Верхнядзвінскім раённым аддзелам Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы аб незаконнай здабычы рыбы — мужчына сеткамі вылавіў больш за 200 асобін. Пра гэта паведамляе БелТА.
Па даных следства, 21 мая 60-гадовы жыхар Верхнядзвінскага раёна з лодкі свайго знаёмага ўстанавіў 10 рыбалоўных сетак на возеры Лісна. На наступны дзень мужчына дастаў сеткі з рыбай, але на беразе яго чакалі супрацоўнікі аховы жывёльнага і расліннага свету, якія выклікалі на месца здарэння следча-аператыўную групу.
Устаноўлена, што мясцовы жыхар незаконна здабыў 207 асобін рыбы, сярод якіх: лешч, шчупак, язь, карась, судак, акунь, лінь і краснапёрка. Шкода навакольнаму асяроддзю склала Br79 тыс.
Следчыя дапыталі абвінавачанага і сведак. Канфіскавалі, агледзелі і прызналі рэчавымі доказамі лодку, рыбалоўныя сеткі і рыбу ў палімерных мяшках. Вывучаны і далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы відэазапісы, на якіх зафіксаваныя абставіны здзяйснення злачынства. На маёмасць абвінавачанага накладзены арышт.
60-гадоваму мужчыну прад’яўлена абвінавачванне па ч.4 арт. 281 (незаконная здабыча рыбы, якая пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Раней да крымінальнай адказнасці мужчына не прыцягваўся. Расследаванне крымінальнай справы завершана, матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
Следчыя нагадваюць, што лоўля рыбы з судоў у цёмны час сутак і забароненымі прыладамі лоўлі прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў са штрафам.