Top.Mail.Ru

23-я спецыялізаваная выстаўка «Адукацыя і кар’ера» адкрылася ў Мінску

Знайсці сябе і шлях у прафесію


Для эканомікі будучыні

Гэты сапраўды найбуйнейшы адукацыйны форум з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць. Вось і ў чацвер, задоўга да афіцыйнага адкрыцця выстаўкі, сюды паасобку і групамі, нават цэлымі аўтобусамі прыбывалі навучэнцы школ. Па транспартных нумарах можна было адсачыць геаграфію наведвальнікаў — у сталіцу прыехалі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў краіны.

За паўгадзіны пляцоўка выстаўкі ператварылася ў мурашнік — работа кіпела на кожным стэндзе. А іх сёлета нямала — будучых абітурыентаў тут чакаюць прадстаўнікі 46 ВНУ і 76 каледжаў, яшчэ на 42 стэндах можна пазнаёміцца з вядучымі прадпрыемствамі. І такое суседства сёння нікога не здзіўляе — як навучанне ў школе, каледжы, ВНУ, так і ўвядзенне ў будучую прафесію становіцца ўсё больш практыка-арыентаваным. Прадпрыемствы маюць патрэбу ў спецыялістах, выпускнікі ўстаноў адукацыі — у гарантаваным і стабільным працоўным месцы. Таму і галоўная тэма выстаўкі — «Адукацыя для эканомікі будучыні». Падчас яе афіцыйнага адкрыцця першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр БАХАНОВІЧ падкрэсліў, што традыцыйна яна адкрывае падрыхтоўку да ўступнай кампаніі года:

— Менавіта цяпер выпускнікі школ, абітурыенты ВНУ і каледжаў робяць выбар будучай прафесійнай дзейнасці. Вельмі важна, каб гэты выбар быў усвядомленым. Для гэтага трэба разумець: кім я хачу быць, чым я буду карысны для сваіх блізкіх і дзяржавы як спецыяліст, куды пайсці вучыцца? Каб правільна адказаць на гэтыя найважнейшыя пытанні, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў — працуюць профільныя класы, праводзяцца Дні адчыненых дзвярэй у ВНУ і каледжах, кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, экскурсіі на прадпрыемствы і, безумоўна, гэта выстаўка. Галоўнае — зацікавіць і дапамагчы выбраць справу свайго жыцця, шлях у прафесію.

Начальнік аддзела падрыхтоўкі кадраў Беларускай калійнай кампаніі Вольга МАЛЬКЕВІЧ расказала, што ў выстаўцы «Адукацыя і кар’ера» іх прадпрыемства ўдзельнічае другі год:

— Галоўнымі пастаўшчыкамі кадраў для нас з’яўляецца Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Але нам патрэбны спецыялісты ў розных сферах, у тым ліку і педагогі — сацыяльная сфера прадпрыемства вельмі вялікая. Нас таксама цікавяць праграмісты.

Але ў прыярытэце, па яе словах, спецыялісты рабочых прафесій. Беларуская калійная кампанія адкрыла новае рудаўпраўленне ў Гомельскай вобласці, і туды асабліва патрэбны рабочыя рукі.

— Цяпер мы пачынаем супрацоўнічаць з установамі адукацыі Гомельскай вобласці па падрыхтоўцы неабходных спецыялістаў. Вельмі чакаем іх і хочам, каб юнакі і дзяўчаты прыходзілі да нас і напаўнялі новымі ідэямі і магчымасцямі наша самае маладое Петрыкаўскае рудаўпраўленне, — адзначыла Вольга Малькевіч.

Ліфты магчымасцяў

Тым часам заўважаем хлопцаў, якія нешта ажыўлена абмяркоўваюць з прадстаўнікамі Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання. Падыходзім, знаёмімся. Усе яны — навучэнцы 9 класа 29-й мінскай гімназіі. Пытаемся: чаму зацікавіліся менавіта гэтым стэндам? За ўсіх адказаў Максім:

— Для нас гэта сапраўды цікава, бо тут даведаліся, што ў Беларусі вырабляюць ліфты — гэта значыць, мы самі забяспечваем сябе ліфтавым абсталяваннем, нідзе не закупляем. Цяпер у мяне з’явіўся яшчэ адзін інтарэс — як менавіта вырабляюць гэтыя ліфты.

