Наша краіна актыўна ўключылася ў працу вясновай сесіі Міжпарламенцкай асамблеі СНД, мерапрыемствы якой праходзяць 21 і 22 мая ў Таўрычаскім палацы — штаб-кватэры арганізацыі. Па сутнасці, гэта адна з самых насычаных пляцовак міждзяржаўнага дыялогу ў рэгіёне. Парламенцкую дэлегацыю нашай краіны ўзначаліць Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Беларусь і Расія ўмацоўваюць абаронны патэнцыял на фоне ваенна-палітычнай сітуацыі на Захадзе
Такім меркаваннем падзяліўся старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік падчас пасяджэння пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай асамблеі СНД па палітычных пытаннях і міжнародным супрацоўніцтве, якое праходзіць у Таўрычаскім палацы ў Санкт-Пецярбургу.

— Думаю, ні ў кога няма сумненняў у тым, што нестабільная геапалітычная сітуацыя ў свеце, крызіс міжнародных адносін негатыўна адбіваюцца на міжнароднай і рэгіянальнай бяспецы. Назіраецца відавочная тэндэнцыя пагаршэння ваенна-палітычнай сітуацыі на заходніх граніцах Саюза Беларусі і Расіі, што звязана з агульным курсам палітычных элітаў асобных краін Захаду і Паўночнаатлантычнага блока (НАТА) на падрыхтоўку да вайны з нібыта ўяўнай пагрозай з Усходу, — сказаў Сяргей Алейнік.
Парламентарый звярнуў увагу на мілітарызацыю эканомік, павелічэнне ваенных бюджэтаў, размяшчэнне натаўскіх кантынгентаў і правядзенне маштабных вучэнняў каля граніц Саюзнай дзяржавы. Ён адзначыў, што сукупныя вайсковыя выдаткі краін-членаў альянсу даўно перавалілі за трыльён долараў ЗША. У 2025 годзе сукупныя вайсковыя выдаткі Польшчы, Літвы і Латвіі перавысілі 52 мільярдаў еўра, што ў 25 разоў больш, чым выдаткі Беларусі на абарону.
— Усё гэта не можа заставацца па-за ўвагай, і нашы краіны аналізуюць сітуацыю і прымаюць вычарпальныя меры для ўмацавання абароннага патэнцыялу. У іх ліку — размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі і ракетнага комплексу «Арэшнік», — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі.
Ён падкрэсліў, што гэтыя крокі з’яўляюцца выключна ахоўнай мерай, прадугледжанай у тым ліку беларуска-расійскім Дагаворам аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы.
— Але ў адрозненне ад заходніх партнёраў Беларусь і Расія дэманструюць стрыманасць і гатоўнасць да сумеснага пошуку рашэнняў, якія маглі б спрыяць паступоваму аднаўленню дыялогу, зніжэнню канфрантацыі і выпрацоўцы рашэнняў па фарміраванні сістэмы рэгіянальнай бяспекі, заснаванай на прынцыпе яе непадзельнасці як ключавым фактары жыццяздольнасці і даўгавечнасці гэтай сістэмы, — паведаміў Сяргей Алейнік.
Старшыня Пастаяннай камісіі адзначыў, што паколькі Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) фактычна распісалася ў сваёй прафнепрыдатнасці ў пошуку развязак канфліктаў, Беларусь ініцыявала ў перыяд старшынства ў АДКБ у 2023 годзе правядзенне Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. На гэтай пляцоўцы ўжо на працягу трох гадоў ідзе пошук рашэнняў, закліканых спрыяць стварэнню эфектыўных механізмаў забеспячэння бяспекі ў Еўразіі.
— Менавіта ў Еўразіі глыбей разумеюць прынцыпы справядлівасці і раўнапраўя, у поўнай меры ўсведамляюць важнасць прынцыпу непадзельнасці бяспекі, з вялікай павагай ставяцца да міжнароднага права, да нацыянальных, рэлігійных і культурных асаблівасцяў адзін аднаго, — заўважыў парламентарый.
Сяргей Алейнік указаў, што менавіта таму беларускім бокам быў запушчаны працэс абмеркавання перспектыў пабудовы архітэктуры Еўразійскай бяспекі. Сёлета плануецца правесці ўжо чацвёртую Мінскую канферэнцыю, і Беларусь разлічвае на ўдзел яшчэ большай колькасці краін Еўразіі.
Гаворачы аб ініцыятыве па распрацоўцы Еўразійскай Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, парламентарый падкрэсліў, што ідэя Хартыі не ўзятая «са столі», а з’яўляецца адным з практычных элементаў ініцыятывы прызнання шляхоў прагрэсіўнага развіцця ў якасці каштоўнасці чалавечай цывілізацыі, вылучанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам на саміце ААН 2005 года.
—Ініцыятыва нацэлена на пабудову справядлівага парадку ў Еўразіі, заснаванага на прынцыпах непадзельнай бяспекі, раўнапраўя, узаемнай павагі і супрацоўніцтва. У Хартыі маглі б быць сфармуляваны параметры і прынцыпы функцыянавання архітэктуры бяспекі на еўразійскай прасторы, а таксама стратэгічнае бачанне шматпалярнасці абноўленай сістэмы міжнародных адносін, — дадаў Сяргей Алейнік.
На палях МПА СНД абмяркоўваецца ідэя стварэння адзінай і непадзельнай Еўразійскай бяспекі. У чым сутнасць?
Ідэя фарміравання адзінай і непадзельнай Еўразійскай бяспекі заключаецца ў тым, каб улічваць інтарэсы ўсіх дзяржаў Еўразіі без выключэння. Пра гэта намеснік старшыні Савета Федэрацыі Канстанцін Касачоў заявіў журналістам на палях вясновай сесіі МПА СНД, якая праходзіць у Санкт-Пецярбургу. Ён адзначыў:

— Сітуацыя ў свеце патрабуе павышанай увагі парламенцкай супольнасці. Цэнтральнай тэмай пасяджэння Камісіі па палітычных пытаннях і міжнародным супрацоўніцтве стала абмеркаванне перспектыў фарміравання адзінай і непадзельнай Еўразійскай бяспекі. Першапачаткова арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) задумвалася як пляцоўка, на якой будуць прадстаўлены розныя пазіцыі, і гэтыя пазіцыі будуць сумяшчацца. Але АБСЕ даказала сваю безгрунтоўнасць, калі група заходніх дзяржаў стала навязваць свой «адзіна правільны» пункт гледжання ўсім астатнім.
Тым самым, з яго слоў, ідэя агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва пацярпела радыкальна:
— Наша ідэя заключаецца ў тым, каб на еўразійскай прасторы сфарміраваць контуры архітэктуры новай бяспекі, якая будзе ўлічваць інтарэсы ўсіх дзяржаў Еўразіі, уключаючы заходнія дзяржавы. Без манаполіі нейкай групы краін.
Канстанцін Касачоў таксама адзначыў, што ў Беларусі пачынаючы з 2023 года штогод праходзіць Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы высокага ўзроўню:
— Летась у трэцяй канферэнцыі прымалі ўдзел 48 дзяржаў. Чарговая чацвёртая адбудзецца ў кастрычніку гэтага года. І мы, парламентарыі, будзем старацца фарміраваць уласную парламенцкую пляцоўку для абмеркавання праблем Еўразійскай бяспекі. У нас ёсць на гэты конт цалкам канкрэтныя прапановы. Напрыклад, аб правядзенні канферэнцыі спікераў парламентаў дзяржаў Еўразіі. Магчыма, яна адбудзецца ўжо ў наступным годзе. Абмеркаванне гэтай ідэі адбылося сёння ў рамках Камісіі, і мы шчыра рады таму, што калегі нас падтрымліваюць.
Па словах віцэ-спікера Савета Федэрацыі, Садружнасць Незалежных Дзяржаў і Міжпарламенцкая асамблея дзяржаў — удзельніц СНД адрозніваюцца ад таго, што адбываецца на еўрапейскай прасторы:
— Тут ніхто нікому нічога не навязвае. Тут няма прынцыпу аднагалоснасці і прынцыпу аднадумства. У гэтым наша сіла. Кожная дзяржава, кожны нацыянальны Парламент мае права на свой уласны пункт гледжання, і ўсе яны абавязкова ўлічваюцца.
Расійскі сенатар: у 2026 годзе ў праекце «Цягнік Памяці» паўдзельнічаюць маладыя людзі з ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі
Віцэ-спікер Савета Федэрацыі адзначыў, што сёлета праекту «Цягнік Памяці» спаўняецца ўжо 5 гадоў. І, паводле яго слоў, кожны год праект становіцца больш маштабным:

— Пастаянным застаецца толькі старт праекта — у ноч на 22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці, а таксама тэрыторыі дзяржаў, на якіх праект рэалізуецца. У астатнім кожны раз усё па-новаму: маршруты, склад удзельнікаў. У першым годзе былі прадстаўнікі толькі Расіі і Беларусі, на другі год — прадстаўнікі ЕАЭС, на трэці год — прастора СНД, на чацвёрты год — увесь былы Савецкі Саюз.
