Гэта штогадовае неафіцыйнае свята, ідэя заснавання якога ўзнікла ў пачатку 2010-х гадоў сярод эканамістаў і педагогаў, занепакоеных зніжэннем узроўню фінансавай граматнасці ў свеце. Ініцыятыву падтрымалі міжнародныя арганізацыі і фінансавыя інстытуты, у тым ліку МВФ, АЭСР і Сусветны банк. Такім чынам афіцыйна дата 17 красавіка замацавалася ў якасці нефармальнага, але значнага дня, прысвечанага асэнсаванню ролі грошай у жыцці грамадства і кожнага чалавека.
Таму 17 красавіка ў многіх краінах па ўсім зямным шары праходзяць розныя грамадскія і культурна-адукацыйныя мерапрыемствы, такія як фінансавыя трэнінгі, лекцыі і семінары, а таксама выставы, прысвечаныя рэдкім банкнотам і манетам. Асноўная мэта свята — падкрэсліць значнасць нематэрыяльных каштоўнасцяў і нагадаць аб тым, што грошы павінны служыць сродкам дасягнення мэт, а не быць самамэтай.
Вядома, гандаль існаваў і да з’яўлення грошай, калі эканоміка грунтавался на абмене і дарэнні. Выкарыстанне фізічных прадметаў для аплаты тавараў ці паслуг пачалося яшчэ ў VII стагоддзі да нашай эры. Жыхары ціхаакіянскіх астравоў, старажытныя кітайцы, індыйцы і афрыканцы сталі выкарыстоўваць камяні і ракавінкі ў якасці сродкаў плацяжу. У гэты ж час еўрапейцы карысталіся мехам і шкурамі жывёл для правядзення здзелак куплі-продажу.
Папяровыя банкноты ўпершыню з’явіліся ў Кітаі ў 910 годзе, калі быў выпушчаны найбольш ранні прататып сучасных купюр.

літоўскі паўгрош
З часам усе краіны свету сталі рэгуляваць друк банкнот і чаканку манет, прысвойваючы ім статус і значнасць. Выпускаць грошы мае права толькі цэнтральны банк дзяржавы, які ўстанаўлівае іх намінал, курс нацыянальнай валюты і іншыя параметры грашовага абарачэння. Матэрыялам для вытворчасці папяровых грошай служыць бавоўна, лён і абака з даданнем пластыку і тканкавых нітак. Манеты чаканяць са сплаваў каштоўных металаў, медзі, алюмінію, нікелю, цынку, плаціны і паладыю.
Кожны з нас можа адкрыць свой кашалёк і разгледзець айчынныя банкноты і манеты, выпушчаныя Нацыянальным банкам Беларусі. Па дызайне і ступені абароны яны не саступаюць сучасным сусветным аналагам. Але разлічваліся мы такімі рублямі і капейкамі не заўсёды. У грашовага абарачэння на беларускіх землях багатая гісторыя. Давайце паглядзім, якія сродкі плацяжу выкарыстоўваліся тут у розныя перыяды.

шастак, пач. XVIII ст.
Першыя манеты на тэрыторыі Беларусі — рымскія дэнарыі — з’явіліся ў I-III стагоддзях н. э. Гэта былі сярэбраныя дэнарыі Рымскай імперыі, якія траплялі сюды мімаходзь дзякуючы «бурштынаваму шляху», па якім балтыйскі бурштын ішоў у Міжземнамор’е. Але ў цэлым манеты ў нас тады не мелі паўсюднага хаджэння.
У IX-X стагоддзях, калі манеты ў нас ужо сталі рэальным плацежным сродкам, прыйшоў час сярэбранага куфічнага дырхема Арабскага халіфата. Ён атрымаў тут распаўсюджванне дзякуючы шляху «з варагаў у грэкі».
У другой палове XIV стагоддзя ў старажытнай беларускай дзяржаве ВКЛ пачалі нарэшце чаканіць уласную манету — дробны літоўскі дынарый (пенязь). Яна рабілася драцяным спосабам, таму мела няроўныя краі. Выпускалася ў невялікай колькасці.
Напрыканцы XV ст. у Вільні з’явіўся Віленскі манетны двор. Тут сталі чаканіць самыя розныя манеты, сярэбраныя і залатыя: грошы, паўгрошы, траякі, шастакі, аболы, дэнарыі, дукаты, партугалы... У гэты ж час пачалася сур’ёзная барацьба з фальшываманетчыкамі.
Асноўнай манетай у абарачэнні на нашай тэрыторыі ў XIV-XV стагоддзях быў пражскі грош — буйная сярэбраная манета з Чэхіі. З часам срэбра ў выпускаемых грошах станавілася ўсё менш. Да канца XV стагоддзя 100 грошаў пры падліку называлі рублём, 60 — капой.

руская капейка
У XV–XVIII стст. на тэрыторыі Беларусі, асабліва на ўсходзе, хадзіла таксама і руская капейка. Гэтая манета са срэбра высокай пробы была на той момант асноўнай у суседняй Рускай дзяржаве. На ёй знаходзілася выява вершніка з кап’ём, адсюль і пайшла назва.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Паступова сталі расійскімі і манеты: залаты чырвонец, сярэбраныя рубель, паўрубель, грыўнiк, капейка, медныя дзеньга, палушка, паўпалушка.
У другой палове XVIII стагоддзя на нашых землях з’явіліся і першыя папяровыя грошы — асігнацыі, уведзеныя ў Расійскай імперыі пры Кацярыне II. Першапачаткова рубель асігнацыяй абменьваўся на рубель срэбрам, але з цягам часу з-за незабяспечанага выпуску абясцэньваўся.
Першая рэвалюцыя, руска-японская і Першая сусветная войны сталі ўдарамі для грашовай сістэмы. З-за інфляцыі залатыя, сярэбраныя і нават медныя манеты зніклі з абароту — насельніцтва не хацела абменьваць іх на папяровыя крэдытныя білеты. У выніку былі, напрыклад, выпушчаны папяровыя капейкі.

зайчык
Другая рэвалюцыя і грамадзянская вайна дадалі хаосу — у краіне хадзілі самыя разнастайныя грошы. Для стабілізацыі вярнулі залаты стандарт: дзяржбанк РСФСР выпусціў чырвонцы — у 1922 годзе папяровыя, а пазней і манетай. Адзін чырвонец быў роўны 10 царскім залатым рублям. Іншыя грошы канфіскавалі з абарачэння.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1947 годзе на фоне адмены картачнай сістэмы была праведзена рэформа па замене грошай на новыя банкаўскія і казначэйскія білеты ў суадносінах 10:1.
У 1961 годзе была праведзена яшчэ адна дэнамінацыя з увядзеннем грошай новага ўзору ў суадносінах 10:1. Яны такімі і заставаліся аж да канца 1993 года нават пасля распаду СССР: папяровыя купюры наміналам 1, 3, 5, 10, 25, 50 і 100 рублёў і манеты 1, 2, 3, 5, 10, 15, 20 і 50 капеек і 1 руб.

сучасныя беларускія грошы
Пасля набыцця краінай незалежнасці Нацыянальны банк у 1992 годзе пачаў выпуск разліковых білетаў наміналам ад 50 капеек да 100 рублёў з выявамі жывёл, якія хутка сталі афіцыйна нацыянальнай валютай. На білеце ў 1 рубель красаваўся заяц-русак, таму грошы атрымалі народную назву «зайчыкі».
«Зайчыкі», «рысі», «ваўкі», «мядзведзі» і «зубры» вельмі хутка страцілі сваю пакупніцкую здольнасць, але заставаліся ў хаду, у кожным доме і сэрцы беларуса. Яны былі выключаныя з абарачэння толькі 1 студзеня 2001 года
Перажыўшы некалькі дэвальвацый і дэнамінацый, беларускія грошы за больш як 30 гадоў некалькі разоў ужо змянілі свой знешні выгляд. Сёння на папяровых купюрах размешчаны вядомыя будынкі і помнікі. З2016 года ў абарачэнні з’явілся і ўласныя капейкі. Нацыянальны банк выпускае таксама юбілейныя манеты з каштоўных металаў.
Цікавыя факты
* Большасць грашовых купюр свету пакрыты бактэрыямі. Даследчыкі Оксфардскага ўніверсітэта пратэсціравалі некалькі ўзораў валют на прадмет наяўнасці мікробаў і высветлілі, што самай забруджанай бактэрыямі купюрай з’яўляецца 100 юаняў — на ёй было выяўлена больш за 180 000 бактэрый.
* Банкнота прыходзіць у непрыдатнасць пасля таго, як яе выкарыстоўваюць 30-50 тысяч чалавек. Важна адзначыць, што чым меншы намінал банкноты, тым хутчэй яна зношваецца.
* Фунт стэрлінгаў — адна з найстарэйшых валют у свеце, якая выкарыстоўваецца да гэтага часу. Брытанская валюта была ўведзена ў VIII стагоддзі.
* У 1966 годзе быў запатэнтаваны першы банкамат. Шатландскі інжынер Джэймс Гудфелаў вынайшаў ПІН-код для ідэнтыфікацыі кліентаў. Першапачаткова код складаўся з шасці лічбаў, але жонка вынаходніка магла запомніць толькі чатыры, таму Гудфелаў вымушаны быў яго скараціць.
* Мільён амерыканскіх долараў банкнотамі наміналам 100 долараў важыць больш за 10 кілаграмаў.