Пакуль хлопцы не вызначыліся, пасля якога класа і ў якім кірунку пойдуць далей. Але для сябе адзначылі і запомнілі, што ў Беларусі ёсць такая вытворчасць і што туды патрабуюцца спецыялісты машынабудаўнічага профілю.


Каму «адкатаць пальчыкі»?

Адным з самых папулярных стаў стэнд каледжа МУС, створанага указам Прэзідэнта. На сённяшні дзень гэта самая маладая ўстанова адукацыі, набор у якую пройдзе толькі ў верасні бягучага года.

Наведвальнікаў стэнда сустракала прыгажуня і разумніца — нямецкая аўчарка, якой, нягледзячы на сур’ёзную службу, была дадзена каманда ветліва сустракаць і забаўляць гасцей. Тут жа, на стэндзе каледжа, можна было «адкатаць пальчыкі», адціснуць іх на візітоўцы і атрымаць такі выдатны сувенір у падарунак.

— Насамрэч каледжу ўжо больш за 70 гадоў, — паведаміў прадстаўнік установы адукацыі Андрэй ТАЛКАЧОЎ. — Проста за дзесяцігоддзі ён некалькі разоў мяняў статус, назву: быў і навучальным цэнтрам МУС БССР, і сярэдняй школай міліцыі, і вышэйшым каледжам, і цэнтрам падрыхтоўкі кадраў. А сёлета мы будзем ажыццяўляць набор на 2026/2027 навучальны год у якасці каледжа МУС.



Па словах суразмоўцы, які, дарэчы, з’яўляецца і адказным сакратаром прыёмнай камісіі каледжа, служба ў праваахоўных органах становіцца запатрабаваным для абітурыентаў кірункам:

— Тэлефон разрываецца ўжо сёння. Звяртаюцца з усёй краіны. Што дзіўна — вельмі шмат дзяўчат. Умовы паступлення і навучання ў каледжы сапраўды прывабныя. Паступіць пасля 11 класа можна па конкурсе атэстатаў. Праўда, калі пры гэтым абітурыент паспяхова прайшоў праверку здароўя і падыходзіць нам па сваіх маральных і псіхалагічных якасцях. Калі ўсё ў парадку, за год і 10 месяцаў ён становіцца супрацоўнікам дзеючай міліцыі з лейтэнанцкім званнем.

Па словах Андрэя Талкачова, калі выпускнік каледжа хоча рухацца далей, ён можа паступаць на завочную форму навучання ў Акадэмію МУС, Магілёўскі інстытут МУС і атрымаць ужо вышэйшую юрыдычную адукацыю.


«Колькі ўсяго!..»

Чатыры дзевяцікласніцы з Баранавічаў на выстаўцы ўпершыню.

— Я проста пад велізарным уражаннем, — дзеліцца Яна. — Колькі ўсяго! Колькі стэндаў, колькі прапаноў, колькі новага даведаліся!

Сама дзяўчына ў сваім выбары ўжо вызначылася — пасля 11 класа будзе вывучаць замежныя мовы. Але аповед пра тое, што ўбачыла, пачула, у якіх мерапрыемствах удзельнічала, яна абавязкова перадасць сябрам, аднагодкам і абавязкова парэкамендуе ім наведаць выстаўку.

Дарэчы, усе дні выстаўкі, якая завершыцца 15 лютага, будуць насычаны цікавымі, карыснымі і, вядома, забаўляльнымі (усё для дзяцей!) мерапрыемствамі. На галоўнай сцэне пляцоўкі пройдуць прэзентацыі ўстаноў адукацыі і арганізацый — заказчыкаў кадраў, адбудуцца фестывалі ідэй, дэманстрацыі калекцый адзення, выступленні агітбрыгад, розныя промаакцыі. На стэндах усе жадаючыя змогуць прайсці прафарыентацыйныя тэсціраванні, паўдзельнічаць у бліц-тэстах, гульнях і віктарынах. Выпускнікам школ асабліва цікава будзе прайсці бліц-тэсціраванне па 14 вучэбных прадметах на стэндзе Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. І гэта не лічачы цікавых і пазнавальных лакацый, новых знаёмстваў, цікавых зносін і ў цэлым вельмі пазітыўнай і святочнай абстаноўкі.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю