Top.Mail.Ru

2026—2027 гады аб'яўлены ў Беларусі і Кітаі Гадамі прамысловай кааперацыі

Гэта стратэгічнае рашэнне было дасягнута на вышэйшым узроўні — у ходзе сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна 31 жніўня 2025 года на саміце ШАС у Цяньцзіні.



На Першым пасяджэнні Камісіі па прамысловым супрацоўніцтве Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве ў Пекіне адпаведную сумесную заяву падпісалі міністры прамысловасці Беларусі і Кітая, даўшы сімвалічны старт мерапрыемствам і праектам, паведамілі ў прэс-службе Мінпрама. 

Міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў выказаў упэўненасць, што 2026—2027 гады стануць прарыўнымі для далейшага ўмацавання прамысловага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах.

Для беларускіх прамысловых прадпрыемстваў Гады кааперацыі дазволяць значна нарасціць узровень супрацоўніцтва з кітайскімі вытворцамі. Акцэнт будзе зроблены не толькі на прыцягненні кітайскага абсталявання, але і на паўнартасным асваенні тэхналогій і кампетэнцый. Гэта дасць магчымасць перайсці да глыбокай прамысловай інтэграцыі, пры якой мадэрнізацыя беларускіх прадпрыемстваў будзе ісці паралельна са стварэннем новых сумесных вытворчасцяў.

Сумесная работа Беларусі і Кітая над рэалізацыяй значных праектаў ахопіць ключавыя сектары эканомікі — аўтамабіле- і машынабудаванне, нафтахімічную вытворчасць, дрэваапрацоўку, цэлюлозна-папяровую і лёгкую прамысловасць, адзначылі ў Мінпраме. Асаблівая ўвага ўдзяляецца паглыбленню прамысловай кааперацыі шляхам арганізацыі зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі ў Кітаі.

Беларускі бок чакае, што па выніках Гадоў прамысловай кааперацыі будуць дасягнуты канкрэтныя вынікі, якія ўвасобяцца ў росце ўзаемнага тавараабароту прамысловай прадукцыі, адкрыцці новых сумесных прадпрыемстваў, запуску сучасных вытворчых ліній, павелічэнні долі лакалізацыі прадукцыі на прадпрыемствах.

«Такім чынам, Гады прамысловай кааперацыі стануць не проста чарговым мерапрыемствам у календары двухбаковых адносін, а практычным інструментам для пераводу беларускай прамысловасці на новыя тэхналагічныя рэйкі, умацавання яе канкурэнтаздольнасці і стварэння прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю для рынкаў ЕАЭС і трэціх краін», — падкрэслілі ў МІнпраме.

Дарэчы, як паведаміў Андрэй Кузняцоў, прамысловы тавараабарот Беларусі і Кітая за 9 месяцаў вырас у 2,2 раза

Чытайце таксама: Міністр прамысловасці Беларусі наведвае з рабочым візітам КНР

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю