Top.Mail.Ru

У сталіцы завяршыла работу XXХII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

485
17.03.2025 | 09:06

У Мінску 16 сакавіка завяршыла работу XXХII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Карэспандэнты «Звязды» даведаліся падрабязнасці.

За пяць дзён у «БелЭКСПА» прайшла вялікая колькасць мерапрыемстваў. Пра гэта падчас цырымоніі закрыцця паведаміў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі: «За ўсе дні правядзення нашага кніжнага фестывалю на пляцоўцы прайшло 239 мерапрыемстваў. Але, напэўна, самы вялікі рэкорд — прызнанне чытачоў, людзей, якія прыйшлі на выстаўку і працягваюць ісці. 76 тыс. наведвальнікаў на гэтую хвіліну — гэта абсалютны рэкорд выстаўкі», — расказаў ён.

З 12 па 16 сакавіка каля 20 краін прэзентавалі ў беларускай сталіцы лепшую нацыянальную літаратуру. Падчас кніжнага форуму тры беларускія выдавецтвы — «Звязда», «Мастацкая літаратура» і «Беларусь» — правялі конкурс сярод пакупнікоў. Імёны пераможцаў агучылі падчас цырымоніі закрыцця.

Прадстаўнікі выдавецтваў даставалі па адным чэку з лататрона. Прыз ад выдавецкага дома «Звязда» атрымала Яўгенія Ільюк, ад выдавецтва «Мастацкая літаратура» — Чэнь Сеньхуэй, ад выдавецтва «Беларусь» — Анастасія. Электрасамакат — галоўны прыз — выйграла мінчанка Жанна Сідарэнка. Пра перамогу яна даведалася па тэлефоне ад вядучага. У розыгрышы, паводле слоў жанчыны, ёй пашанцавала ўпершыню ў жыцці, таму, калі пачула, што атрымала такі каштоўны падарунак, вельмі ўзрадавалася.

Намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп заўважыў, што пяць дзён праляцелі як адно імгненне: «Калі такое цудоўнае мерапрыемства падыходзіць да завяршэння, хочацца, каб яно працягвалася. З намі на памяць аб сёлетнім кірмашы засталіся кнігі. Хачу падзякаваць усіх тых, хто прыняў удзел у выстаўцы. Мы, супрацоўнікі выдавецтваў, натхніліся да наступнага года, сустрэчы з чытачамі для пісьменнікаў — святое», — звярнуўся да прысутных Віктар Анатольевіч.

Загадчыца аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская адзначыла, што, напэўна, ніводны чалавек не сышоў з выстаўкі-кірмашу без кнігі, і выказала ўпэўненасць у тым, што ў наступным годзе яна будзе яшчэ больш маштабнай.

Старшыня савета арганізатараў кніжных выстаў і кірмашоў, якія праводзяцца ў дзяржавах СНД, выканаўчы дырэктар Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, генеральны дырэктар ПК ТАА «Макбел» Дзмітрый Макараў расказаў, што многіх сёлета ўразіла арганізацыя: «У 32-гі раз на гэтай сцэне я закрываю выстаўку-кірмаш. Мы падвялі вынікі анкетавання — наведвальнікі выказвалі словы падзякі за арганізацыю. Усім вельмі спадабалася, што кожны дзень быў прысвечаны асобнай дзяржаве. Такое ў нас у першы раз. Таксама людзі просяць яшчэ адзін дадатковы дзень, каб выстаўка адкрывалася ў аўторак. Падумаем над гэтым!», — сказаў выступоўца.

Час праляцеў хутка. Чакаем сустрэчы ў Мінску з новымі ідэямі, аўтарамі і выданнямі ў наступным годзе.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю