Top.Mail.Ru

19 кастрычніка назавуць імя пераможцы V Рэспубліканскага конкурсу прыгажосці сярод шматдзетных жанчын «Краса Беларусі — 2025»

Але каму б з 15 прэтэндэнтак не дасталася гэтае званне, ужо сёння відавочна: усе яны — сапраўднае ўпрыгожванне і велізарнае багацце нашай краіны.


Што заахвоціла іх удзельнічаць у конкурсе? Які меседж яны жадаюць данесці да шырокай аўдыторыі? З некаторымі з гэтых жанчын у перапынках паміж напружаным графікам падрыхтоўкі да фінальнага шоу ўдалося пазнаёміцца бліжэй. 

Аб’ядноўваючыся, жанчыны могуць прынесці вялікую карысць

Вераніка Піванкова, 47 гадоў. Разам з сям’ёй жыве ў Смалявіцкім раёне. Вераніка — юрыст па адукацыі, працавала па спецыяльнасці, пазней у рэдакцыі газеты «Край Смалявіцкі». Цяпер рэалізуе сябе як жаночы коўч. У сям’і чацвёра дзяцей: 18-гадовая Ксенія, 15-гадовы Фадзей, 12-гадовы Ціхамір і 8-гадовая Стэфанія.

Пиванкова Вероника_.jpg

Вераніка вырасла ў звычайнай двухдзетнай сям’і. Заўсёды была накіравана на кар’еру, развіццё, самарэалізацыю. А вось муж Арцём хацеў вялікую сям’ю. Нарадзілася дачка, потым сын. У нейкі момант жанчына зразумела, што хоча трэцяга малога. Усю прывабнасць сталага бацькоўства яна адчула, калі ў 39 гадоў стала мамай у чацвёрты раз. Малодшая Стэфанія, паводле слоў Веранікі, ужо самім фактам свайго існавання ўносіць у яе паўсядзённае жыццё радасць. 

Сваю цудоўную фізічную форму Вераніка тлумачыць фізічнай актыўнасцю, для якой заўсёды знаходзіла час. Цяпер яна кожную раніцу выконвае комплекс практыкаванняў з элементамі пілатэс, ёгі.

— У конкурсе «Краса Беларусі — 2025» вырашыла паўдзельнічаць перш за ўсё, каб знайсці больш аднадумцаў, з якімі можна аб’яднацца для рэалізацыі цікавых праектаў, — расказвае Вераніка Піванкова. — Я вельмі люблю жаночыя супольнасці. Пераканана — разам мы можам прынесці вялікую карысць. Назіраю гэта на прыкладзе Смалявіцкага раёна, дзе жанчыны даюць старт шматлікім сацыяльна значным праектам. Адзін час я была кіраўніцай мясцовага жаночага клуба «Шчасце сваімі рукамі». Цяпер падтрымліваю ўзорны тэатральны калектыў «Смалярыкі», выконваю роль у спектаклі «Жаночая тэма» паводле п’есы Веры Мамедавай, прысвечанай цуду мацярынства.

Займаюся ўсім гэтым і для ўласнага асабістага развіцця, і дзеля сваіх дзяцей: мне важна, у якім грамадстве заўтра яны апынуцца, якія каштоўнасці ў ім будуць дамінаваць. 

Мацярынства — выдатная школа

Ульяна Ларчанка, 37 гадоў. Зараз з сям’ёй жыве ў Заслаўі. Ульяна скончыла БДЭУ з дыпломам маркетолага, пазней атрымала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Перакладчык-рэферэнт». Сёння працуе спецыялістам па продажах вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі кампаніі «Сатрамед». З мужам Аляксеем выхоўваюць траіх сыноў: 12-гадовага Багдана, 9-гадовага Рамана, 3-гадовага Ціхана. 

Ларченко Ульяна_.jpg

Адзіная дачка ў сваіх бацькоў, Ульяна хацела мець як мінімум дваіх дзяцей. Але першынец нарадзіўся неданошаным, у яго ёсць асаблівасці развіцця.

— Мне было вельмі цяжка прыняць гэты факт, зразумець, як жыць далей, — прызнаецца Ульяна. — Першае дзіця — гэта заўсёды складана, ты толькі вучышся мацярынству. А калі малыш патрабуе дадатковых намаганняў, кансультацый, рэабілітацыі, лячэння, то без дапамогі не справіцца. На шчасце, мой муж аказаўся на вышыні, максімальна мяне падтрымаўшы. Дзякуючы яго мудрасці я не сышла з галавой у дыягназ сына. Даведаўшыся аб маім жаданні нарадзіць другое дзіця, Аляксей зноў падставіў плячо, супакоіўшы: «Калі ты гатовая, не хвалюйся: заробім, вырасцім — і другога, і трэцяга». Выключную маральную падтрымку ў цяжкі для сябе перыяд адчула і з боку калег.

Два гады пасля нараджэння першынца Ульяна шчыльна кантактавала з мамамі дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Паводле яе слоў, такія жанчыны часта вельмі хутка «патухаюць»: цалкам «аддаюцца» дыягназу дзіцяці, забываючы аб асабістых жаданнях, перастаюць займацца любімай справай (ці хобі), увесь час знаходзячыся ў стрэсе, перажываннях з прычыны таго, што яшчэ трэба зрабіць для яго рэабілітацыі.