Па словах Канстанціна Касачова, у гэтым годзе арганізатары праекта выступілі з ініцыятывай дадаць у склад удзельнікаў маладых людзей з дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі.
— У «Цягніку памяці» паедуць маладыя людзі з ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. У агульнай складанасці ў праекце прымуць удзел прадстаўнікі каля 20 дзяржаў. Гэта тыя краіны, якія разграмілі гітлераўскі нацызм у Другой сусветнай вайне. І мы, нашчадкі пераможцаў, не маем права забываць, што ў кожнай з тагачасных краін, у кожнага з тагачасных народаў ёсць свой гонар за нашу агульную Перамогу.
Віцэ-спікер Савета Федэрацыі дадаў, што праектаў па захаванні гістарычнай памяці паміж Беларуссю і Расіяй з кожным годам становіцца толькі больш:
— Беларусь — гэта краіна, якая паслядоўна дэманструе абсалютна дакладнае, паважлівае стаўленне да подзвігаў нашых продкаў, перш за ўсё ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы ведаем, што Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. Гэта абсалютна гераічны подзвіг. І мы рады таму, што цяпер узнікае ўсё больш і больш праектаў, якія дазваляюць нам разам захоўваць гістарычную памяць.
На Маладзёжнай МПА СНД дэлегацыя Беларусі прапанавала рэалізаваць праект «Народная крэпасць»
Пра гэта па выніках XXVI пасяджэння Асамблеі паведаміў журналістам кіраўнік дэлегацыі Маладзёжнай МПА СНД ад Нацыянальнага сходу Беларусі, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Аляксандр Лук’янаў.

Парадак дня пасяджэння Маладзёжнай МПА СНД уключаў ў сябе базавае пытанне аб сучасным стане дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і развіцці маладзёжнага парламентарызму. Члены дэлегацыі з Беларусі таксама падзяліліся меркаваннем аб уплыве тэхналогій штучнага інтэлекту на моладзь і іх выкарыстанні ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.
— Да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў беларускі бок прапанаваў рэалізаваць інфармацыйна-патрыятычны праект «Народная крэпасць», падчас якога дэлегаты Асамблеі раскажуць пра сваіх герояў-абаронцаў, якія першымі прынялі ўдар фашысцкай Германіі. А восенню ў сценах Брэсцкай крэпасці — адзінай у свеце цытадэлі, удастоенай ганаровага звання «Крэпасць-герой», з’явіцца профільная выстаўка ў гонар герояў шматнацыянальнага савецкага народа, ураджэнцаў краін СНД, — сказаў Аляксандр Лук’янаў.
Парламентарыямі было разгледжана пытанне аб стварэнні ўмоў для развіцця спартыўнай дыпламатыі як інструмента міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва ў дзяржавах СНД.
Беларускім бокам унесены прапановы для ўліку ў праекце рэкамендацый па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства дзяржаў-удзельніц СНД у пытаннях дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.
На пасяджэнні адзначаны роля і значнасць міжнародных стажыровак па лініі прафсаюзных арганізацый у фарміраванні кадравага патэнцыялу моладзі дзяржаў СНД.
Наталля Качанава на сустрэчы з калегай з Туркменістана: пытанні дэмаграфічнай бяспекі — ключавыя для кожнай краіны
Такім меркаваннем падзялілася Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на сустрэчы са Старшынёй Меджліса Туркменістана Дуньягазель Гулманавай, якая прайшла ў Санкт-Пецярбургу на палях Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД.

Наталля Качанава адзначыла, што Туркменістан з’яўляецца брацкай, сяброўскай для Беларусі краінай. Добрыя адносіны — у вышэйшай ступені заслуга лідараў дзвюх краін, падкрэсліла спікер.
Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на плённае супрацоўніцтва па міжпарламенцкай лініі, дадаўшы, што ў парламентах Беларусі і Туркменістана сфарміраваны групы дружбы.
У адрас старшыні Меджліса Туркменістана прагучала запрашэнне наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. Наталля Качанава таксама адзначыла, што беларускі бок паспрабуе прыняць удзел у шэрагу міжнародных мерапрыемстваў, якія плануецца правесці ў Туркменістане. Пры гэтым асаблівая ўвага была звернута на міжнародную канферэнцыю па пытаннях дэмаграфіі, якая пройдзе ў пачатку кастрычніка.
Наталля Качанава паведаміла, што ў Беларусі ў кастрычніку таксама адбудзецца форум «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава», які сёлета стане міжнародным. І запрасіла туркменскую калегу прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Спікер заўважыла, што пытанні сямейных каштоўнасцяў, дэмаграфічнай бяспекі, здароўя — ключавыя для кожнай краіны, яны хвалююць усе дзяржавы.
Старшыня Савета Рэспублікі таксама выказала словы падзякі за ўдзел туркменскіх дзяцей у мерапрыемствах, якія праходзяць у Беларусі. У прыватнасці, вылучыла такую ініцыятыву, як культурна-адукацыйны праект «Цягнік памяці».
Дуньягазель Гулманава адзначыла, што ў Туркменістане надаецца асаблівае значэнне ўмацаванню міждзяржаўнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Яна выказала ўпэўненасць, што дружалюбныя адносіны, наладжаныя паміж краінамі, будуць эфектыўна працягнутыя ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
Што абмеркавалі на сесіі
Фінальным акордам першага дня стала пасяджэнне Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД (МПА СНД). Удзел у пасяджэнні прынялі кіраўнікі дэлегацый краін Садружнасці:
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава, Старшыня Мілі Меджліса Азербайджана Сагіба Гафарава, Старшыня Сената Парламента Казахстана Маулен Ашымбаеў, Старшыня Жагорку Кенеша Кіргізіі Марлен Маматаліеў, Старшыня Маджлісі намаяндагон Маджлісі Олі Рэспублікі Таджыкістан Файзалі Ідызода, Старшыня Сената Олій Мажліса Узбекістана Танзіла Нарбаева, Старшыня Меджліса Туркменістана Дуньягозель Гулманава, намеснік Старшыні Нацыянальнага Сходу Арменіі Акоб Аршакян.

Старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка падзякавала кіраўнікам дэлегацый за асабісты ўдзел у насычанай сумеснай працы ў перыяд сесіі. Спікер Савета Федэрацыі акцэнтавала ўвагу на паспяховым правядзенні ў мінулым годзе мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі.
— У нашых краінах памяць аб Вялікай Перамозе, памяць аб вялікіх ахвярах і вялікім подзвігу — гэта не толькі мерапрыемствы і падзеі, звязаныя са значнымі датамі, гэта сістэмная пастаянная работа. Заўтра на пленарным пасяджэнні мы працягнем размову аб ролі народаў Савецкага Саюза ў дасягненні Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў, — адзначыла Валянціна Мацвіенка.
Адным з пытанняў парадку дня стала тэма назірання за выбарамі ў краінах Садружнасці. Аб удзеле міжнародных назіральнікаў ад Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у маніторынгу датэрміновых выбараў дэпутатаў Жагорку Кенеша Кіргізскай Рэспублікі, а таксама правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па прыняцці новай Канстытуцыі Рэспублікі Казахстан.
Генеральны сакратар Савета МПА СНД Дзмітрый Кабіцкі паведаміў аб падрыхтоўцы да назірання за выбарамі ў Нацыянальны сход Рэспублікі Арменія. Дзмітрый Кабіцкі таксама праінфармаваў аб выніках дзейнасці МПА СНД у 2025 годзе, выкананні плана мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі, і аб праекце перспектыўнага плана мадэльнай заканатворчасці ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў на 2026-2028 гады.
Асаблівая ўвага ў парадку дня Савета была ўдзелена заснаванню знакаў Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аб ганаровым знаку МПА СНД «За заслугі ў развіцці навукі і адукацыі» паведаміла старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Лілія Гумерава. Сенатар адзначыла, што прадугледжваецца магчымасць узнагароджання маладых навукоўцаў, аспірантаў, спецыялістаў, якія дабіліся значных поспехаў у навукова-даследчай дзейнасці, незалежна ад стажу.
Савет МПА СНД зацвердзіў ганаровы знак «За заслугі ў развіцці аховы здароўя» і памятны знак «МПА СНД. 35 гадоў», а таксама заснаваў прэмію МПА СНД імя Людмілы Вярбіцкай за ўклад у развіццё і распаўсюджванне рускай мовы. Гаворка ішла і аб прысуджэнні прэміі імя Чынгіза Айтматава ў 2026 годзе народнаму пісьменніку і заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь Мікалаю Чаргінцу.
Старшыня экспертнага савета па экалогіі і прыродакарыстанню пры МПА СНД, віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук Сцяпан Калмыкоў паведаміў аб дзейнасці Савета з 2022 года. Таксама Савет Міжпарламенцкай Асамблеі зноў зацвердзіў Сцяпана Калмыкована на пасаду кіраўніка экспертнага савета на наступныя 3 гады. У ходзе пасяджэння зацверджаны старшыні пастаянных камісій МПА СНД.
Удзельнікі пасяджэння Савета МПА СНД дамовіліся, што восеньская сесія Асамблеі пройдзе ў Ашхабадзе. Туркменістан старшынствуе ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2026 годзе.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА і Савета Рэспублікі