Урачыстая цырымонія адбылася ў Дзяржынскім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Арганізатарам выступае Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў пры падтрымцы Мінскага аблвыканкама.
Мерапрыемства стала яркім святам працы, якое аб’ядноўвае новае пакаленне спецыялістаў, ветэранаў і прафсаюзны актыў рэгіёна. Так, лаўрэатамі сталі 20 чалавек. Гэта прадстаўнікі розных прафесій — вальшчык лесу, маляр, вадзіцель, трактарыст-машыніст, жывёлавод, фрэзероўшчык, медыцынская сястра — кожны прафесіянал сваёй справы.
Дарэчы, традыцыйна пераможцы сваё майстэрства пацвярджалі на некалькіх этапах. Першы — спаборніцтвы ў працоўных калектывах, затым найлепшыя прадстаўнікі прафесіі заяўлялі аб сабе на абласным туры.
— Галоўная мэта конкурсу — павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, выяўленне таленавітай моладзі і ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі кадраў для эканомікі Мінскай вобласці, — расказаў намеснік старшыні Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Бачкоў.

Адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, ён таксама адзначыў, што мерапрыемства — не толькі пра ўручэнне ўзнагарод, а магчымасць скласці ўнікальную карту, на якой кожны з пераможцаў конкурсу — вяршыня найвышэйшага прафесійнага майстэрства, неверагоднага таленту, працавітасці і адданасці сваёй справе.
— Разам вы ствараеце адзіны і моцны вобраз Мінскай вобласці, дзе цэняць якасць, умеюць працаваць і смела глядзяць у будучыню, — дадаў Дзмітрый Бачкоў.
Сярод лаўрэатаў — Вольга Радзевіч. Жанчына працуе жывёлаводам малочна-таварнай фермы «Нарач» ААТ «Нарачанскія зоры». У прафесіі яна 18 гадоў, да гэтага працавала даяркай, а цяпер гадуе маленькіх цялят — пад яе апекай іх 170.
— Я іх нават па мыканні разумею: калі нешта баліць — мыкаюць на адзін лад, галодныя — на іншы. Я ім мянушкі даю: ёсць Цюбік, бо ножкі чорныя, а сам беленькі, — як паста з цюбіка. Ёсць ПІН-код: калі ён быў зусім маленькі, мне да яго трэба было знайсці падыход — як папаіць, пакарміць. Ключык да яго знайсці было няпроста, — расказала Вольга Радзевіч.

Акрамя ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання, для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства працавала інтэрактыўная выстаўка «Час канкрэтных спраў», дзе былі прадстаўлены дасягненні Міншчыны і прафсаюзных арганізацый вобласці, а таксама прафесіі. Кожны ахвотны змог не толькі пазнаёміцца з тонкасцямі таго ці іншага майстэрства, але і на некаторых лакацыях на час нават змяніць прафесію.
А святочны настрой падарылі творчыя калектывы на яркім канцэрце. Яшчэ адным сюрпрызам для пераможцаў стане выраб банераў з іх фатаграфіямі, якія ў далейшым будуць размешчаны ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці.
Трэба адзначыць, што конкурсы прафесійнага майстэрства, арганізатарамі якога традыцыйна выступаюць прафсаюзы сумесна з наймальнікамі, праводзяцца ва ўсіх галінах. Штогод удзел у іх бяруць тысячы работнікаў з усёй краіны. Акрамя таго, многія калектыўныя дагаворы арганізацый і прадпрыемстваў змяшчаюць нормы па падтрымцы работнікаў, якія прымаюць удзел у працоўных спаборніцтвах. Гэта і матэрыяльная падтрымка, і нават магчымасць павысіць свой разрад.
Даведачна:
Абласны конкурс «Майстар Мінскай вобласці» праводзіцца штогод і з’яўляецца ключавым этапам у сістэме прафесійных спаборніцтваў рэгіёна. Працоўныя спаборніцтвы накіраваны на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, выяўленне таленавітай моладзі і ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі кадраў для эканомікі Мінскай вобласці.
Алена КРАВЕЦ