Top.Mail.Ru
292

15 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень Белай палкі — сімвала невідушчага чалавека

Міжнародны дзень Белай палкі быў афіцыйна зацверджаны 15 кастрычніка 1970 года па ініцыятыве Міжнароднай федэрацыі сляпых.

Аднак яго гісторыя пачалася амаль на паўстагоддзя раней, у 1921 годзе, у брытанскім Брыстолі. Малады фатограф Джэймс Бігс, які страціў зрок у выніку няшчаснага выпадку, сутыкнуўся з праблемай: яго чорная палка, што дапамагала яму арыентавацца ў горадзе, заставалася практычна нябачнай для мінакоў і вадзіцеляў. Рашэнне аказалася простым і дзейсным — ён пафарбаваў палку ў белы колер. Новаўвядзенне хутка падхапілі невідушчыя па ўсім свеце.

Сёння белая палка працягвае служыць «вачамі» сляпога чалавека. Гук ад яе ўдару аб тратуар дазваляе пачуць навакольную прастору і выявіць як высокія перашкоды — дамы, дрэвы, слупы, прыпаркаваныя машыны, — так і вызначыць нізкія — бардзюры, прыступкі, люкі ці ямы. З іншага боку, палка — гэта апазнавальны знак, маўклівы сігнал для грамадства, які паведамляе аб тым, што чалавек мае патрэбу ў асаблівай увазе і дапамозе, нягледзячы на тое, што на змену класічным мадэлям і прыходзяць высокатэхналагічныя прылады, абсталяваныя мініяцюрнымі ўльтрагукавымі санарамі для «абмацвання» аддаленых прадметаў і ўбудаваныя GPS-навігатарамі.

Галоўная мэта Міжнароднага дня Белай палкі — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем невідушчых людзей. Па даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у нашай краіне пражывае больш за 27 тысяч людзей з парушэннямі зроку, якія маюць інваліднасць, з іх 1,7 тысячы — дзеці-інваліды. Дзяржава гарантуе ім комплексную сацыяльную падтрымку. Гэта не толькі грашовыя выплаты, пенсіі, але і льготы і гарантыі, і, што асабліва важна, тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі. Яна, у сваю чаргу, будуецца з улікам індывідуальных запатрабаванняў. 

Так, у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання невідушчых навучаюць арыентаванню ў прасторы, самаабслугоўванню і вядзенню хатняй гаспадаркі. Інваліды па зроку забяспечваюцца тыфлатэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі: гэта і самі арыенціровачныя палкі, і дыктафоны, смартфоны з маўленчым сінтэзатарам і навігацыяй, і спецыяльныя гадзіннікі, танометры і глюкометры з галасавым суправаджэннем. Гэтыя і іншыя сродкі даюцца бясплатна або на льготных умовах з аплатай толькі часткі кошту: 10, 20, 25 або 50 %. 

Акрамя таго, прадугледжана выплата кампенсацыі. Напрыклад, у 2025 годзе яе памер за самастойна набыты плэер або смартфон можа складаць ад 33 да 307 рублёў. Як зазначае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, толькі за першае паўгоддзе па такую кампенсацыю звярнуліся 49 чалавек, а агульная сума выплат склала каля 9 тысяч рублёў.

Аміна Назарава

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю