Top.Mail.Ru

Як ствараецца Belgee?

536
21.02.2025 | 13:29

З моманту, калі ў 2017 годзе з канвеера завода «БелДжы» сышоў першы аднайменны аўтамабіль, які на заводзе лічаць «сапраўды беларускім, пачынаючы з назвы і заканчваючы вытворчасцю», выбар на яго карысць у нашай краіне зрабілі больш за 70 тысяч аўтаўладальнікаў. 

У мінулым годзе прадпрыемства выпусціла больш за 91 тыс. аўтамабіляў Belgee, з якіх каля 26 тыс. былі прададзеныя ў Беларусі, і парадку 67 тыс. адправіліся ў Расію, расказала намеснік дырэктара па маркетынгу і продажах СЗАТ «Белджы» Наталля Харкова. Сёлета выпуск аўто для беларускага рынку плануецца павялічыць на 15%: усё большая колькасць аўтааматараў давяраюць брэнду Belgee.

— Значную ролю ў забеспячэнні якасці прадукцыі адыгрывае сістэмны падыход да кіравання якасцю ў працэсе вытворчасці, шматступенны кантроль на ўсіх стадыях — ад пастаўкі да фінальнай падрыхтоўкі да адгрузкі, самакантроль у цэхах, сістэма індыкатараў стану працэсаў, — тлумачыць намеснік начальніка аддзела тэхнічнага кантролю і якасці Вікторыя Корачкіна. — Збор і аналіз статыстыкі з рынку і ўзаемадзеянне са спажыўцамі дазваляюць уносіць змены ў вытворчыя працэсы, дапрацоўваць тэхналогіі.

Шлях машыны — фактычна «з нуля» і да моманту, калі кіроўцы-выпрабавальнікі паркуюць аўто на складзе гатовай прадукцыі — займае чатыры этапы: цэха зваркі, афарбоўкі, зборкі і PDI (перадпродажнай падрыхтоўкі). Практычна ўсе асноўныя працэсы на прадпрыемстве, якое сёння ўваходзіць у лік найбольш высокатэхналагічных вытворчасцяў краіны, рабатызаваныя — гэта выключае ўплыў «чалавечага фактару». 

Сёння ў завода — два напрамкі работы: інавацыйны сегмент Geely і практычныя мадэлі для сярэдняга класа Belgee. Пакуль што частка камплектуючых для «беларускага аўто» пастаўляецца з Кітая, але значная іх доля ўжо лакалізаваная. Айчыннай, а таксама расійскай вытворчасці — шыны і акумулятары, шкло, шумаізаляцыя, шэраг іншых кампанентаў. З верасня СЗАТ «Белджы» вырабляе пластмасавыя бамперы для сваіх аўто. У планах прадпрыемства — пачаць выпуск аўтакрэслаў і столяў для салона.

— Вядзецца планамерная праца па шырокім пераліку камплектуючых, — кажа Наталля Харкова. — Ацэньваецца мэтазгоднасць адкрыцця штамповачнага цэха. 

З яго з’яўленнем беларускія аўто будуць вырабляцца ў прамым сэнсе «з самага пачатку»: маторныя адсекі і аснаванні падлогі таксама пачнуць выпускацца ў нашай краіне.

Аляксандра Анцэлевіч

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю