Ужо 20 верасня старажытны горад, які набыў за апошні год новае аблічча, прыме фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі Мінскай вобласці — «Дажынкі».
Цяпер у горадзе кіпіць праца над падрыхтоўкай усіх пляцовак святкавання. На абноўленай гарадской плошчы на днях ўзводзіцца новая сцэна, на якой і пройдзе віншаванне герояў жніва і святочны канцэрт.
А алтаршчык Іван са Свята-Праабражэнскага сабора, ля падножжа якога адбудзецца фестываль духавой музыкі, азнаёміў расійскіх турыстаў з храмам, а асабліва смелых завёў на высокую званніцу, з якой адкрыўся пейзаж пляцоўкі будучага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі.
А пачнецца свята працаўнікоў вёскі ў 11.00, калі госці фестывалю змогуць наведаць тэматычныя пляцоўкі ў Маладзёжным парку, дзіцячым парку культуры і адпачынку, па вуліцах Савецкай, Вялікай і Замкавай.
У 12.00 стартуе фестываль гістарычнай рэканструкцыі, які разгорнецца на стадыёне школы № 1.
Таксама з 12.00 да 18.00 на пляцоўцы каля Свята-Праабражэнскага сабора пройдзе фестываль духоўнай музыкі з удзелам мужчынскага хору «Усясвяцкі» і заслужанага калектыву Беларусі «Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь». У гэты ж час каля этнаграфічнага комплексу гісторыка-культурнага музея-запаведніка будзе працаваць «Інтэрактыўная беларуская хатка».
У рамках фестывалю-кірмашу пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання найлепшых аграрыяў вобласці, якая пачнецца ў 16.00 на цэнтральнай плошчы горада. Гэта пляцоўка стане галоўнай музычнай лакацыяй, дзе выступяць зоркі беларускай і расійскай эстрады.
Віктар Драчоў
Фота аўтара