Вечар напярэдадні выбараў стаў па-сапраўднаму святочным для гасцей Палаца Рэспублікі, якія змаглі атрымаць асалоду ад гала-канцэрта майстроў мастацтваў і таленавітай моладзі «Мая зямля, мая Радзіма названа светла — Беларусь». Сярод запрошаных было шмат міжнародных назіральнікаў, якім гэтае шоў дапамагло бліжэй пазнаёміцца з культурай нашай краіны.
Па словах міністра культуры Руслана Чарнецкага, такія мерапрыемствы вельмі станоўча адбіваюцца на іміджы дзяржавы.
— Многія замежнікі ўпершыню ў Беларусі. Гэты велізарны канцэрт у першую чаргу быў зроблены для таго, каб іх парадаваць. Не для таго, каб перад кімсьці пакрасавацца, а для таго, каб паказаць: мы вельмі любім нашых сяброў і гасцей. Менавіта таму мы робім усё для таго, каб ім было тут добра і камфортна, — заключыў ён.
Уразіў гледачоў нумар «А можа не было вайны», падчас якога Руслан Чарнецкі выйшаў з мікрафонам з глядзельнай залы і далучыўся да іншых артыстаў на сцэне.
— Гэта была ідэя рэжысёра Ганны Маторнай, якая ставіла канцэрт. У прынцыпе гэта правільна і лагічна, бо я і міністр культуры, і артыст. Я павінен сумяшчаць гэтыя два міры, — падзяліўся ён.
Канцэрт атрымаўся грандыёзным і прадуманым да дробязяў. Не абышлося і без інтэрактываў. Так, падчас аднаго з нумароў дзяўчыны з хлебам і соллю адправіліся ў глядзельную залу частаваць гасцей. Пасля такога абыякавых не засталося ўвогуле.
Назіральнік з Арабскай Рэспублікі Егіпет Махамед Тарэк расказаў, што ніколі ў сваім жыцці яшчэ не бачыў такога цудоўнага шоу.
— На самай справе, у мяне не хапае слоў, каб перадаць свае станоўчыя эмоцыі. Сёння я размаўляў са сваімі калегамі, у прыватнасці, аб прыгажосці вашых традыцый і звычаяў. Па праўдзе сказаць, Мінск мне спадабаўся больш за іншыя еўрапейскія гарады. Ён чысты і прыгожы. Я люблю вашу сталіцу! — падзяліўся ён.
У сваю чаргу назіральнік з Рэспублікі Кенія Ледама Алекіна адзначыў важнасць таго, каб у ноч перад выбарамі людзям нагадвалі, што самае галоўнае — іх краіна.
— Гэтае мерапрыемства прадэманстравала яднанне, а таксама гнуткасць і мэтанакіраванасць беларускага кіраўніцтва ў аб’яднанні людзей, — заключыў ён.
Цікава было паслухаць і меркаванне назіральніка ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў Руслана Смашнёва са Смаленскай вобласці, які таксама з’яўляецца членам Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі.
— Мы прымежныя рэгіёны, таму агульная гісторыя дае аб сабе ведаць. З аднаго боку, ты знаходзішся ў іншай дзяржаве, а з другога — адчуваеш сябе як дома. Таму многія канцэртныя нумары знаходзілі ў нас жывы водгук, — падзяліўся ён. — Год таму ў нашай краіне таксама праходзілі выбары Прэзідэнта. І вось адчуванні шмат у чым падобныя. То бок, акрамя таго, што выбары — гэта сапраўды вельмі сур’ёзнае дзяржаўнае мерапрыемства, не варта забываць, што гэта і свята ў тым ліку.
Прыемным падарункам для гасцей Палаца Рэспублікі акрамя канцэртнай праграмы стаў і выставачны праект аб выбарах у нашай краіне, якую падрыхтаваў Нацыянальны гістарычны музей Беларусі сумена з Цэнтрвыбаркамам. Паводле слоў дырэктара музея Аляксандра Храмога, ў экспазіцыі сабрана больш за 300 экспанатаў, якія ў храналагічным парадку ад сярэдневечча да сённяшняга дня паказваюць, як праходзілі выбары на тэрыторыі Беларусі.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара