У чацвер, 12 лютага, у Мінску адкрылася 23-я спецыялізаваная выстава для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў, выпускнікоў ВНУ, бацькоў, прадстаўнікоў бізнесу і грамадскасці. Гэта на сённяшні дзень найбуйнейшы ў краіне адукацыйны форум, які з кожным годам набывае ўсё большую вядомасць і папулярнасць.
Па нумарах школьнага транспарту можна было адсачыць геаграфію Беларусі — у Мінск прыехалі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў краіны.
За паўгадзіны пляцоўкі выставы ператварыліся ў сапраўдны мурашнік — работа кіпела на кожным стэндзе. А іх сёлета нямала — будучых абітурыентаў на сваіх стэндах чакалі прадстаўнікі 46 ВНУ і 76 каледжаў Беларусі, вядучыя прадпрыемствы галін нашай эканомікі былі прадстаўлены на 42-х стэндах. І гэта нядзіўна — як навучанне ў школе, каледжы, ВНУ, так і ўвядзенне ў будучую прафесію становіцца ўсё больш практыкаарыентаваным. Прадпрыемствы маюць патрэбу ў спецыялістах, выпускнікі ўстаноў адукацыі — у гарантаваным і стабільным працоўным месцы. Таму тэмай цяперашняй выставы і стала «Адукацыя для эканомікі будучыні».
Ва ўсе дні работы выставы галоўную пляцоўку будуць прадастаўляць для прэзентацый універсітэтаў, выступленняў агітбрыгад, паказаў адзення і розных акцый. У «Майстэрні поспеху» будуць праводзіцца майстар-класы па прамоўніцкім майстэрстве, авіямадэляванні, замежных мовах, рамёствах і кулінарыі. Для тых, хто яшчэ не вызначыўся з прафесіяй, будзе арганізавана прафарыентацыйнае тэсціраванне. А будучых абітурыентаў, заклапочаных падрыхтоўкай да цэнтралізаванага іспыту, чакае спецыяльная пляцоўка Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Усе чатыры дні тут можна будзе прайсці бліц-тэсціраванне па 14 вучэбных прадметах і ацаніць свой узровень ведаў.
Нагадаем, выстава «Адукацыя і кар’ера» працуе з 10:00 да 18:00 з 12 па 14 лютага, а ў апошні дзень, 15 лютага — з 10:00 да 16:00. Уваход на выставу вольны.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД