Практычна па кожнай таварнай групе быў зафіксаваны прырост паставак на ўнутраны рынак у параўнанні з 2024 годам: «Асаблівая ўвага ў мінулым годзе надавалася кандытарскай галіне. Зусім нядаўна паспяхова завяршылася навагодняя кампанія, у рамках якой было рэалізавана больш за 2,5 мільёна навагодніх падарункаў унутры краіны, што на 3 % перавышае паказчык 2024 года», — расказаў на семінары па продажы тавараў айчыннай вытворчасці ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ігар ГРУЦА, намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам».
Апроч іншага, актыўна вялася работа па прасоўванні рапсавага алею сярод насельніцтва, што прывяло да практычна двухразовага росту продажу ў дадзеным кірунку: «Гэтыя дасягненні сталі магчымыя дзякуючы ўдзелу нашых прадпрыемстваў у трэйд-маркетынгавых мерапрыемствах і прома-праектах. Мы разумеем, што якасць нашай прадукцыі ўжо вядома, але ўсё ж такі неабходна прыкладаць намаганні для прасоўвання і павышэння пазнавальнасці нашых брэндаў. Таму ў бягучым годзе мы таксама плануем працаваць у гэтым напрамку».


Акрамя таго, працягваецца выпуск новых прадуктаў, перш за ўсё імпартазамяшчальных і з інавацыйным складнікам. У апошнія гады работа ў гэтым напрамку паказала станоўчы вынік, і канцэрн разлічвае на далейшае развіццё і павелічэнне продажаў такой прадукцыі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара