Top.Mail.Ru

Выстава «Празрыстасць» адкрылася ў сталіцы

995
07.08.2026 | 09:49

6 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыўся выставачны праект «Празрыстасць». У экспазіцыі прадстаўлена каля сотні вырабаў з мастацкага шкла, сабраных калекцыянерам Ігарам Сурмачэўскім.

— Экспанаты, прадстаўленыя на выставе, у асноўным складаюцца з бытавых прадметаў, якія выкарыстоўваліся ў паўсядзённым жыцці: шклянак, чарак, збаноў. Але нават гэтыя ўтылітарныя прадметы не губляюцца сярод такіх жамчужын, як цырыманіяльныя куфлі і кубкі, — расказаў чытачам партала Выдавецкага дома «Звязда» куратар выставы Дзмітрый Моніч. — Безумоўна, асаблівую цікавасць уяўляе антычны бытавы посуд, створаны ў першыя стагоддзі нашай эры. Шырокі храналагічны і геаграфічны ахоп экспазіцыі дазваляе параўноўваць і бачыць паралелі ў вытворчасці розных шкляных прадпрыемстваў. 

— Шкло — адзін з самых жаданых прадметаў для калекцыянераў. Але гэты матэрыял вельмі далікатны, таму прыватных калекцый шкла не так ужо шмат. Для таго, каб не памыліцца ў атрыбуцыі месца і часу вырабу артэфакта, калекцыянер «застылай празрыстасці» павінен мець нагледжанасць і глыбокія веды па знешніх характарыстыках, тэхніка-тэхналагічных параметрах, а таксама тонка адчуваць гармонію формы вырабу з яе апрацоўкай і дэкарыраваннем, — дадаў калекцыянер Ігар Сурмачэўскі.

Выстава будзе працаваць да 20 верасня.

Віктар ІВАНЧЫКАЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю