Уявіце толькі — сто восем гадоў, трыццаць тысяч пяцьсот сорак нумароў. Лічбы ўражваюць, праўда?
А для нас, сённяшніх звяздоўцаў, гэтыя лічбы — і гонар, і вялікая адказнасць. Найперш перад вамі, шаноўныя чытачы. І перад папярэднікамі — вельмі хочацца быць не горшымі, не апусціць паднятую імі планку адданасці сваёй справе, служэнню людзям і Радзіме. А паднялі яны яе ў свой час вельмі высока. Калі, рызыкуючы жыццём — а нярэдка і аддаючы яго, — выдавалі «Звязду» ў акупаваным фашыстамі Мінску, даючы людзям надзею на пазбаўленне ад страшнай навалы. Калі ў зямлянках сярод балот на партызанскім востраве Зыслаў, халодныя, галодныя, хворыя на тыф, набіралі гранкі, друкавалі газету на шпалерах. Калі ў пасляваенным Мінску днём пісалі рэпартажы і карэспандэнцыі, а ноччу разам з гараджанамі разбіралі руіны. Калі начавалі разам з меліяратарамі ў палатках. Калі разам з ліквідатарамі працавалі ў трыццацікіламетровай зоне чарнобыльскай аварыі...
Мы стараемся сёння быць вартымі іх. З улікам новых рэалій, сучасных тэхналогій імкнёмся рабіць патрэбную, цікавую газету. Дзякуй вам, дарагія чытачы, што вы застаяцеся з намі. «Звязда» ж з вамі і з нашай любімай краінай будзе і надалей, як і папярэднія 108 гадоў. У гэтым можаце нават не сумнявацца.