бачыў прыгажосць беларускай зямлі. Для яго гэтыя мясціны былі райскімі. Мне падаецца, што ён зрабіў больш, чым было магчыма ў той час. Гэта сапраўды геній нацыі, спадчына якога з’яўляецца ўнікальнай каштоўнасцю.
І цяпер Уладзімір Караткевіч — адзін з самых чытаных аўтараў, прынамсі, у Нацыянальнай бібліятэцы, пра што паведаміў яе дырэктар Вадзім Гігін:
— Гэта зорка на нашым літаратурным небасхіле, гэтыя словы адлюстроўваюць ролю, якую адыграў гэты чалавек не толькі ў літаратуры, але і ў культуры і развіцці грамадства. Яго творчасць прыпадае на «залаты век беларускай літаратуры» і беларускай культуры. Тады, у пасляваенны час адбывалася разняволенне творчай энергіі, у літаратуры з’явіліся новыя імёны... Я пайшоў у школу ў той год, калі сышоў Уладзімір Сямёнавіч. Глядзеў на партрэты пісьменнікаў Беларусі — большасць з іх былі тады жывыя. Уладзімір Караткевіч быў лідарам гэтай плыні. На наша шчасце, гэты перыяд быў у нашай літаратуры, і, безумоўна, ён быў падрыхтаваны стагоддзямі развіцця. Як зацікаўлены чытач Караткевіча я дзесьці з ім пагаджаюся, а ў нейкіх акцэнтах мы вядзём дыскусію — гэта нармальна. Так адбываецца з любой вялікай прозай. Ёсць людзі таленавітыя, а ёсць геніі. Гэта тыя, што не толькі авалодваюць думкамі чытача, не толькі адлюстроўваюць свой час, а зазіраюць наперад. Сакрэт генія ніколі да канца не раскрыеш. Але адзін з вытокаў — у глыбокай сацыяльнасці, глыбокай гістарычнасці і ў тым часе, які нараджае такіх асоб. Хочацца спадзявацца, што геній Караткевіча натхніць новыя пакаленні і заззяюць беларускія зоркі ў ХХІ стагоддзі.
У галоўнай бібліятэцы краіны і ў розных яе рэгіёнах адбываюцца імпрэзы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу. Але ёсць гарады, якія былі асабліва значныя ў яго жыцці. Напрыклад, у Оршы ён прыйшоў у свет — менавіта ў колішнім раддоме цяпер месціцца музей Уладзіміра Караткевіча. Яго дырэктар Настасся Корбан распавяла, што да Дня нараджэння пісьменніка тут сталі рыхтавацца загадзя — правялі анлайн відэаконкурс «Бацькаўшчына...», куды было пададзена 49 заявак. Удзельнікі «Школы маладога літаратара» сёлета хадзілі па мясцінах Караткевіча. А на працягу ўсяго лістапада тут адбываецца выстаўка з фондаў музея: прадметы, рукапісы, кнігі з дарчымі подпісамі, асабістыя рэчы, фотаздымкі. Кожны тыдзень ладзіцца выстаўка аднаго прадмета, а з учарашняга дня — пасмяротнай маскі Уладзімір Сямёнавіча. У дзень нараджэння каля яго помніка ў Оршы звычайна збіраюцца людзі...
Горадам натхнення для творцы стаў Рагачоў. Тут ён пісаў свае найлепшыя творы. І цяпер можна пабачыць, дзе расла тая самая груша — з чаго пачынаецца раман «Каласы пад сярпом тваім». Можна з’ездзіць у вёску Збароў, дзе яму прымроілася «Дзікае паляванне караля Стаха». Ці схадзіць на замкавую гару, каб уявіць «Паром на бурнай рацэ», адчуць подых горада, дзе жыў рагачовец Гервасій Выліваха, які згуляў у шахматы з самой смерцю і перамог. Менавіта таму ў Рагачове адбываецца раённы шахматны турнір у гонар Уладзіміра Караткевіча і яго героя. А мясцовыя дзеткі ствараюць да Дня нараджэння пісьменніка мульцікі. Наталля Прус, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама нагадала: «Ён пакінуў запавет: «Рабі нечаканае, рабі як не бывае, рабі як не робіць ніхто — і пераможаш».
У Беларусі працягваецца выданне збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах, месяц таму пабачыў свет 22 том, наступны здадзены ў друк. Але калі зыходзіць з таго, што ў поўным зборы павінны быць усе рэдакцыі і варыянты твораў, то, напэўна, не ўмесціцца ўсё, што напісана Караткевічам, адзначыў Пятро Жаўняровіч, рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя»:
— Караткевіч — асоба, што аб’ядноўвае людзей. Яго любяць усе, хто чытае і думае, калі чытае. Развіццю яго таленту спрыялі блуканні ў час вайны па дзіцячых дамах, вучоба ў Кіеўскім універсітэце, праца ва ўкраінскай школе, пасля ў Оршы, вяртанне на Радзіму і паездка ў Маскву на вышэйшыя літаратурныя курсы і вышэйшыя сцэнарныя курсы. Ён аб’ездзіў усю Беларусь. А сёння кнігі Караткевіча знаходзяцца па ўсім свеце, перакладаюцца на дзясяткі моў. Ён напісаў тое, што запамінаецца, як у «Ладдзі роспачы»: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой».
Ларыса ЦІМОШЫК