— Мне таксама было страшнавата вырашыцца на другога малога, — кажа Ульяна. — Але я пераадолела сумненні. І калі нарадзіўся Раман, адчула неверагоднае шчасце. Мінуў час, і я зразумела: хачу яшчэ дзіця. Так наша сям’я папоўнілася Ціханам. Сыны — вялікі стымул для майго развіцця, вучобы, працы. Мая гісторыя мацярынства зрабіла мяне і мудрэйшай, і дабрэйшай. Я стала больш цярпімая да людзей, не спяшаюся навешваць ярлыкі, імкнуся зразумець. 

Удзельнічаць у конкурсе Ульяну пераканала сваячка, сказаўшы: «Твой прыклад пакажа, што і з асаблівым дзіцем жанчына можа быць шчаслівай, каханай, прыгожай, паспяховай».

— Мне заўсёды хочацца падбадзёрыць жанчын, якія апынуліся ў складанай, драматычнай сітуацыі, — падкрэслівае Ульяна. — Жыццё рэдка бывае стабільна цяжкім і змрочным. Нельга «завісаць» на чорнай паласе, трэба прасоўвацца да белай. Няма нічога страшнага ў тым, каб (пры любым раскладзе) хаця б гадзіну ў дзень прысвяціць сабе, успомніць аб сваіх інтарэсах і жаданнях. Дзіцяці ад гэтага не стане горш. Наадварот, калі ў маці палепшыцца настрой, яму будзе лягчэй.

Дзеці — не перашкода для развіцця, а велізарны стымул 

Анастасія Мазурэнка, 27 гадоў, жыве з сям’ёй у Гомелі. Скончыла юрфак і філфак ГДУ імя Ф. Скарыны. У іх з мужам Кірылам трое дзяцей: 6-гадовая Сафія, 5-гадовы Леў і Кіра, якой усяго годзік.

Мазуренко Анастасия_.jpg

Анастасія — адзіная дачка ў бацькоў. У дзяцінстве ёй вельмі не хапала брата або сястрычкі побач. У 21 год упершыню стала мамай, і ўжо тады цвёрда ведала: працяг будзе, на Соф’і яна не спыніцца.

— Мне заўсёды хацелася быць маладой мамай, не адкладаць мацярынства «на потым», да лепшых часоў, — прызнаецца Анастасія Мазурэнка. — Вельмі рада, што ў мяне ў 27 гадоў ужо трое дзяцей: яшчэ ёсць сілы і на іх, і на сябе. Магчыма, мне ў нечым пашанцавла. Але і мы прайшлі праз цяжкасці. 6 гадоў жылі на здымных кватэрах, працаваў толькі муж. Нядаўна пераехалі ў бацькоўскую трохпакаёвую кватэру. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы шматдзетным, узялі льготны крэдыт і набылі ўласнае жыллё. У нас ёсць машына.

І Анастасія, і Кірыл часта чуюць ад знаёмых, што іх сям’я натхняе на бацькоўства. Словы захаплення нярэдка выказваюць і незнаёмыя людзі ў каментарыях да іх блога. Гэта і заахвоціла Анастасію да ўдзелу ў конкурсе «Краса Беларусі — 2025». Муж падтрымаў яе ў гэтым, узяўшы на сябе клопат аб дзецях на працягу ўсяго тыдня.

— Мяне засмучае, што многія хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце ад 25 да 30 гадоў не знаходзяцца ў шлюбе, не задумваюцца аб сям’і, дзецях, аб тым, што пакінуць пасля сябе, — кажа Анастасія. — Дзеці чамусьці ўспрымаюцца многімі як перашкода для самаразвіцця. А я лічу, гэта не так. Сёння мацярынства можна з поспехам сумяшчаць і з кар’ерай, і з вандроўкамі, і з хобі. Пры гэтым добра выглядаць, займацца спортам. Дзеці — велізарны стымул у жыцці. І яны, безумоўна, дораць столькі радасці, пазітыўных эмоцый, што гэта акупляе ўсе цяжкасці. Такое шчасце — глядзець, як яны растуць, сябруюць, развіваюцца.

Анастасія Мазурэнка — вельмі арганізаваная асоба. Кожны дзень у яе распісаны літаральна па гадзінах. Яна ўпэўнена, што дэкрэтныя водпускі — выдатны час, які можна выкарыстоўваць у тым ліку і для ўласнага асабоснага росту. Першым дзіцем яна зацяжарыла, будучы студэнткай апошняга курса ўніверсітэта — гэта не перашкодзіла ёй нароўні з усімі скончыць юрфак. Другая цяжарнасць не стала перашкодай, каб атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю. У яе няма сумненняў у тым, што як толькі малодшая Кіра падрасце, яна без цяжкасці знойдзе працу.

І Анастасія, і Кірыл — актыўныя, мабільныя бацькі. Яны шмат увагі ўдзяляюць дзецям, падарожнічаюць з імі, удзельнічаюць у мерапрыемствах, якія ладзіць дзіцячы садок. 

Гледзячы на Анастасію, ніколі не скажаш, што яна шматдзетная маці. 

— Ведаю, некаторыя дзяўчаты баяцца цяжарнасцяў і родаў з-за страху страціць фігуру, стаць непрывабнай, — дзеліцца Анастасія. — Але гэтыя страхі неабгрунтаваныя. Пасля трэціх родаў я на працягу трох месяцаў без асаблівых намаганняў скінула 15 кг. Гэта нескладана, калі сачыць за харчаваннем, рэгулярна выконваць фізічныя практыкаванні, шмат рухацца з дзецьмі.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю